ГалоўнаяМерапрыемствыІ кнігі святкуюць юбілеі
Мастак – сама прырода: садова-паркавае мастацтва
Свет ёгі

І кнігі святкуюць юбілеі

І кнігі святкуюць юбілеі
Іншыя Мерапрыемствы
16 чэрвеня – 25 лютага
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
кальцавая галерэя (3-ці паверх)
Месца правядзення

Пазнаёміцца з кнігамі – юбілярамі 2023 года можна з 16 чэрвеня 2023 г. па 25 лютага 2024 г. у кальцавой галерэі 3-га паверха на выстаўцы “І кнігі святкуюць юбілеі”.

Кнігі, як і людзі, нараджаюцца і сталеюць, праходзяць праз шэраг выпрабаванняў лёсу. У віхуры іх жыцця не абыходзіцца часам і без балючых страт. Аднак разам з пацінай пражытых гадоў яны набываюць каштоўнасць, калі кожная пазнака на іх старонках, кожная плямка, кожная, здавалася б, дробязь, такая як нумар на авантытуле, робіцца быццам загалоўкам да жыццяпісу кнігі. Дасканала вывучаныя, яны, нібы ў святле пражэктараў, паўстаюць перад гледачом у юбілейны год.

Кнігі прадстаўлены на выстаўцы ў храналагічнай паслядоўнасці: ад 500-гадовых юбіляраў да 50-гадовых. Створаныя талентам аўтара, яны непаўторныя сваім характарам, жывапісным зместам, літаратурнай формай і стылем. Выданні маюць розны фармат, праілюстраваныя як выбітнымі мастакамі, так і самімі аўтарамі. Выйшлі яны ў розных кутках свету. Героі твораў замежнай і айчыннай класікі размаўляюць з чытачом на розных мовах.

Сярод экспанатаў – факсіміле “Пёстрых сказок” (1833) Уладзіміра Адоеўскага, цудоўны прыклад шыкоўнага кніжнага выдання. Яшчэ адзін такі прыклад – каталог малюнкаў Антуана дэ Сент-Экзюперы да яго неўміручага твора “Маленькі прынц” (2013).

У ліку ўнікальных – часопіс “Репертуар и пантеон” (1844), на старонках якога быў надрукаваны першы пераклад на рускую мову рамана Анарэ дэ Бальзака “Яўгенія Грандэ”, зроблены Фёдарам Дастаеўскім. Пераклад стаў першай публікацыяй пачынаючага пісьменніка. Варта спыніцца і на рарытэтным выданні “Детские годы Багрова-внука” (1858, першая публікацыя), дзе ўпершыню была апублікавана казка “Аленький цветочек” (1858). У гэтым шэрагу – і “Ярмарка тщеславия”, раман Уільяма Тэкерэя, прадстаўлены першымі выданнямі 1848 г. Адно з іх – з суперэкслібрысам і экслібрысам на авантытуле, другое – з прозвішчам LWańkowicz на тытуле, нумарам і ўладальніцкай пазнакай на авантытуле, якая адсылае да бібліятэкі смілавіцкай лініі роду Ваньковічаў у Шыпянах.

Сапраўдным упрыгажэннем выстаўкі з’яўляецца выданне казак (1901) Ханса Андэрсана з ілюстрацыямі Ханса Тэгнера, якія лічацца яго найвялікшым мастацкім дасягненнем. Сярод апублікаваных у ім – казка-юбіляр “Стойкі алавяны салдацік”. У пераможным 1945-м казка выйшла асобным выданнем, якое таксама прадстаўлена на выстаўцы.

Асобнай увагі заслугоўвае сентыментальны раман “Белые ночи” Фёдара Дастаеўскага (1848) у выглядзе мініяцюрнага выдання (1973) і факсіміле (1923) з ілюстрацыямі Мсціслава Дабужынскага. Апошняе з’явілася працягам выпуску факсімільных выданняў кніг лепшых мастакоў пачатку ХХ ст.

У ліку адметных экспанатаў – першы нумар часопіса “Современник” (1858), на старонках якога была ўпершыню апублікавана аповесць Івана Тургенева “Ася”; “Толковый словарь живого великорусского языка” – першы том (1863) чатырохтомнага выдання, за якое Уладзімір Даль быў узнагароджаны Ламаносаўскай прэміяй Акадэміі навук і ўдастоены звання ганаровага акадэміка; часопіс “Русская мысль” (1898, кн. 7, 8), на старонках якога ўпершыню была надрукавана “Маленькая трилогия” Антона Чэхава.

У экспазіцыі прадстаўлены юбілейныя выданні беларускай класікі. Першыя выданні твораў Янкі Купалы: трэці зборнік вершаў “Шляхам жыцця” (1913), п’есы “Паўлінка” (1913) і “Раскіданае гняздо” (1919). Асаблівай увагі заслугоўвае адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок” (1913).

Вялікую цікавасць маюць выданні, што адзначаюць 100-гадовы юбілей: паэма “Новая зямля” (1923) Якуба Коласа, якая па праве лічыцца “энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства канца XIX – пач. XX ст.”; зборнік вершаў Уладзіміра Дубоўкі “Строма” (1923) і паэма Уладзіміра Жылкі “Уяўленне” (1923). Шэдэўр эпічнага жанру, у якім выявіліся асаблівасці сацыянальна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы, – раман “Пошукі будучыні” Кузьмы Чорнага.

Гэтыя і многія іншыя выданні айчынных аўтараў даўно ўвайшлі ў залаты фонд беларускай і савецкай літаратуры, былі адзначаны ганаровымі прэміямі і прыцягваюць увагу сучасных чытачоў сваім гуманістычным гучаннем.

Экспанаты дэманструюць багацце і разнастайнасць фонду Нацыянальнай бібліятэкі, сярод якога – выяўленчыя дакументы да выданняў-юбіляраў, што падкрэсліваюць іх унікальнасць і папулярнасць.


Выстаўка адрасавана шырокаму колу чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі. Дата яе заканчэння можа быць зменена.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.

Матэрыял пададзены аддзелам галерэйна-выставачнай дзейнасці.



Бібліятэкарам