ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
9 асноўных правіл па захоўванні кніг у хатніх умовах: парады спецыяліста
ДАІ нагадвае аб выкананні правіл дарожнага руху!

Мастак і Патрыёт

Мастак і Патрыёт
Іншыя навіны

10 снежня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння выдатнага сына беларускай зямлі, польскага і беларускага мастака-пейзажыста, графіка, сцэнографа, педагога, прафесара і грамадскага дзеяча – Фердынанда Рушчыца (1870–1936). Юбілей мастака ўнесены ў спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2020 год.

Фердынанд Рушчыц нарадзіўся ў маёнтку Багданава былога Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці) у небагатай шляхетнай сям’і. Але дзяцінства і юнацтва Фердынанда прайшлі ў Мінску, куды сям’я пераехала ў сувязі з прызначэннем Эдварда Рушчыца, бацькі будучага мастака, начальнікам рахункаводаў у кіраўніцтве будоўляй Лібава-Роменскай чыгункі.

ruszczyc_2.jpg

Сядзіба ў Багданаве. 1925 г. Фота Я. Булгака (1876–1950), сябра Ф. Рушчыца

У 1883–1890 гг. Фердынанд Рушчыц вучыўся ў Мінскай дзяржаўнай класічнай мужчынскай гімназіі. Вучоба давалася яму лёгка, адначасова наведваў прыватную школу мастака Казьмы Ермакова, выхаванца Пецярбургскай Імператарскай акадэміі мастацтваў, браў у яго ўрокі малюнка. На працягу ўсяго жыцця Рушчыц часта з павагай і ўдзячнасцю ўспамінаў свайго першага настаўніка. Скончыўшы з залатым медалём гімназію, па волі бацькоў малады чалавек паступіў на юрыдычны факультэт Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

ruszczyc_3.jpg

Мінск. Губернатарская вуліца і дзяржаўная мужчынская гімназія

ruszczyc_4.jpg

Ф. Рушчыц (у другім шэрагу пасярэдзіне) з сябрамі – выпускнікамі Мінскай мужчынскай гімназіі.1890

Падчас вучобы з вялікай цікавасцю наведваў выставы, музеі. У 1891 г. ён падаў прашэнне ў Акадэмію мастацтваў аб залічэнні вольным слухачом на аддзяленне жывапісу, а ў 1892 г. вырашыў канчаткова звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Ф. Рушчыцу неверагодна пашанцавала з педагогамі. Ён трапіў у пейзажную майстэрню да самага галоўнага перадзвіжніка І. Шышкіна, затым да А. Куінджы. У 1897 г. дыпломную карціну Фердынанда Рушчыца “Вясна”, паказаную на выставе ў Акадэміі мастацтваў, купіў для сваёй калекцыі Павел Траццякоў. У 1898 г. пейзаж мастака “Млын на заходзе сонца” набыў маскоўскі калекцыянер, мецэнат Сава Марозаў. Гэта было сапраўдным прызнаннем. Атрыманыя грошы дазволілі мастаку адправіцца ў падарожжа па краінах Заходняй Еўропы – ён наведаў Германію, Аўстрыю, Францыю, Бельгію, Швейцарыю, Італію. Знаходзячыся пад уражаннем ад убачанага, Рушчыц тым не менш пакідае ў сваім дзённіку запіс: “Мы бачым прыгажосць іншых краін, захапляемся імі... але любім толькі сваю, адчуваем, што яна належыць нам, а мы ёй”.

Напрыканцы паездкі ў 1898 г. Рушчыц вярнуўся ў радавы маёнтак Багданава, дзе на працягу наступнага дзесяцігоддзя былі напісаны самыя лепшыя жывапісныя творы мастака, лік якім адкрыла “Зямля” (1898), якая стала своеасаблівай візітнай карткай Рушчыца. Крыніцай таленту і натхнення мастака пры стварэнні большасці яго пейзажаў з’яўляўся рэальны ландшафт Багданава і яго ваколіц.

ruszczyc_5.jpg

Ф. Рушчыц. Зямля. 1898

У 1904–1907 гг. Рушчыц паглыбляецца ў педагагічную дзейнасць – выкладае ў нанова адкрытай Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў, у 1907–1908 гг. становіцца прафесарам жывапісу ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве. У 1908 г. мастак перабіраецца ў Вільню, папераменна жывучы то ў горадзе, то ў маёнтку Багданава. Ён працягвае шмат пісаць, аднак творчыя інтарэсы ўсё больш скіроўваюцца ў бок дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кніжнай ілюстрацыі і графічнага дызайну, сцэнаграфіі.

У 1911 г. Ф. Рушчыц прымае ўдзел у вялікай і прэтэнцыёзнай выставе 47-мі польскіх і мясцовых мастакоў у Мінску, арганізаванай скульптарам Яраславам Тышынскім. Выстава праходзіла ў памяшканні польскага клуба “Ognisko”, які знаходзіўся на Саборнай плошчы (цяпер на гэтым месцы размяшчаецца Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Больш за дзясятак работ Ф. Рушчыца былі прадстаўлены на гэтай выставе, сярод іх галоўны твор экспазіцыі – сімвалічная карціна мастака “Nec mergitur” (1905), на якой намаляваны містычны карабель са скарбамі, які гайдаецца на хвалях у бушуючым моры, не тоне (лац. Nec mergitur) і знікае ў невядомасці. Зараз гэты шэдэўр знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Літвы.

ruszczyc_6.jpg

Каталог мастацкай выстаўкі ў Мінску ў 1911 г.

ruszczyc_7.jpg

Ф. Рушчыц. Nec mergitur. 1905

Першая сусветная вайна прымусіла Ф. Рушчыца пакінуць Вільню і перажыць нямецкую акупацыю ў Багданаве. У 1919 г. Фердынанд Рушчыц займаўся арганізацыяй факультэта прыгожых мастацтваў у адноўленым Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, у далейшым быў яго дэканам (да 1933 г.).

ruszczyc_8.jpg

Ф. Рушчыц – дэкан факультэта прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. 1919 г.

Шмат чаго было зроблена Ф. Рушчыцам у пачатку 1930-х гг. у якасці старшыні камісіі па ахове помнікаў даўніны. Апошнія гады жыцця мастака былі вельмі цяжкімі. У выніку апаплексічнага ўдару ўвесь правы бок яго цела быў практычна паралізаваны, але ён мужна працягваў працаваць.

Не стала Ф. Рушчыца 30 кастрычніка 1936 года. Ён пахаваны на сямейных могілках у Багданаве, дзе таксама знайшлі вечны спакой яго бацькі і жонка.

Велізарная творчая спадчына мастака прыцягвае і дагэтуль увагу аматараў мастацтва і высокім прафесіяналізмам, і феноменам яго шматграннага таленту. У Польшчы і Літве імя Фердынанда Рушчыца прысвоена мясцінам, дзе ён жыў і працаваў, у родным Багданаве і Мінску ў яго гонар названы вуліцы, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Паступова ў Беларусь вяртаецца не толькі імя выдатнага мастака, але і яго творы. У планах – адраджэнне фамільнай сядзібы ў Багданаве, дзе змогуць збірацца мастакі і аматары яго творчасці з розных краін свету. На малой радзіме мастака ўжо стала традыцыйным правядзенне пленэраў.

ruszczyc_9.jpg

Мемарыяльная дошка на адным з будынкаў на вуліцы Фердынанда Рушчыца ў Мінску

Імя Фердынанда Рушчыца па прапанове Беларусі і Польшчы пры падтрымцы Літвы і Расіі ўнесена ЮНЕСКА ў каляндар памятных дат на 2020 г. У нашай краіне ўрачыстае адкрыццё Года памяці Рушчыца адбылося ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь яшчэ ў лютым прэзентацыяй віртуальнай выставы “Неба і зямля Фердынанда” на сайце музея. У экспазіцыі прадстаўлены работы з беларускіх, польскіх і літоўскіх музейных і прыватных калекцый. Але цяпер не толькі віртуальна можна пазнаёміцца з мастацкай творчасцю Ф. Рушчыца: раім наведаць выставу, якая 27 лістапада адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі, і ўвачавідкі атрымаць асалоду ад таленту вялікага майстра. (Не забывайце выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі.) На выставе прадстаўлены таксама працы мастакоў з акружэння Рушчыца. Сярод іх – творы яго настаўнікаў Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, аднакурснікаў Мікалая Рэрыха, Канстанціна Багаеўскага, Вільгельма Пурвіціса, Аркадзя Рылава. Адзін з раздзелаў прысвечаны вучням майстра – выбітным беларускім мастакам Пятру Сергіевічу і Міхаілу Сеўруку. Да нядаўняга часу ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея была толькі адна карціна мастака – “Ля касцёла” (1899). У 2019 г. былі набыты і перададзены ў дар музею яшчэ тры жывапісныя работы ранняга перыяду творчасці Фердынанда Рушчыца з калекцыі яго ўнука.

ruszczyc_10.jpg

Ф. Рушчыц. Ля касцёла (1899)

150-гадоваму юбілею мастака прысвечаны і памятныя прамавугольныя манеты “Фердынанд Рушчыц. 150 год”, выпушчаныя ў верасні Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.

У лістападзе выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем у серыі "Мастакі зямлі беларускай" выпусціла ўнікальнае выданне – альбом "Зямля і неба Фердынанда Рушчыца" аб жыцці і творчасці выдатнага мастака, якога па праве лічаць заснавальнікам нацыянальнай беларускай школы пейзажнага жывапісу.

ruszczyc_11.jpg

Вокладка юбілейнага альбома “Зямля і неба Фердынанда Рушчыца”. Выд-ва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” (2020)

З гэтым выданнем, а таксама з многімі іншымі матэрыяламі, прысвечанымі Ф. Рушчыцу, можна азнаёміцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, папярэдне замовіўшы іх праз электронны каталог. Некаторыя польскамоўныя выданні аўтарства Ф. Рушчыца алічбаваны Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы і знаходзяцца ў аддаленым доступе. Раім таксама звярнуцца да анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах i падзеях”.

Напрыканцы хацелася б прывесці цытату з “Дзённіка” Ф. Рушчыца, унікальнай крыніцы інфармацыі пра самога мастака і яго час, выдадзенага ў 2002 г. у перакладзе з польскай на беларускую мову: “Дзённік мой! Каб хаця б ты ведаў, як найперш за ўсё прагну быць добрым сынам сваёй Бацькаўшчыне, для яе працаваць і араць, і калі што ўзрасце, прынесці ёй увесь плён, паколькі люблю яе ўсім сваім сэрцам і толькі ёй належу целам і душой” (Рушчыц Ф. Дзённік : Да Вільні, 1894–1904 / Фердынанд Рушчыц. Мінск : ТАА “Медысонт”, 2002. С. 120).

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам