ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Запрашаем да ўдзелу ў ХVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях
Буктрэйлеры: “Трывожнае шчасце” Івана Шамякіна

Да 95-годдзя з дня нараджэння Валянціны Усцінаўны Баханьковай

Да 95-годдзя з дня нараджэння Валянціны Усцінаўны Баханьковай
Іншыя навіны

15 мая спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння высокакваліфікаванага спецыяліста бібліятэчнай справы, ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Валянціны Усцінаўнай Баханьковай.

Нарадзілася В.У. Баханькова ў вёсцы Студзянец Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Вялікая Айчынная вайна змяніла планы шаснаццацігадовай дзяўчыны. З 1941 года яна, скончыўшы дзевяць класаў сярэдняй школы, вымушана была перапыніць вучобу і на працягу ўсяго ваеннага часу працаваць у роднай вёсцы, займаючыся сельскай гаспадаркай і ўносячы сваю лепту ў агульную перамогу.

Адразу пасля вайны Валянціна скончыла школу і паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут на геаграфічны факультэт. Пасля заканчэння вучобы ў 1949 годзе пачала педагагічную дзейнасць у якасці настаўніка геаграфіі, прыродазнаўства і хіміі. Трынаццаць гадоў выкладала ў васьмігадовай школе вёскі Гомель Полацкага раёна Віцебскай вобласці.

У 1962 годзе разам з мужам і трыма дзецьмі Валянціна Усцінаўна пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск. Тут яе і звёў лёс з бібліятэчнай справай: у лютым 1965-га яна была прынята на пасаду бібліятэкара ў аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна.

Bachankova-2.jpg

Праз пяць гадоў Валянціна Усцінаўна ўжо займала пасаду старшага бібліёграфа, яшчэ праз год – старшага рэдактара аддзела. Выдатныя прафесійныя веды і назапашаны досвед працы дазволілі ёй узначаліць у 1978 годзе сектар захоўвання нацыянальнага фонду.

В.У. Баханькова вядома як адна з укладальнікаў бібліяграфічнага штоквартальнага паказальніка “Беларуская ССР у гады Вялiкай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1941–1945)”, які ў той час з'яўляўся адзіным у СССР па сваёй тэматыцы. З 1983 года яна разам з іншымі супрацоўнікамі аддзела працавала над сумесным з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук БССР праектам па стварэнні рэтраспектыўнага паказальніка “Беларуская ССР у Вялiкай Айчыннай вайне Савецкага Саюза”.

Bachankova-3.jpg

Валянціна Усцінаўна актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці аддзела і бібліятэкі, з'яўлялася членам народнага кантролю. Яе прафесійныя дасягненні адзначаліся кіраўніцтвам бібліятэкі: неаднаразова вылучалася на Дошку гонару, атрымлівала падзякі і граматы дырэкцыі бібліятэкі.

26 гадоў прысвяціла Валянціна Усцінаўна працы ў аддзеле беларускай літаратуры і бібліяграфіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, зрабіўшы значны ўклад у захаванне і папулярызацыю беларускага нацыянальнага друку. На заслужаны адпачынак сышла ва ўзросце 66 гадоў.

Уласцівая Валянціне Усцінаўне чуласць і добразычлівасць у адносінах да калег і чытачоў прынеслі заслужаны аўтарытэт. Калегі ўспамінаюць яе як выключна працавітага і высокакваліфікаванага спецыяліста, для якога характэрна высокая адказнасць за даручаную справу, дакладнасць і ўважлівасць у выкананні пастаўленых задач. Многія і сёння не забываюць адзначаць яе асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай работы “беларускага аддзела” і бібліятэкі ў цэлым.

Яўгенія Вячаславаўна Галіеўская з асаблівай цеплынёй згадвае сваю калегу:

“…Валянціна Усцінаўна была сапраўднай гаспадыняй, за ёй цяжка было ўгнацца нават маладым, столькі ў яе было сіл і энергіі. Вельмi сцiплы чалавек, з прыгожымi вачыма i прыгожым почыркам. Як многiя неабыякавыя людзi, валодала неспакойным характарам, пачуццём калектывiзму, шмат дапамагала маладым супрацоўнікам...”.

Павагай і падзякай прасякнуты ўспаміны Дзмітрыя Мікалаевіча Давідоўскага: “…Яна была маёй першай непасрэднай начальніцай. Мне вельмі падабалася яе методыка выхавання маладога папаўнення. Калі я ці хто-небудзь іншы звяртаўся да яе з просьбай дапамагчы знайсці нейкую кніжку або часопіс, яна адказвала: "Захочаш – знойдзеш". І знаходзілі! Раней ці пазней, марудна ці хутчэй, але знаходзілі. Дзякуючы такой яе тактыцы я неўзабаве вывучыў увесь наш фонд – і структуру яго, і што дзе стаіць, і як кніжкі выглядаюць "у твар". Валянцiна Усцiнаўна прывiла мне звычку не проста браць выданне ў рукi i перадаваць чытачу, а папярэдне яго прагартаць – каб збольшага ведаць змест, таму неўзабаве я з лёгкасцю мог замяняць дзяжурнага бібліёграфа ў зале і даваць чытачам максімальна поўную інфармацыю. Пра тое, напрыклад, з якiх кнiг пачынаць пiсаць курсавую, дыпломную цi нават дысертацыю. Прынцып "захочаш – знойдзеш" працуе: толькі так і можна стаць сапраўдным спецыялістам”.

Скончыла свой жыццёвы шлях Валянціна Усцінаўна ў 2007 годзе.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы "Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах".

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам