1 сакавіка ў галерэі "Лабірынт" ладзілася адкрыццё выстаўкі "Патрыярх беларускай сатыры", прымеркаванай да 115-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы (1896–1991).
Арганізатары мерапрыемства – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Літаратурна-дакументальная выстаўка "Патрыярх беларускай сатыры" раскрывае шматграннасць сатырычнага таленту класіка беларускай літаратуры, паэта-сатырыка, празаіка, драматурга, навукоўца-лінгвіста, аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў нацыянальнай культуры – Кандрата Крапівы.
На выстаўцы экспануюцца каштоўныя матэрыялы з архіва пісьменніка, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: рукапісы, лісты, фатаграфіі розных гадоў, дакументы, сувеніры, асабістыя рэчы, кнігі.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла выстаўку-прагляд твораў і дакументаў Кандрата Крапівы са сваіх фондаў.
Адкрылі выстаўку дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел родныя пісьменніка, даследчыкі і аматары творчасці Кандрата Крапівы, яго сябры і знаёмыя.
Выстаўка будзе доўжыцца да 1 траўня ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.