ГалоўнаяПра бiблiятэкуВыдавецкая прадукцыя бібліятэкіДрукаваныя выданні бібліятэкіПатрабаванні да артыкулаў для выдання "Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі"

Патрабаванні да артыкулаў для выдання "Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі"

Нацыянальная бібліятэка Беларусі штогод рыхтуе да выхаду ў свет зборнік навуковых артыкулаў з працягам “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі” і запрашае да супрацоўніцтва даследчыкаў кніжнай культуры Беларусі.

Зборнік з’яўляецца шматпрофільным рэцэнзуемым навуковым выданнем, уключаным у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных навуках (бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве і кнігазнаўстве), гістарычных навуках (дакументалістыцы, дакументазнаўстве, архівазнаўстве, гістарыяграфіі, крыніцазнаўстве і метадах гістарычнага даследавання) і культуралогіі.

Да публікацыі ў зборніку прымаюцца артыкулы, прысвечаныя дакументальным помнікам і гісторыі кніжнай культуры Беларусі, якія маюць навуковы характар і вылучаюцца навізной прадстаўленых у іх навуковых вынікаў. Не прымаюцца да друку артыкулы, апублікаваныя або прынятыя да друку іншымі выданнямі. Плата за апублікаванне артыкулаў не бярэцца, ганарар аўтарам не выплачваецца. Права першачарговага апублікавання вынікаў навуковых даследаванняў па тэматыцы зборніка даецца асобам, якія ажыццяўляюць паслядыпломнае навучанне (аспірантура, дактарантура, саіскальніцтва), у год завяршэння навучання.

Да разгляду рэдкалегіяй зборніка прымаюцца навуковыя артыкулы з рэкамендацыяй аддзела (кафедры, лабараторыі) навуковай (вучэбнай) установы або з рэцэнзіяй спецыяліста ў дадзенай галіне. Заяўку на ўдзел у зборніку і тэкст артыкула ў электронным выглядзе неабходна дасылаць на адрас рэдакцыі (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 220114, г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 116) або на электронную пошту sapega@nlb.by, susha.ksenia@yandex.by.

Заяўка павінна ўключаць звесткі пра аўтара (прозвішча, імя, імя па бацьку (цалкам), месца працы і / або вучобы, пасада, вучоная ступень і званне, кантактны тэлефон, e-mail) і назву артыкула.

Рукапісы артыкулаў прымаюцца ў электронным выглядзе. Аб’ём артыкула – да 0,5 аўтарскага аркуша (10–12 поўных старонак фармату А4, надрукаваных праз 1,5 інтэрвал, шрыфт Times New Roman, кегель 14 пт). Рабочыя мовы – беларуская, руская, польская і англійская. Артыкул афармляецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку афармлення кваліфікацыйнай навуковай работы (дысертацыі) на саісканне вучоных ступеняў кандыдата і доктара навук, аўтарэферата і публікацый па тэме дысертацыі (у рэдакцыі пастановы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2014 г.).

Спіс выкарыстаных крыніц афармляецца ў адпаведнасці з міждзяржаўным стандартам ДАСТ 7.1-2003 “Бібліяграфічны запіс. Бібліяграфічнае апісанне. Агульныя патрабаванні і правілы складання”, размяшчаецца ў канцы тэксту, спасылкі нумаруюцца згодна з парадкам цытавання, у тэксце артыкула парадкавыя нумары спасылак паказваюцца ўсярэдзіне квадратных дужак (напрыклад: [1], [2]). Да артыкула прыкладаецца рэзюмэ на рускай і англійскай мовах. Ілюстрацыі падаюцца ў рэдакцыю ў электронным выглядзе ў файлах фарматаў tiff, jpeg, gif, bmp, png з разрашэннем 300 dpi.

Пераканаўча просім прытрымлівацца выкладзеных правіл афармлення артыкулаў.
Узор афармлення артыкула

Рэдакцыйная калегія пакідае за сабой права адбору матэрыялаў для апублікавання. Парадак публікацыі ў зборніку прадугледжвае абавязковае рэцэнзаванне спецыялістамі з вучонай ступенню кандыдата ці доктара навук, якія прызначаюцца рэдкалегіяй. Пры неабходнасці артыкул можа быць вернуты аўтарам на дапрацоўку, датай паступлення артыкула ў рэдкалегію лічыцца дзень атрымання канчатковага яго варыянта.

Аўтары нясуць адказнасць за дакладнасць прыведзеных у артыкулах фактаў і цытат. Рэдакцыя можа друкаваць матэрыялы ў парадку абмеркавання, не падзяляючы пункт гледжання аўтараў.

Адрас рэдакцыі:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі,
220114, г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 116

Тэлефоны:
(8 017) 293 27 82 (Сапега Таццяна Андрэеўна, загадчык сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства)
(8 017) 293 27 83 (Суша Ксенія Віктараўна, галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства)

Е-mail:
sapega@nlb.by
susha.ksenia@yandex.by
111