ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыЯзэп Пушча
Язэп Пушча

Язэп Пушча

У паэме “Песні вайны” (1927–1928) узнаўляюцца драматычныя падзеі 1914–1915 гг., вырашаюцца праблемы вайны без героя, зруйнаванага Беларускага Дому, народа-выгнанніка і інш. Твор прасякнуты моцным антымілітарысцкім пафасам, занепакоенасцю лёсам простага чалавека і гістарычным лёсам народа.

У паэме шырока задзейнічаны пейзаж, які выконвае функцыю ўзмацнення, эскалацыі эмоцый, згушчэння фарбаў:

У хмарах звіліся маланкі намітусь,
Яснасцю дзікай асвечаны дні.
Бура-навала над возерам Свіцязь:
У хвалях шалеюць грымоты-агні,
Хвалі змываюць пакорнасць і літасць.

Малюючы карціну чорнай, раз’юшанай навальніцы-вайны, Я. Пушча не шкадуе змрочных фарбаў, скрозь выкарыстоўваючы натуралістычныя апісанні:

Мужчынскага цела абрубак
На ложку жалезным ляжыць.
Хоць кроўю аплыў ён і брудам,
А хоча ўсё ж мучыцца-жыць.

Антыэстэтыка паэта апраўдана мастацкай задачай – стварыць аб’ёмны вобраз знявечанага, забранага краю, куды прыйшлі голад, падзенне нораваў, гвалт, смерць:

Мы кормімся хлебам пратухлым, –
Народ абяднеў, анаглеў.
Пайшоў жабракамі па свеце,
Магілы жабрачыя скрозь.

Скарынку хлеба просім,
Як не… той так бяром.
У душы і сэрцы восень;
Журба між хмурых броў.
Дачок казакі гвалцяць,
А жонак смерць бярэ.

Паэт размяжоўвае паняцці “Расія”, “імперыя”, і “Маці-Краіна”, “Радзіма”, неаднаразова падкрэслівае непатрэбнасць і марнасць страшных ахвяр, якіх запатрабавала ў яго народа “дзікая стыхія”, – адным з матываў твора паўстае матыў братазабойчай вайны:

Мне сорамна неяк сягоння
І горна, пакутна ў душы.
Пакорна ішоў на агонь я
І брата за горла душыў.

Герой паэмы Іскрыніч забівае не ворага, а брата-славяніна, вымушанага ваяваць на супрацьлеглым баку. За пакутамі сумлення канкрэтных персанажаў бачыцца агульная трагедыя і віна салдат і ўвогуле народаў, якія праз чужыя, незразумелыя ім геапалітычныя амбіцыі знішчаюць адзін аднаго. У сувязі з матывам братазабойчай вайны ў творы Я. Пушчы паўстае праблема вайны без героя:

Я сёння ўглядаўся ў цемру,–
Героя пабачыць хацеў.
Пабачыў жа вострыя церні
І чорны аплёваны цень.

Паэт востра ставіць пытанне пра захаванне душэўнай чысціні ў брудны, жахлівы час. Разбуральнай сіле вайны ён супрацьпастаўляе ўласную гуманістычную канцэпцыю гармоніі, якая ўвасабляецца ў сімвалічным вобразе Марыі. Менавіта з Марыяй звязваецца ў творы непахісная вера ў перамогу прыгажосці і жыцця над пачварнасцю і смерцю.

Крыніца інфармацыі:
Заяц, Н.В. Падзеі Першай сусветнай вайны ў мастацкім спасціжэнні Максіма Гарэцкага і Язэпа Пушчы / Наталля Заяц // Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць : (прабл. выдання спадчыны) : XIX Гарэцкія чытанні : матэр. чытанняў, Мінск, 18 лют. 2011 г. / [рэдкал.: Р. Гарэцкі (адк. рэд.) і нш.]. – Мінск, 2011. – С. 139–144.

Бібліятэкарам