Зінаіда Піліпаўна нарадзілася 9 лютага 1941 года ў вёсцы Брадзец Дубровіцкага раёна Ровенскай вобласці Украінскай ССР. Па заканчэнні дзесяці класаў Высоцкай сярэдняй школы паступіла ў Дубноўскі тэхнікум культпрасветработнікаў Міністэрства культуры УССР. У 1959 годзе, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, была накіравана на працу ў вёску Белую Дубровіцкага раёна, дзе на працягу трох гадоў працавала загадчыцай мясцовай бібліятэкі.
Дваццацігадовай дзяўчынай Зінаіда змяніла месца жыхарства – пераехала ў Беларускую ССР. Чатыры гады працавала бібліятэкарам Столінскай раённай бібліятэкі ў Брэсцкай вобласці, а з 1966 па 1968 год – загадчыцай бібліятэкі Столінскага сельскагаспадарчага тэхнікума (цяпер Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж).
У Беларусі Зінаіда Піліпаўна пазнаёмілася са сваім будучым мужам –Анатолем Іванавічам Анішчанкам, да якога пераехала ў Мінск адразу пасля вяселля ў 1967 годзе.
У 1968-м З.П. Анішчанка была прынятая на працу ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна на пасаду бібліятэкара сектара абавязковых экзэмпляраў аддзела кнігазахоўвання. Калегі і кіраўніцтва заўсёды адгукаліся аб ёй як аб дасведчаным, ініцыятыўным і добрасумленным супрацоўніку, які надае вялікую ўвагу пытанням захаванасці бібліятэчнага фонду. У 1976 годзе яна была прызначана на пасаду старшага бібліятэкара.
Жанчына заўсёды імкнулася да набыцця новых ведаў і вопыту, ёй было цікава паспрабаваць свае сілы ў розных кірунках бібліятэчнай дзейнасці. Таму ў 1978 годзе яна выказала пажаданне перайсці ў аддзел абанемента навуковай кнігі, дзе прапрацавала яшчэ сем гадоў свайго прафесійнага жыцця. Але па-сапраўднаму родным для яе стаў аддзел аўтарэфератаў і дысертацый, у якім Зінаіда Піліпаўна працавала з 1985 па 2000 год, у тым ліку тры гады яго ўзначальвала.
Працуючы ў бібліятэцы, З.П. Анішчанка ўвесь час павышала сваю кваліфікацыю, ніколі не спыняючыся на дасягнутым. У 1975 годзе яна атрымала вышэйшую адукацыю, скончыўшы Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”, вывучыла польскую мову.
З.П. Анішчанка прысвяціла трыццаць два гады свайго жыцця Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Неаднаразова яе імя можна было ўбачыць на Дошцы гонару, за плённую працу яна атрымлівала падзякі ад кіраўніцтва, а ў 1984 годзе ёй было прысвоена званне “лепшы па прафесіі”.
Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ад усяго сэрца віншуе Зінаіду Піліпаўну з юбілеем і жадае моцнага здароўя і даўгалецця. Няхай усё задуманае абавязкова збываецца! Няхай у жыцці будзе больш падстаў для ўсмешак і радасці!
Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.
Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.