ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйКніжныя выстаўкіВіртуальныя выстаўкі і праектыІнтэлектуальная ўласнасць: XXI век

Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе

Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый адкрывае на партале бібліятэкі віртуальную кніжную выстаўку “Інтэлектуальная ўласнасць: XXI стагоддзе”, прысвечаную Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.

Гэта свята акцэнтуе ўвагу грамадскасцi на значэннi творчасцi i інавацый у паўсядзённым жыцці чалавека, эканамічным і культурным развіцці грамадства. Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці дае магчымасць далучыцца да святкавання аддаць належнае самым дзіўным вынаходнікам і аўтарам у свеце, а таксама даведацца, як IУ дапамагае фарміраваць наш свет.

Дзень зацверджаны Генеральнай асамблеяй Сусветнай арганізацыi iнтэлектуальнай уласнасці (САIУ) у вераснi 2000 года. Дата 26 красавіка абрана не выпадкова. Менавіта ў гэты дзень у 1970 годзе ўступіла ў сілу міжнародная канвенцыя, паводле якой была заснавана Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ).

САІУ – гэта спецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая займаецца пытаннямі палітыкі, умацавання супрацоўніцтва, прадастаўлення паслуг і інфармацыі ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. Сёння членамі арганізацыі з’яўляюцца 193 дзяржавы.

САІУ і яе дзяржавы-члены штогод адзначаюць Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці, праводзячы прымеркаваныя да гэтай даты сустрэчы, мерапрыемствы і кампаніі. Іх мэта – дамагчыся лепшага разумення шырокімі коламі насельніцтва таго, што ўяўляе сабой інтэлектуальная ўласнасць, паказаць, якім чынам сістэма яе абароны спрыяе развіццю шматлікіх напрамкаў прагрэсу – ад мастацтва да інавацыйных тэхналогій.

Штогод Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці прысвячаецца пэўнай тэме. Тэма Дня 2024 года – “Інтэлектуальная ўласнасць i МУР: інавацыі і творчасць на карысць агульнай будучыні. Гэта магчымасць праілюстраваць тую цэнтральную ролю, якую ІУ, інавацыі і творчасць адыгрываюць у дасягненні МУР на карысць кожнага чалавека.

У Рэспубліцы Беларусь функцыянуе эфектыўная сістэма аховы інтэлектуальнай уласнасці. Наша краіна – удзельніца многіх шматбаковых міжнародных дагавораў, якія функцыянуюць пад эгідай САІУ, а таксама шэрага шматбаковых міжнародных дагавораў, заключаных у рамках СНД, у галіне аховы прамысловай уласнасці, аўтарскага права і сумежных правоў.

З лістапада 2010 года Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала бібліятэкай-дэпазітарыем дакументаў САІУ. Прапанаваная віртуальная выстаўка пазнаёміць чытачоў бібліятэкі з дзейнасцю арганізацыі і яе дакументамі, сярод якіх матэрыялы па міжнародным заканадаўстве ў сферы інтэлектуальнай уласнасці (канвенцыі, дагаворы, пагадненні), літаратура па аўтарскім праве, патэнтах і таварных знаках, штогадовыя справаздачы і кароткія агляды САІУ.

На віртуальнай выставе прадстаўлена 80 дакументаў з фондаў бібліятэкі на рускай і англійскай мовах: кнігі, брашуры, буклеты. Для кожнага дакумента даецца бібліяграфічнае апісанне, анатацыя, спасылка на поўны тэкст дакумента або pdf-файл са зместам.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Інтэлектуальная ўласнасць: роля і месца ў развіцці сучаснага грамадства
  • Міжнародная прававая ахова інтэлектуальнай уласнасці
  • Дзейнасць Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ)
  • Прамысловая ўласнасць, патэнтнае права, таварныя знакі
  • Аўтарскае права і сумежныя правы
  • Інтэлектуальная ўласнасць і развіццё інавацый
  • Ахова інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь

Выстава будзе цікавая студэнтам, аспірантам, выкладчыкам юрыдычных і эканамічных факультэтаў, кіраўнікам прадпрыемстваў, супрацоўнікам навукова-даследчых і прыкладных інстытутаў, юрысконсультам і ўсім, хто цікавіцца праблемамі інтэлектуальнай уласнасці.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Віртуальная выстава падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.


Бібліятэкарам