ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2015 г."З друкарні пана Марціна Кухты"

"З друкарні пана Марціна Кухты"

З 12 сакавіка ў музеі кнігі працавала выстаўка, прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння друкара Марціна Кухты.

Марцін Кухта (літ. Martynas Kukta; 1875–1941 або 1942) – друкар, выдавец кніг на беларускай, рускай, польскай і літоўскай мовах.

У 1904–1906 гг. быў загадчыкам першай літоўскай друкарні ў Вільні (разам з П. Вілейшысам). У 1906 г. Марцін Кухта заснаваў у Вільні друкарню з правам выпускаць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах, якая праіснавала да 1918 г. З яго друкарняй супрацоўнічалі такія беларускія выдавецкія суполкі, як “Наша Ніва”, “Наша Хата”, “Палачанін”, “Беларускае выдавецкае таварыства”.

Вядома не менш за 60 кніжных выданняў на беларускай мове, якія надрукаваў Марцін Кухта ў 1906–1915 гг. Асноўную кніжную прадукцыю друкарні складалі творы мастацкай літаратуры Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Я. Коласа, Цёткі, К. Буйло і іншых беларускіх пісьменнікаў, кнігі па літаратуразнаўстве, перакладная літаратура, фальклорныя зборнікі песень і казак, беларускія календары, этнаграфічныя матэрыялы, лінгвістычныя даследаванні, сельскагаспадарчыя і медыцынскія выданні. Выпускаліся выданні на польскай мове, а таксама значная колькасць (звыш 300 да 1914 г.) літоўскіх кніг, брашур, літоўскіх перыядычных выданняў (газеты “Balsas”, “Lietuvis”, “Lietuvos aidas”, “Lietuvos žinios”, “Viltis”, часопісы “Garsas”, “Lietuvių tauta”, “Šviesa” і інш.).

На выстаўцы экспанаваліся віленскія выданні пачатку ХХ ст. з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, надрукаваныя Марцінам Кухтай кірыліцай і лацінкай. Сярод іх арыгіналы першых нумароў газеты “Наша ніва”, першыя арыгінальныя выданні “Беларускага календара” (1910–1914), адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча “Вянок” з аўтографам аўтара (1913), выданні твораў Я. Коласа “Родныя з’явы” (1914), Я. Купалы “А хто там ідзе?” (1910), К. Буйло “Курганная кветка” (1914), М. Гарэцкага “Рунь” (1914), беларускія падручнікі “Кароткая гісторыя Беларусі” (1910) В. Ластоўскага, “Беларуская граматыка для школ” (1918) Б. Тарашкевіча, “Pieršaja čytanka: knižyca dla biełaruskich dzietak dziela nawuki čytańnia” (1916), “Siejbit: druhaja, paśla łementara, čytanka dla pačatkowych škoł” (1918) і інш.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 25 85.

   

Бібліятэкарам