ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Радыёканал "Культура" рыхтуе спецыяльную праграму да юбілею Івана Шамякіна і Івана Мележа
Размешчана праграма навукова-практычнага семінара “Шляхамі маладнякоўцаў”

#BelBookChallenge прапануе: кніга, дзе ён яе кахае, а яна яго не

#BelBookChallenge прапануе: кніга, дзе ён яе кахае, а яна яго не
Іншыя навіны

Паліна Доля

BelBookChallenge працягвае адшукваць вам літаратуру для цікавага чытання! У гэты раз падрыхтуйце свае насоўкі і ўвесь запас суперажывання: наша тэма заўжды актуальная і знаходзіць водгук ў сэрцах літаральна кожнага чытача. Сёння мы падабралі для вас кнігі, дзе ён яе кахае, а яна яго не – і наадварот, бо мы за роўнасць ва ўсім. Нават у неўзаемным каханні.

Калі ў суровыя студзеньскія дні вам адчайна не хапае кахання з лёгкім прысмакам горычы, то наш спіс падорыць масу адпаведных эмоцый. Ад Караткевіча да падлеткавай рамантыкі – увесь спектр пяшчоты і нераздзеленых пачуццяў для вас!

нельга забыць скан.png “Леаніды не вернуцца да зямлі” (Нельга забыць), Уладзімір Караткевіч.

Ці маглі мы ў чэленджы, прымеркаваным да 90-годдзя з дня нараджэння Караткевіча, абысціся без імянінніка? “Леаніды не вернуцца да зямлі” – адна з самых кранальных і балючых гісторый кахання ў кнігах Караткевіча. Повязь пакаленняў і тэма пакутнага кахання пераплятае паміж сабой пралог і асноўную частку кнігі. У сярэдзіне ХІХ ст. рускі афіцэр Гораў рызыкуе жыццём, каб дапамагчы жонцы асуджанага інсургента Грынкевіча перадаць ліст аб памілаванні мужа. Праз шмат гадоў іх патомкі, аўдавелы паэт Андрэй Грынкевіч і глыбока замужняя выкладчыца інстытута Ірына Горава, сустракаюцца зноў – каб пачаць адну з найбольш цяжкіх гісторый кахання, напоўненую зблытанымі пачуццямі і трагічнымі абставінамі. Калі вы шукаеце кнігу, якая разаб’е вам сэрца (у добрым сэнсе гэтага слова), – “Леаніды” падыдуць ідэальна.

моя милая ведьма.png Мая мілая ведзьма, Валер Гапееў

Не знаходзіце ў сабе сілы плакаць наўзрыд над Караткевічам? Паспрабуйце што-небудзь лёгкае, ненадакучлівае і глыбока аптымістычнае – няхай нават гэта і падлеткавы раман. “Мая мілая ведзьма” – гісторыя, якая ўвасобіла ў сабе самае лепшае ад падлеткавых часоў. Першае каханне, стасункі з бацькамі, здраду і сапраўдную дружбу… – і ўвогуле, усе цяжкасці і складанасці жыцця дзевяцікласнікаў. Завязка простая і зразумелая: у дзявяты дзень, дзявятага месяца ў класе з’яўляецца новенькая з незвычайным імем Ядвіга. І сама яна таксама незвычайная – амаль сапраўдная ведзьма! Яна ўмее не глядзець, а бачыць, не слухаць, а чуць, і такія на першы погляд дробязі здольныя змяняць людзей навокал. Як да яе такой застацца абыякавым? У выніку атрымліваецца захапляльная і лёгкая гісторыя аб падлеткавым каханні, насычаная раптоўнымі сюжэтнымі паваротамі і дакладнымі дэталямі, якія змогуць сагрэць сэрца любому беларусу.

только не говори моей маме.png “Толькі не гавары маёй маме…”, Адам Глобус

Калі паглыбляцца ў школьныя гады не цягне, зазірніце ў студэнцтва: тут і неўзаемнае каханне больш сур’ёзнае, і мова больш дарослая, і жарты больш бадзёрыя. “Толькі не гавары маёй маме…” – зборнік лірычнай прозы, і ўжо першая аповесць у ім падыходзіць пад нашу тэматыку. Вось бывае, сядзіш гадамі за адной партай з дзяўчынай, а потым разумееш: яна цудоўная, нікога лепш і быць не можа. І ўкляпваешся ў яе, вядома. Водзіш яе па парках і тэатрах, слухаеш пра яе справы, праводзіш да пад’езда. Вось толькі жыццё не казка, вокам міргнуць не паспееш, як апынешся ў любоўным трохкутніку. Простая і знаёмая кожнаму чытачу гісторыя такая лёгкая, што складана не закахацца не толькі ў герояў, але і ў мову Адама Глобуса. Жарты смешныя, тэмы дарослыя, месцамі – пра каханне і смеласць, месцамі – пра расчараванне і нават агіду. Што б вы ні шукалі, у “Толькі не гавары маёй маме…” гэта дакладна ёсць.

суд в слободе.png “Суд у Слабадзе”, Віктар Казько

Няхай гэтая цяжкая і трагічная кніга далёка не пра каханне, гісторыя неўзаемнай закаханасці галоўнага героя ў Лену Лазу адыгрывае там немалаважную ролю. Пасляваенныя гады. Галоўны герой, падлетак Колька, ужо некалькі месяцаў жыве ў спецдзетдоме, і ўсё ў яго на першы погляд нядрэнна – пакуль вартаўнік не гаворыць хлопчыку, што яго час на зыходзе, хутка Колька памрэ. З таго моманту жыццё падлетка ператвараецца ў існы кашмар, поўны страху і пакутлівага чакання. Усплываюць жудасныя сцэны мінулага, а цяперашняе бурыцца на вачах. Змрочная гісторыя пра тое, як вайна знішчае жыццё не толькі дарослых, але і дзяцей, пазбаўляючы іх дзяцінства, знаходзіць у кнізе адметную філасофію. Але нават у ёй ёсць месца каханню – хоць і далёка не такому шчасліваму, як хацелася б.

либидо.png “Libido”, Ільля Сін

Як наконт зусім незвычайнай для беларускай літаратуры, вельмі дарослай гісторыі кахання, якая і не пра каханне зусім? У цэнтры сюжэту – былая порнаактрыса Марыя. Пасля жудаснага перыяду гандлю душой і целам яна збягае ад мінулага ў правінцыйны постсавецкі горад, дзе яе жыццё ператвараецца ў дзень сурка, і некалькі разоў на дзень, як па раскладзе, прыходзяць былыя дэманы. Час ад часу ў Марыі з’яўляюцца сужыцелі, якіх яна нават не лічыць палюбоўнікамі, так, называе “іншымі”. Яны кахаюць Марыю? Можа, гэта нейкая дзіўная форма кахання? Адно можна сказаць упэўнена: яна не кахае іх у адказ. Бо як можа кахаць чалавек, які больш не лічыць сябе чалавекам? Як можа кахаць жанчына, мінулае якой абясцэніла не толькі яе ўласнае “я”, але і матэрыяльнасць Сусвету ў цэлым?

бог кахання марс.png “Бог кахання Марс”, Сяргей Балахонаў

Папесцім сёння нашых чытачоў яшчэ адной, шостай, кнігай у нашым спісе. Не чакалі? А вось. Гісторыя неўзаемнага кахання ў дэкарацыях бліжэйшай будучыні. Знайшоўшы ідала бога кахання на археалагічных раскопках у легендарных Юровічах, гомельскі даследчык старажытнасцей Ягор Руткоўскі неўзабаве перажывае невытлумачальны разрыў з каханай. Шчырая вера ў тое, што ім наканавана быць разам, штурхае вучонага да крайнасцей: ад літаратурных і музычна-пеўчых практыкаванняў да палёту на Марс. Калі гэта дапаможа вярнуць каханую, чаму не? Час змагацца за хісткае марсіянскае шчасце, пераадольваючы мноства галавакружных выпрабаванняў, не маючы ўпэўненасці ў тым, што ў канцы ўсе вернуцца на зямлю, дзе бушуе эпідэмія татальнай адзіноты.

Адкрываючы для сябе кнігі з спісу, не стрымлівайцеся – плачце над разбітымі сэрцамі кніжных герояў, радуйцеся, калі яны адпускаюць свае пачуцці, не адмаўляйце сабе ў задавальненні трохі пажурыцца над гісторыямі іх непадзеленых пачуццяў. Бо любоў прыгожая ва ўсіх яе праявах – і неўзаемная у тым ліку.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Сны aб Беларусі у Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам