ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіБеларусь у Першай сусветнайПершая сусветная вайна ў літаратурыПершая cусветная вайна ў беларускай літаратурыМаксім Багдановіч
Максім Багдановіч

Максім Багдановіч

Адным з першых беларускіх дзеячаў, хто заўважыў станоўчае ўздзеянне Першай сусветнай вайны на беларускі нацыянальны рух, на працэс нацыянальнага адраджэння, быў Максім Багдановіч. Ён падкрэсліваў, што менавіта пад уплывам вайны краін Усходняй Еўропы ў іх жыхароў абвастрылася ўсведамленне нацыянальнай самабытнасці, з’явілася ўяўленне аб самастойным беларускім народзе, а беларуская мова пачала ўжывацца ў перыядычным друку гэтак жа сістэматычна, як руская, літоўская і іншыя.

Цяжка хворы Максім Багдановіч не мог прымаць непасрэдны ўдзел у падзеях Першай сусветнай вайны, аднак яе тэма заняла значнае месца ў апошніх вершах паэта “Цёмнай ноччу лучына дагарала”, “Як Базыль у паходзе канаў”, “Ой, грымні, труба, уранку, рана” і інш.

Асноўны персанаж беларускай песні пра вайну – маці, жонка, нарачоная.

Максіма Багдановіча перш за ўсё прыцягваў менавіта “хатні”, “сямейны” аспект вайны, чалавечы яе бок, яе адлюстраванне ў народных песнях.

Цёмнай ноччу лучына дагарала,
Я Арцёму кашулю вышывала:
Пасярэдзіне – сонейка,
Навокал зоры дробныя.
Толькі ўваходзіць у хату сястрычанька, –
Белы-чысты ліст у руках.
Белы тварык увесь у слязах:
“Ой, забілі Арцёма, забілі,
У нязнанай старонцы зарылі;
Ой, забілі Арцёма шрапнеляй,
Завіруха яго крые белай беляй”.
Як пачула я тое ды ўцяміла,
Мае ніткі неяк памяшаліся,
Сонца яркае скацілася, –
У вачах памуцілася.
Чаму я на свет урадзілася?

(“Цёмнай ноччу лучына дагарала”)

М. Багдановіч па-майстэрску выкарыстоўвае элементы фальклорнай паэтыкі (народныя галашэнні, плачы, форму салдацкіх і застольных песень). Паэт гераізуе народны беларускі характар, услаўляючы праз трагічны змест мужнасць і вернасць патрыятычнаму абавязку. Найбольш яркі і цэласны ў мастацкіх адносінах верш гэтага цыклу – “Як Базыль у паходзе канаў”, у якім праз фальклорныя звароты да зямлі, бору, сям’і і Беларусі сцвярджаецца прыгажосць душы народнага героя.

Бібліятэкарам