ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Ідэальная будучыня ў аповесці братоў Стругацкіх “Понедельник начинается в субботу”
Госць бібліятэкі – пасол Узбекістана ў Беларусі

Шлях у легендарнасць

Шлях у легендарнасць
Іншыя навіны

Кожны юбілей – час падсумавання пэўных вынікаў творчага шляху, а стагадовы юбілей – асабліва. Напрыканцы жніўня ў выдавецтве "Беларусь" па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі пабачыла свет кніга "Гісторыя Купалаўскага тэатра. Эпоха. Горад. Людзі". Аб найбольш адметных і цікавых фактах з гісторыі тэатра распавяла ўкладальніца гэтага выдання Вольга Бабкова.

Кніга была падрыхтаваная ў даволі сціслы тэрмін, яе стварэнне заняло каля паўгода, але, тым не менш, праца за гэты час была праробленая дужа істотная. Над стварэннем гісторыі тэатра працавалі пяцёра аўтараў – акрамя самой Вольгі Бабковай, былі запрошаныя тэатразнаўцы Дзмітры Ермаловіч-Дашчынскі, Aндрэй Масквін, Вераніка Ярмалінская і Кацярына Яроміна. Галоўная ідэя выдання – паказаць гісторыю тэатра жывой, не зусім акадэмічнай. Вядома, аўтары ўсведамлялі, што змясціць сто гадоў гісторыі ў 260 старонак – задача амаль невыканальная. Таму кніга хутчэй ўяўляе з сябе ўводзіны ў мінуўшчыну тэатра, дзе хада падзей сістэматызаваная па пэўных эпохах.

Асобнае месца ў кнізе адведзена ілюстрацыям, якія не толькі паказваюць творчы шлях тэатра, але і пагружаюць чытача ў кантэкст часу, уласцівы таму ці іншаму перыяду яго гісторыі. Многія здымкі і пісьмовыя крыніцы, змешчаныя ў кнізе, публікуюцца альбо цытуюцца ўпершыню – у тым ліку і тыя, што захаваліся ў архіве самога тэатра. Таксама ў выданні былі выкарыстаныя фота і дакументы з архіваў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

У кнізе таксама былі прадстаўлены каштоўныя здымкі, атрыманыя з сямейных архіваў супрацоўнікаў тэатра і яго вядомых сяброў. А на форзацы кнігі можна пабачыць фота ляпных масак, якія аздаблялі фасад будынка тэатра пасля рэканструкцыі 1958 года. Падчас будаўніча-рэканструкцыйных работ і вяртання будынка да гістарычнага выгляду ў 2010-м маскі былі знятыя з фасада, але вобразы іх захаваліся не толькі ў зробленых незадоўга здымках, але і ў памяці многіх мінчукоў і наведвальнікаў тэатра.

/i/content/pi/cult/815/17455/2_1.jpg

Будынак Беларускага дзяржаўнага тэатра з помнікам Карлу Марксу перад ім у 1920-я гады.

Эпіцэнтр беларускага руху

Хаця сёлета святкуецца сто гадоў з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага тэатра, ад якога вядуць свой радавод купалаўцы, кніга аб гісторыі ўстановы, аднак, пачынаецца не з гэтай даты, а з моманту адкрыцця будынка, дзе сёння месціцца тэатр. Гэты велічны гмах быў узведзены 130 гадоў таму, у 1890 годзе – такім чынам, можна сказаць, сёлета тэатр адзначае яшчэ адну круглую дату. Урачыстая закладка падмурка адбылася ў чэрвені 1888 года з удзелам членаў імператарскай сям’і. Будынак узводзіўся паводле праекта варшаўскага архітэктара Караля Казлоўскага пад наглядам мінскага губернскага інжынера Канстанціна Увядзенскага.

Будоўля заняла роўна два гады, і ўжо 5 чэрвеня 1890-га тэатр адчыніў свае дзверы для першых гледачоў, якім была прапанаваная пастаноўка п’есы Актава Фелье “Сфінкс”. У будынку гарадскога, альбо, як яго яшчэ называлі ў тыя часы, зімовага тэатра выступалі як мясцовыя, так і гастралюючыя трупы з розных мясцін Расійскай імперыі. Але гмах тэатра, які ў тыя часы ўзвышаўся ў Аляксандраўскім скверы ў самым цэнтры губернскага Мінска, неўзабаве пачаў прыцягваць да сябе не толькі культурнае, але і грамадска-палітычнае жыццё горада ды і ўсёй краіны.

/i/content/pi/cult/815/17455/2_4.jpg

Праект будынка тэатра.

У віры рэвалюцыйных падзей 1917 года будынак мінскага гарадскога тэатра быў месцам правядзення цэлага шэрагу лёсавызначальных сходаў –Першага і Другога з’ездаў ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, Першага з’езду сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, а таксама Першага ўсебеларускага з’езду, які быў важным этапам на шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці. А ў лютым 1919 года тут жа адбыўся і Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, на якім была прынятая першая Канстытуцыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Гісторыя тэатральнага будынка ў цэнтры Мінска мела яшчэ багата цікавых і трагічных старонак. Цудам перажыўшы гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля яе заканчэння гмах тэатра двойчы зазнаў значную рэканструкцыю – у 1949 і 1958 гадах. Двойчы ледзь не быў зруйнаваны – у 1950-я і 1970-я гады, калі існавалі планы пашырэння тагачаснай Цэнтральнай плошчы сталіцы (сучасная назва – Кастрычніцкая). Тым не менш, дзякуючы актыўнай пазіцыі акцёраў і іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, знакавы будынак удалося ўратаваць. Праўда, пазней не найлепшым чынам адбілася на яго стане будаўніцтва станцыі мінскага метро “Купалаўская”. Калі яе ў 1990 годзе адкрылі, у старых сценах тэатра пачалі з’яўляцца расколіны. У выніку гэтых працэсаў у 2010–2013 гадах была праведзеная новая рэканструкцыя, якая вярнула будынку выгляд, максімальна набліжаны да гістарычнага.

Народзіны нацыянальнай сцэны

Гісторыя Беларускага дзяржаўнага тэатра, першай і галоўнай установы такога кшталту ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, адлічваецца з 14 верасня 1920 года. Тады беларуская, руская і яўрэйская нацыянальныя трупы прадставілі публіцы свае першыя пастаноўкі. Але не варта забываць, што ўзнікненню Беларускага дзяржаўнага тэатра папярэднічала існаванне ў Мінску часоў Першай сусветнай вайны самых розных тэатральных асяродкаў. Такіх, як Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, рэарганізаванае пазней у Дзяржаўны тэатр Беларускай Народнай Рэспублікі, альбо клуб “Беларуская хатка”. Дарэчы будзе прыгадаць і дзейнасць такіх тэатральных дзеячаў, як Ігнат Буйніцкі, Уладзіслаў Галубок, Фларыян Ждановіч (апошні, трэба зазначыць, стаў і першым мастацкім кіраўніком БДТ).

/i/content/pi/cult/815/17455/2_5.jpg

Акцёры тэатра і яго хор у 1924 годзе.

З дзейнасцю ж наступнага мастацкага кіраўніка тэатра, Еўсцігнея Міровіча, звязанае з’яўленне ў 1921 годзе ў рэпертуары такіх знакавых спектакляў, як “На Купалле” (пастаўлены паводле драмы Міхася Чарота), і “Кастусь Каліноўскі” (паводле п’есы, напісанай самім Міровічам). Адметна, што ў духу таго часу, у апошняй пастаноўцы гучалі рэплікі адразу на трох мовах – беларускай, польскай і рускай. Што тычыцца моўнай палітыкі ў міжваеннай БССР –адметна, што ў кнізе можна пабачыць і такі цікавы дакумент, як загад дырэктара тэатра Вячаслава Селяха, датаваны 1927 годам. У ім ён звяртае ўвагу трупы на неабходнасць карыстацца як на працы, так і ў прыватным жыцці беларускай мовай, падкрэсліваючы, што “гэта абавязкова на сваю ж карысць, як практыка для сцэны”.

Трагедыі вайны

Шчаслівае ўратаванне тэатра ў гады Вялікай Айчыннай вайны звязанае з імем яго дырэктара Фаіны Алер, прызначанай на гэтую пасаду ў 1938 годзе. Менавіта яна дамаглася, каб трупа тэатра, якая ў першыя дні вайны знаходзілася на гастролях, не была расцярушаная, а захавалася і здолела апынуцца разам спачатку ў Новасібірску, а пасля ў Томску, дзе тэатр і правёў гады эвакуацыі.

Праўда, некаторыя з акцёраў усё ж засталіся ў акупаваным Мінску, і лёс іх быў не заўжды шчаслівы. Так, напрыклад, Мікалай Счансновіч пэўны час працаваў падчас акупацыі ў трупе, створанай пад нямецкім кантролем, але неўзабаве сышоў у партызанскі атрад, перажыў вайну і пакінуў аб гэтых падзеях цікавыя мемуары пад назвай “Запіскі акцёра і партызана”. А вось заслужанаму артысту БССР Міхаілу Зораву (сапраўднае прозвішча Штоклянд) пашанцавала менш – пры немцах ён таксама пэўны час працаваў у тэатры, але неўзабаве быў выкрыты як яўрэй і знішчаны нацыстамі ў мінскім гета.

/i/content/pi/cult/815/17455/2_7.jpg

Акцёры тэатра і яго хор у 1924 годзе.

Цікава таксама, што супрацоўнікам тэатра Зінаідзе Рамановіч і Пятру Дзенісовічу цудам удалося ўратаваць архіў тэатра, які яны схавалі ў нішы падмурка пад сцэнай – так захаваўся багаты збор даваенных афіш, фотаздымкаў, працоўных кніжак. Гэтая схованка перажыла нават выбух у будынку тэатра 22 чэрвеня 1943 года, зладжаны як няўдалы замах на генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ.

Выклікі часу

Пасля вайны тэатр здолеў вярнуцца ў родныя сцены і пакрысе звыкаў да спакойнага жыцця. У 1960-я гады, з пачаткам “адлігі”, ў рэпертуары усё часцей пачалі з’яўляцца пастаноўкі паводле твораў замежных аўтараў. Але найбольш запомніўся гледачам, бадай, спектакль “Лявоніха на арбіце” паводле п’есы Андрэя Макаёнка, які ішоў на сцэне тэатра 12 красавіка 1961 года. Знакамітая актрыса Зінаіда Браварская, даведаўшыся аб палёце першага чалавека ў космас, не вытрывала і, выйшаўшы ў антракце на сцэну, паведаміла гэтую вестку гледачам, чым выклікала сапраўдны фурор. У гэты ж час працавалі ў тэатры такія вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва, як мастак Барыс Забораў, альбо паэт і перакладчык Юрка Гаўрук, які займаў пасаду памочніка рэжысёра па літаратурнай частцы на працягу дзесяці гадоў (з 1957 па 1966-ты).

/i/content/pi/cult/815/17455/2_8.jpg

Трупа накіроўваецца на гастролі. 1920-ыя гады.

У 1980-я тэатр сутыкнуўся з новымі выклікамі часу. Вялікую дыскусію выклікаў спектакль “Шнары”, пастаўлены Андрэем Андросікам паводле п’есы Яўгена Шабана, прысвечаны тэме падлеткавай злачыннасці. А пастаноўка Валерыя Раеўскага “Парог” паводле п’есы Аляксея Дударава так уразіла падчас міжнароднага фестывалю ў Маскве ірландскую трупу з Дубліна, што яе ўдзельнікі прапанавалі купалаўцам сумесны праект – каб паставіць спектакль у сябе дома.

Трагічнай старонкай у гісторыі тэатра засталіся дні Чарнобыльскай трагедыі. Так атрымалася, што тады трупа цэлы месяц правяла ў Гомелі, што, на жаль, не магло не адбіцца на далейшым лёсе і здароўі акцёраў.

Вядома, багата сказана ў кнізе і аб творчых кроках тэатра ў незалежнай Беларусі – але гэта ўжо гісторыя, якая адбывалася проста ў нас на вачах. Завяршае ж кнігу фотарасповед з адкрыцця сотага сезона, які адбыўся ў верасні мінулага года.

Якім будзе сезон наступны – пакажа будучыня. Застаецца толькі пажадаць, каб гісторыя гэтая не спыняла свайго імклівага развіцця, і несла толькі надзею на лепшае.

Аўтар: Антон Рудак
Крыніца: Культура



Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам