ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Навучым шукаць інфармацыю
Шлях у легендарнасць

Ідэальная будучыня ў аповесці братоў Стругацкіх “Понедельник начинается в субботу”

Ідэальная будучыня ў аповесці братоў Стругацкіх “Понедельник начинается в субботу”
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Фантастычная аповесць братоў Стругацкіх, мабыць, адно з самых адметных літаратурных увасабленняў навуковай утопіі 1960-х. Тут вам і перамога навукі (або, у гэтым канкрэтным выпадку, магіі), і змаганне за высокія паказчыкі і супраць прыстасаванцаў ды бюракратаў. Гумарыстычны твор з элементамі сатыры, высмейваючы заганы грамадства, актуалізуючы і ператрактоўваючы фальклорныя элементы, скіраваны ўсё-такі ў будучыню.

Наколькі ж яна светлая паводле Стругацкіх – давайце разбірацца.

Аповесць з фразай-дэвізам працаголікаў, вынесенай у назву, была напісана ў 1965 годзе і ўваходзіць у так званы “прывалаўскі” цыкл творчасці братоў Стругацкіх. У гэты ж цыкл уваходзіць таксама і больш позняя “Сказка о Тройке” (1968), і аб’ядноўвае гэтыя творы не толькі агульны герой-апавядальнік, але і дамінаванне камічнага кампанента. Увогуле, у шматлікіх творах Стругацкіх можна сустрэць і мяккі гумар, і іронію, і сатыру, але менавіта “прывалаўскі” цыкл адметны тым, што камічнае ў гэтых творах выводзіцца на першы план, становіцца асноўным аўтарскім прыёмам для апісання рэчаіснасці.

Уласна, у “Панядзелку” сыходзяцца тры сферы. Першая – гэта рэальнасць, сучасная аўтарам. Аляксандр Прывалаў жыве ў абсалютна рэальных савецкіх шасцідзясятых, дзе можна атрымаць пляму на джынсы, дзе па вуліцах соннага правінцыйнага гарадка поўзаюць “МАЗы”, а ў гатэлях няма вольных месцаў. Але гэтая “асфальтаваная” чысценькая рэальнасць самым нечаканых чынам перасякаецца з другою сферай – сферай казачнага. Прывалаў трапляе на вуліцу Лукамор’е ў хатку на курыных ножках (філіял музея), прычым ягоная хатняя гаспадыня, нечакана, Наіна Кіеўна Гарыныч, па ўсіх знешніх прыкметах – Баба-Яга. Па падворку ходзіць (і расказвае казкі) вучоны кот, што пакутуе на склероз, у калодзежы жыве гаваркая шчука, а ў галінах дуба гушкаецца русалка.

Само па сабе такое перасячэнне рэальнага і нерэальнага дае эфект нечаканасці для чытача, прывязвае ўвагу. Але гульня з тэкстам працягваецца ў трэцяй сферы, якая працуе дзякуючы ўзаемадзеянню першых дзвюх, – сферы камічнага. Прычым камічнае ў тэксце часта актывізуецца за кошт цытацыі, прамой ці ўскоснай. Аўтары могуць пераносіць вядомых персанажаў (тую ж Бабу Ягу або Кашчэя) у тыповую савецкую рэчаіснасць, могуць адметным вобразам уключаць у мастацкі свет твора гістарычных асоб (напрыклад, алхіміка Бен Бецалеля або графа Каліостра). Камізм дасягаецца таксама і дзякуючы эфекту нечаканасці: фактычна, перад намі звычайны, так бы мовіць, сярэдні чалавек, які выпадкова трапляе ў дзіўную сітуацыю. “Я-аповед” у тэксце дапамагае глядзець на ўсё, што адбываецца вачыма назіральніка, быццам непасрэдна ўдзельнічаючы ў сюжэце. Таму чытачу проста асацыяваць сябе з мясцовай “Алісай у Краіне Цудаў” – Прывалавым: апошні рэагуе на дзівосы вакол сябе прыблізна так, як адрэагаваў бы кожны з чытачоў.

Ну, ці амаль так: Прывалаў усё-такі – праграміст і працаголік. І, даўшы сабе час падзівіцца “суете вокруг дивана”, ён патроху спрабуе дзівы вакол сябе вывучаць, разважае над магчымым іх навуковым тлумачэннем.

Навука ў аповесці, дакладней, стаўленне да яе, увогуле з’яўляецца характэрным персанажным маркерам. Адданыя навуцы (магіі) людзі, для якіх “панядзелак пачынаецца ў суботу” – гэта магістры, сапраўдныя людзі будучыні. У другой частцы аповесці пратаганіст, які цяпер сам працуе ў Інстытуце магіі і Чараўніцтва, адзываецца пра сваіх калег наступным чынам: “…Маги, Люди с большой буквы, и девизом их было – «Понедельник начинается в субботу»… Они были магами потому, что очень много знали, так много, что количество перешло у них наконец в качество, и они стали с миром в другие отношения, нежели обычные люди”. Такія апантаныя людзі, для якіх шчасце і сэнс жыцця заключаны ў адвечным спазнанні невядомага, прызнаюцца як бы новай прыступкай эвалюцыі, крокам у тую самую светлую будучыню. Гэта будучыня, у якой перамагла навука і праца, дзе шчасце кожнага якраз-такі і заключана ў нястомнай працы і ўзбагачэнні, назапашванні ведаў.

Тым не менш, пра будучыню як такую Стругацкія ў тэксце згадваюць мала. Прысутнічае, канечне, загадкавы дырэктар Інстытута, які адначасна існуе ў 2 асобах (як А- і У-Янус) і ў якім Прывалаў з сябрамі падазраюць кантрамота (чалавека, для якога час рухаецца ў адваротным кірунку). Сам галоўны герой выпраўляецца на “машыне часу” ва ўяўную будучыню, але тут Стругацкія хутчэй высмейваюць калег-фантастаў (і штампы). Аднак сам твор сканцэнтраваны на сучаснасці, магчыма, таму, што якраз у ёй карані нават самай светлай будучыні.

І высмейваючы дэмагогаў ад навукі, кшталту Выбегала (з пустымі вачыма і калматымі вушамі), выкрываючы хамства, бюрактарыю ды розныя іншыя характэрныя заганы сваіх (ды і нашых) сучаснікаў, Стругацкія як бы дэманструюць, ад чаго чалавецтву варта і трэба пазбавіцца.

Інстытут Магіі і Чараўніцтва (у арыгінале – “НИИЧаВо”) – гэта своеасаблівая утопія. Не толькі навуковая (бо навука і магія тут прыраўноўваюцца, што і не дзіўна: неабазнанаму навуковыя адкрыцці часта падаюцца нечым чароўным). Але і маральная – утопія асабістых каштоўнасцей. Чалавек, кажуць Стругацкія, павінен свядома перайсці ад бяздумнага спажывання дабротаў вакол сябе да актыўнай ролі ў даследаванні свету. І пакуль такой рэвалюцыі ў чалавечай свядомасці не атрымаецца, ідэальная будучыня папросту немагчымая.

Сярод дзён, калі адбываецца дзеянне аповесці, няма ніводнай нядзелі.

Бо галоўныя героі – гэта “…люди, которым было приятнее быть друг с другом, чем порознь, которые терпеть не могли всякого рода воскресений, потому что в воскресенье им было скучно”.

Вось #такое_чытво.
Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам