ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Віншуем з 85-годдзем ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святлану Мікалаеўну Кавязіну!
З Новым годам і Раством Хрыстовым!

Да 250-годдзя аднаго са старэйшых тэатраў Беларусі

Да 250-годдзя аднаго са старэйшых тэатраў Беларусі
Іншыя Навіны

Успамінаем яшчэ пра адну слаўную дату беларускага календара, якая адзначалася ў мінулым годзе. 250 гадоў таму адбыліся першыя пастаноўкі ў Слонімскім тэатры Агінскага, унікальнай з’яве, якая аказала вялікі ўплыў на развіццё тэатральнай культуры нашай краіны.

Па традыцыі ў апошнія дні адыходзячага года мы аглядаемся назад, аналізуем, падводзім вынікі і глядзім у будучыню. Беларускі каляндар – 2021 быў багаты на памятныя і юбілейныя даты, прысвечаныя знакавым падзеям у гісторыі нашай краіны, выдатным людзям, якія пакінулі яркі след у навуцы, нацыянальнай літаратуры, культуры, мастацтве. У 2021 г. сярод паведамленняў рубрыкі “Па старонках беларускага календара” былі матэрыялы, прысвечаныя: 280-годдзю з дня нараджэння заснавальніка Гродзенскай медыцынскай акадэміі прафесара Ж.-Э. Жылібера; 240-годдзю з дня нараджэння выдаўца і кнігагандляра Ю. Завадскага; 190-годдзю з дня нараджэння кампазітара М.К. Ельскага; 160-годдзю патрыярха беларусазнаўства Я.Ф. Карскага; 150-гадоваму юбілею этнографа і фалькларыста І.А. Сербава, 140-годдзю з дня нараджэння першага прэзідэнта Беларускай акадэміі навук У.М. Ігнатоўскага; цэлай плеядзе пісьменнікаў-юбіляраў (М. Чарот, К. Крапіва, В. Вольскі, І. Шамякін, І. Мележ, Э. Ажэшка, В. Вольскі) і многіх іншых. Нашы паведамленні накіраваны не толькі на сам факт юбілею, колькі на папулярызацыю фондаў, электронных інфармацыйных рэсурсаў, выдавецкай прадукцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і ўстаноў-партнёраў.

Завяршаючы сёння рубрыку “Па старонках беларускага календара – 2021”, мы прапануем спыніцца яшчэ на адным юбілеі адыходзячага года – 250-годдзі Слонімскага тэатра Агінскага, пачаткам дзейнасці якога многія даследчыкі лічаць 1771 г.

Slonimski-teatr-2.jpg

Стварэнне найбуйнейшага культурнага цэнтра на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XVIII ст. звязана з імем Міхаіла Казіміра Агінскага (1728–1800), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, кампазітара, паэта, мецэната. Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Агінскіх займаў пасады вялікага літоўскага віначэрпія (1744–1748), вольнага літоўскага пісара і генерал-маёра літоўскіх войскаў (1748–1764), ваяводы віленскага (1764–1768). З юнацтва ён вывучаў музыку і выяўленчае мастацтва. Быў добрым жывапісцам-аматарам і музыкам. Іграў на скрыпцы, арфе, клавікордзе і кларнеце (некалькі ўрокаў ігры на скрыпцы браў нават у вядомага італьянскага маэстра Джавані Батыста Віёці).

У 1764 г. Міхал Казімір Агінскі атрымаў тытул віленскага ваяводы і шэраг маёнткаў. Слонім, дзе з 1761 г. ён быў старастам, з’яўляўся каштоўнай часткай пасагу яго жонкі, Аляксандры Сапегі. Па ініцыятыве і на сродкі Агінскага ў 1767–1783 гг. была ажыццёўлена пракладка праз палескія балоты дзвюх дарог-трактаў (Пінск – Слонім, Пінск – Валынь) і знакамітага канала, які злучыў басейны Балтыйскага і Чорнага мораў. Канал стаў для ўсяго Палесся нагодай для гонару і фактарам эканамічнага росту. У 1768 г. на месцы старога замка Сапегаў Агінскі пабудаваў цудоўны палац, у архітэктурны ансамбль якога ўвайшлі манеж, тэатр, аранжарэя, а таксама друкарня, парк, дамы для прыдворных і гасцей, іншыя пабудовы. Аднак любімым тварэннем гетмана стаў Слонімскі прыдворны тэатр, на сцэне якога працавалі прафесійныя італьянскія, французскія, польскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны балет і хор.

З 1776 г. М.К. Агінскі, увесь час знаходзіўся ў сваёй рэзідэнцыі ў Слоніме і займаўся грандыёзным будаўніцтвам новага будынка тэатра (“Дома оперы”). Тэатр быў узведзены з каменя з чарапічным дахам у стылі італьянскага барока прыкладна ў 1775–1781 гг. па праекце і пад кіраўніцтвам італьянскага дойліда і тэатральнага мастака Іначэнца Мараіна і ўяўляў сабой масіўны двухпавярховы будынак з вялікай залай і глыбокай сцэнай з прымыкаючымі да яе двума флігелямі. Размяшчаўся ён паміж палацам і адводным каналам, які цягнуўся ад Шчары. Верагодна, зала была двух’яруснай, накшталт астатніх тэатраў у магнацкіх сядзібах Беларусі.

Slonimski-teatr.jpg
Слонімскі тэатр князя Міхаіла Казіміра Агінскага (малюнак-рэканструкцыя В. Грыневіча). Фота з адкрытых крыніц

Па раскошы і пышнасці Слонімскі тэатр мог стаць гонарам любой еўрапейскай сталіцы. Згодна з захаванымі апісаннямі, у ім было 27 ложаў на абодвух ярусах. Самай прыгожай была цэнтральная – упрыгожаная арнаментальным бардзюрам і ўвянчаная картушам з каралеўскім гербам. Па цэнтры да столі мацавалася раскошная крыштальная жырандоля, па баках размяшчаліся шматлікія насценныя свяцільні. Агульная ўмяшчальнасць залы складала каля 1 000 чалавек (дарэчы, гэта можна супаставіць з умяшчальнасцю нашага Нацыянальнага тэатра оперы і балета з яго 1 200 месцамі для гледачоў). Праз высокія дзверы глядач заходзіў у партэр, а ў абодва бакі з залы ішлі драўляныя лесвіцы да ложаў.

Аднак галоўным дасягненнем Слонімскага тэатра была сцэна. Яе механіка, памеры і магчымасці проста здзіўлялі. Сцэна была прыстасаваная для барочных балетаў і опер з сюжэтамі сцэнічных ператварэнняў, у якіх маглі быць задзейнічаны сотні акцёраў і статыстаў. Вялікая сцэна была сканструявана па апошнім слове тэхнікі і дазваляла ўвасабляць самыя складаныя спектаклі і балетныя пастаноўкі, тэатралізаваныя конныя баталіі і водныя феерыі. Для надання чараўніцтва дзейству спецыяльныя лямпы асвятлялі водную прастору, кулісы, а таксама фантаны на сцэне, што ўзмацняла ўражанні ад феерый. Дадатковую эфектнасць пастаноўкам давала складаная машынерыя, якая знаходзілася пад памяшканнем тэатра і дазваляла раптоўна з’яўляцца і знікаць персанажам, хутка мяняць дэкарацыі і г.д. У летні час значная частка сцэны затаплівалася вадой з канала, і перад гледачамі плавалі сапраўдныя, а не бутафорскія лодкі. Прадугледжваліся нават фантаны з падсветкай бенгальскімі агнямі. Падтрыманнем тэхнічных сістэм тэатра на належным узроўні займалася вялікая колькасць тэатральных машыністаў, дэкаратараў, архітэктараў і піратэхнікаў. Акрамя таго, у штаце значыліся кравец, цырульнік, суфлёр, цясляр, швейцар, два спецыялісты па абслугоўванні паркетных падлог, два гардэробшчыкі і майстар па феерверках.

Slonimski-teatr-3.jpg
Канал Агінскага ў Слоніме. Пачатак ХХ ст.  Фота з адкрытых крыніц

У тэатры ставіўся тыповы еўрапейскі рэпертуар таго часу, супастаўны з рэпертуарам музычных тэатраў Мілана, Вены, Парыжа, Мангейма, Штутгарта і інш. Па захаваўшыхся дакументах вядома, што ў рэпертуары былі заяўлены 61 опера, 18 балетаў, з музычныя камедыі. Гэта 82 спектаклі, пастаўленыя прыблізна за 15–20 гадоў (у сярэднім атрымліваецца па шэсць пастановак за год). Нават па сучасных мерках гэта вельмі значны рэпертуар. Але галоўным гонарам вялікага гетмана быў аркестр. Усе выканаўцы ў Агінскага былі на кантрактах і рэгулярна атрымлівалі заробак. Спачатку на мяжы 1774–1775 гг. аркестр у Слоніме налічваў 12 выканаўцаў. Але ўжо ў 1776 г. колькасць музыкаў у аркестры павялічылася да 53 выканаўцаў. Мала хто ў той час мог сабе дазволіць такі склад аркестра. Больш за тое, пры тэатры была адкрыта музычная школа і класы фартэпіяна для падрыхтоўкі спевакоў і музыкантаў. Акрамя музыкі і спеваў, навучалі грамаце. У штаце быў і настаўнік італьянскай мовы, які працаваў як з опернымі прымамі, так і з артыстамі хору.

Нараўне з операй і сімфанічнай музыкай з чэрвеня 1777 г. Агінскі пачынае развіваць пры сваім тэатры балет. Спачатку гэта была невялікая група (4 мужчыны і 4 жанчыны), але зусім хутка колькасць артыстаў балета перавысіла 20 чалавек. А ў 1781 г. пры тэатры была адкрыта балетная школа, якая размяшчалася ў асобным будынку, абсталяваным рэпетыцыйнымі заламі і навучальнымі класамі. Самі вучні жылі ў спецыяльна пабудаваных для гэтай мэты дамах. У 1785 г. у школе праходзілі харэаграфічную падрыхтоўку ўжо 18 навучэнцаў. Пасля заканчэння навучання маладыя артысты склалі аснову балетнай трупы тэатра.

Такім чынам, да пачатку апошняга дзесяцігоддзя ХVІІІ ст. Слонім стараннямі Міхаіла Казіміра Агінскага ператварыўся ў адзін з найбуйнейшых музычных цэнтраў Усходняй Еўропы з бліскучым аркестрам, выбітнай опернай трупай і выдатным балетам. Па сведчанні сучаснікаў, Слонімскі тэатр шмат працаваў і былі месяцы, калі спектаклі ішлі кожны дзень. Слонім у тыя часы называлі “Палескімі Афінамі”, куды ў святочныя дні з’язджаліся людзі мастацтва і іх прыхільнікі, багатыя шляхцічы з усяго краю.

Але падзел Рэчы Паспалітай не абышоў Слонім бокам. Горад з небывалай хуткасцю пачаў прыходзіць у заняпад. Аркестр, оперная і балетная трупы былі расфарміраваны. Абязлюдзеў і апусцеў палацавы комплекс, паступова ператвараючыся ў руіны. Апошнія гады свайго жыцця Агінскі правёў у сваёй рэзідэнцыі пад Варшавай. Аднак створаны ім Слонімскі тэатр па-ранейшаму разглядаецца як унікальная з’ява, якая аказала вялікі ўплыў на развіццё прафесійнага тэатральнага і музычнага мастацтва Беларусі.

Slonimski-teatr-4.jpg

У сучасным Слоніме ў памяць пра дзейнасць Міхаіла Казіміра Агінскага на будынку Слонімскага драматычнага тэатра ўсталявана мемарыяльная дошка (скульптар Л. Багдан, 2014). А ў лістападзе 2019 г. у цэнтры Слоніма ўрачыста быў адкрыты помнік.

Slonimski-teatr-5.jpg

Падрабязней аб росквіце “Палескіх Афін” можна пачытаць у выдатнай кнізе гісторыка мастацтва, музеязнаўцы і мецэната Анджэя Цеханавецкага “Мiхал Казiмiр Агiнскi i яго сядзiба музаў”, выдадзенай у 1961 г. на нямецкай мове (у перакладзе на беларускую мову выдадзена ў 1993 г., перавыдадзена ў 2006 г.). Кніга ўнікальная, паколькі ўяўляе сабой даследаванне, заснаванае на невядомых раней архіўных матэрыялах.

Звярнуўшыся да электроннага каталога бібліятэкі, можна даведацца і пра іншыя выданні па дадзенай тэме. Карыснай будзе і інфармацыя ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах i падзеях”. Звяртаем таксама ўвагу карыстальнікаў на даступнае ў сетцы інтэрнэт відэа “Міхаіл Казімір Агінскі. Служэнне музам” (аўтар сцэнарыя Т. Сухоцкая, рэжысёр-пастаноўшчык А. Ляскін).

Навукова-даследчы аддзел бібліяграфіі, які прадстаўляе матэрыялы для рубрыкі “Па старонках беларускага календара”, віншуе калег і чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з Новым 2022 годам. Жадаем усім дабрабыту і здароўя, новых дзівосных адкрыццяў, займальных падарожжаў па старонках багатай і часам нязведанай гісторыі нашай краіны.

Навіны

У бібліятэцы абмеркавалі міжнародныя стандарты і выбарчы працэс

20 Вер 2024

19–20 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародныя стандарты і выбарчы працэс: вопыт і перспектывы развіцця”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“«Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў”: бібліятэка стварае новы віртуальны праект

20 Вер 2024

У гэтым годзе адзначаецца 55-годдзе з часу заснавання Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” – легендарнага гурта, любімага мільёнамі слухачоў у розных краінах свету.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“На ўсходзе сонца”: заключны фільм кінатрылогіі “Доўгія вёрсты вайны”

19 Вер 2024

18 верасня зала дакументаў па мастацтве (пам. 306) у чарговы раз стала месцам прыцягнення прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава і экранізацый яго глыбокіх твораў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Кніга – лепшы падарунак

19 Вер 2024

Напярэдадні святкавання Дня бібліятэк у рамках дабрачыннай акцыі “Год якасці: фарміруем фонды разам”, якая праводзіцца з мэтай дакамплектавання фондаў бібліятэк краіны, супрацоўнікі аддзела камплектавання фондаў на працягу ўсяго святочнага тыдня наведвалі бібліятэкі Рэспублікі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Сафіі адзначылі Дзень народнага адзінства

18 Вер 2024

17 верасня да Дня народнага адзінства ў Рускім Доме ў Сафіі адкрылася фотавыстава “Беларусь: прыгожыя імгненні”, падрыхтаваная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з тэлеканалам “Беларусь 24”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам