ГалоўнаяНавіныКніжныя выстаўкі
Паэзія родных прастораў
За мяжой рэальнага

Чараўнік з краіны маленства

Чараўнік з краіны маленства
Іншыя навіны

З 16 мая па 16 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (3-ці паверх, кальцавы калідор) праходзіць выстаўка “Чараўнік з краіны маленства”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра (1883–1971).


Янка Маўр (Іван Міхайлавіч Фёдараў) з’яўляецца адным з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), заслужаным дзеячам культуры Беларусі. Пісьменнік не толькі ўзбагаціў беларускую дзіцячую літаратуру новымі тэмамі, своеасаблівымі жанрамі, але і пашырыў яе абсягі, далучыў да агульных кантактаў з сусветнай дзіцячай літаратурай.

Да 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай дзіцячай літаратуры Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры падрыхтавала кніжную выстаўку “Чараўнік з краіны маленства”. Экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў і змяшчае шэраг матэрыялаў пра жыццё і творчасць таленавітага беларускага пісьменніка, знаёміць з яго творамі гістарычнай, ваеннай, прыгодніцкай і фантастычнай тэматыкі.

Раздзел “Капітан нашых падарожжаў” уключае зборы твораў, выбраныя творы, зборнікі, асноўныя творы пісьменніка і пераклады. Першай кнігай Янкі Маўра стала аповесць “Чалавек ідзе” (1927). Потым былі кнігі “У краіне райскай птушкі” (1927), “Сын вады” (1928), “Амок” (1929), “Палескія рабінзоны” (1930), “ТВТ” (1934), “Слёзы Тубі” (1935), “Вакол свету” (1947), “Шлях з цемры” (1948), “Апавяданні і аповесці” (1969). Творы Янкі Маўра перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую мовы, выдаваліся ў Чэхаславакіі, Амерыцы, Англіі.

У раздзеле “Янка Маўр. Рамантык. Падарожнік. Педагог” прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры: рукапісы “У майстэрні”, “Чаму навучыла мяне крытыка” (1950), машынапісныя тэксты “Как создавалась книга”, “Ніколі не забудзем” (1948), нататкі, фотаздымкі розных гадоў, кнігі з дароўнымі надпісамі Янку Маўру. Прыцягваюць увагу асабістыя рэчы пісьменніка, яго пісьмовыя прыборы, скрынка з інструментамі, а таксама партфель з дароўным надпісам самому сабе “Паважанаму Янку Маўру на памяць пра яго 20-гадовую бескарыслівую літаратурную дзейнасць ад І.М. Фёдарава. 1946”.

Раздзел “Мудрэц з душою хлапчука” прысвечаны жыццёваму шляху пісьменніка багатай фантазіі, які ніколі не быў за мяжою, але дакладна перадаваў у сваіх творах экзатычнасць прыроды і жыццё іншаземных народаў. Ён выдатна валодаў міжнароднай мовай эсперанта і вёў актыўную перапіску з настаўнікамі многіх краін: Англіі, Новай Зеландыі, Інданезіі, Амерыкі і інш.

З 1993 г. прысуджаецца Літаратурная прэмія імя Я. Маўра за лепшыя творы для дзяцей. Надзвычай высока цанілі талент пісьменніка, яго заслугі перад роднай культурай і літаратурай Янка Купала, Іван Мележ, Міхась Лынькоў. Імя Янкі Маўра носяць сёння дзіцячы філіял Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, школа Барысаўскага раёна, а таксама адна з вуліц Мінска.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 29 80.

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам