ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Госць бібліятэкі – пасол Узбекістана ў Беларусі
У музеі кнігі адкрылі “Тайны канцылярыі”

“Ён дораг нам, як першае каханне…”

Іншыя навіны

На гэтым тыдні споўнілася сто гадоў з дня заснавання дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку. Аб тым, чаму гэтая сядзіба можа прэтэндаваць на званне найстарэйшай культурнай установы ў Беларусі, і чым сёння жыве колішняя калыска класіка, распавядае “Культура”.

Адзін з першых крокаў для ўшанавання памяці Міцкевіча быў зроблены ў Навагрудку ў 1903 годзе. Па словах дырэктара музея Мікалая Гайбы, дачка пісьменніка Марыя Гарэцкая-Міцкевіч прывезла з Варшавы мармуровую шыльду з бюстам класіка, якую ўсталявалі ў касцёле Святога Міхаіла Арханёла. Што ж тычыцца самога дома Міцкевічаў, то хоць ён і згарэў у пажары ў 1881 годзе, але неўзабаве быў адноўлены на тым самым месцы. Будынак адыгрываў у жыцці мястэчка нешараговую ролю ­– аж да пачатку ХХ стагоддзя тут жылі маршалкі павятовай шляхты.

3_7.jpg

Пачатак доўгага шляху

Ідэя мемарыялізацыі гэтага дома, звязанага з імем літаратурнага генія, нечаканым чынам з’явілася акурат у бурлівыя гады рэвалюцыйных падзей і грамадзянскай ды савецка-польскай войн. У той час, калі Навагрудак некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі ад савецкай улады да польскай. З чарговым прыходам Чырвонай арміі, якая заняла Навагрудак 19 ліпеня 1920 года, павятовы рэвалюцыйны камітэт і выдаў загад за нумарам 40, датаваны 16 верасня:

“А) В городе Новогрудке жил когда-то известный всему миру польский писатель и поэт Адам Мицкевич. После него остался дом, библиотека и прочее.

Б) Советская власть, являясь носителем культуры и света, помнит о тех, кто на этом поприще трудился, и память о них увековечивает, соблюдает и оберегает, вследствие чего приказывается:

§ 1. Дом, в котором жил Адам Мицкевич, со всей обстановкой и библиотекой, немедленно очистить от проживающей в нём публики и передать в ведение уездного отдела народного образования.

§ 2. Жилищному отделу в срочном порядке предоставить квартиры выселяемым из бывшего дома Мицкевича.

§ 3. Отделу народного образования немедленно приступить к организации в этом доме народного музея и библиотеки имени Мицкевича.

§ 4. Собрать все имеющиеся в уезде книги и прочие памятки про Мицкевича, и включить их в музей или библиотеку.

Примечание к § 1. Мебель и прочая обстановка, находящаяся в доме, поставленная туда после прихода наших войск, а равно и прочее, не имеющее отношения к Мицкевичу, может быть убрана”.

Адметна, што загад гэты быў падпісаны старшынёй Навагрудскага рэўкама Станіславам Мертэнсам-Скульскім, які пазней зрабіўся першым мужам знакамітай Веры Харужай. Аднак вайна працягвалася, і 1 кастрычніка 1920 года ў Навагрудак зноў увайшлі польскія войскі – горад амаль на два дзесяцігоддзі апынуўся ў складзе адноўленай польскай дзяржавы. Справа арганізацыі музея прыпынілася – але толькі да часу.

3_8.jpg

Дом-музей паэта

Гісторыя сядзібы

У міжваенныя гады мясцовая грамадскасць Навагрудка таксама прадпрымала пэўныя захады па стварэнні ў доме Міцкевіча музейнага асяродку. У 1922 годзе сюды прыязджаў старэйшы сын пісьменніка Уладзіслаў, і з гэтай нагоды ў горадзе быў створаны Камітэт увекавечання памяці Адама Міцкевіча. Гэта было добраахвотнае навуковае таварыства, якое ўзначальваў мясцовы ваявода. Менавіта яно ў 1930 годзе прыняла рашэнне аб стварэнні музея і з 1936-га прыступіла да працы па яго рэалізацыі,. 11 верасня 1938-га года музей нарэшце быў урачыста адкрыты. Таму, так ці іначай, гэтая ўстанова сёння можа прэтэндаваць на званне найстарэйшага літаратурнага музея краіны.

На цырымоніі адкрыцця, між іншым, прысутнічала ўнучка Марылі Верашчакі – каханай Міцкевіча. Адметна, што акрамя дома-музея, памяць Міцкевіча ў міжваенным Навагрудку была ўвекавечаная таксама насыпаннем кургана ў гонар літаратурнага класіка. Курган быў створаны ў 1924 – 1931 гадах, а ў яго аснове быў закладзены акт са зваротам да нашчадкаў. Дарэчы, курган гэты і сёння застаецца адзіным у Беларусі, насыпаным у памяць аб канкрэтным чалавеку.

3_4.jpg

Фрагмент экспазіцыі

На жаль, адноўлены пасля пажару 1881 года дом Міцкевічаў таксама загінуў – падчас страшэннай нямецкай бамбардзіроўкі Навагрудка ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, у чэрвені 1941 года, ад якой моцна пацярпела ўся цэнтральная частка мястэчка. Сёння дом-музей стаіць у невялікім скверыку – да вайны ж тут была шчыльная забудова вуліцы Адама Міцкевіча. Калі ў 1948 годзе прымалася рашэнне аб аднаўленні дома, яго вырашылі адбудаваць такім, як ён выглядаў пры жыцці пісьменніка. У 1955-м, да 150-годдзя з дня смерці Міцкевіча, будынак быў узведзены, і распачалася яго музеіфікацыя. У 1990 годзе, падчас рэканструкцыі, яму быў вернуты выгляд, вядомы па старых фотаздымках і малюнках – дом зноў займеў калоны і драўляны дах. Таксама на прылеглай тэрыторыі з’явіліся флігель, свіран, альтанка і студня – дом і яго наваколле набылі звыклы выгляд шляхецкай сядзібы.

“З маленства палюбілі мясцовы народ…”

Сёння знаёмства з домам-музеем Міцкевіча ў Навагрудку распачынаецца акурат расповедам аб гісторыі самога будынка. Яшчэ адна адметная частка экспазіцыі размяшчаецца ў цокальных памяшканнях – тут можна пабачыць этнаграфічную выставу “Малюнкі сельскага жыцця”, якая змяшчае прадметы вясковага побыту. Яе ідэю добра перадае цытата з успамінаў сябра Міцкевіча Ігнацыя Дамейкі: “Два вучні нашай навагрудскай школы, Адам Міцкевіч і Ян Чачот, з маленства палюбілі мясцовы народ, часта разам хадзілі на сельскія вяселлі, на хаўтуры, на дажынкі, на кірмашы. Менавіта бедная страха і народная песня распалілі ў іх грудзях першыя паэтычныя імкненні”. Побач – выстава “Свет кухні Адама Міцкевіча”, якая распавядае, між іншага, аб няньцы пісьменніка Ганне Гансеўскай, якая ведала шмат народных песняў, паданняў, казак і перадавала свае веды будучаму класіку.

3_5.jpg

Гадзіннік з віленскага пакоя Міцкевіча

Вядома, што Адам Міцкевіч нарадзіўся не ў Навагрудку, а ў сядзібе ў Завоссі, якая аддаленая ад мястэчка амаль на пяцьдзясят кіламетраў. Бацькі будучага пісьменніка на Каляды 1798 года паехалі, паводле святочнай традыцыі, з Навагрудка да сваякоў, і менавіта ў іх доме з’явіўся на свет маленькі Адам. Хрысцілі яго ўжо ў Навагрудку, у фарным касцёле ў лютым 1799-га, а прыкладна праз паўгода ранейшы ўладальнік Завосся памёр, і маёнтак гэты перайшоў у спадчыну да бацькі Адама Мікалая Міцкевіча, які аддаў яго сваякам у арэнду. Сам жа Адам школьнікам часта прыязджаў туды пагасцяваць на канікулах.

Цокальныя памяшканні галоўнага будынка музея злучаюцца з флігелем падземнага перахода – тут размешчаная выставачная галерэя, дзе амаль штомесяц адбываюцца часовыя экспазіцыі. У флігелі ж знаходзіцца літаратурна-музычны салон, у якім сёння можна пабачыць тую самую мемарыяльную шыльду, прывезеную некалі ў Навагрудак дачкой нашага выдатнага зямляка.

У родным гняздзе

Асноўная экспазіцыя дома-музея адкрываецца дзіцячым пакоем Міцкевічаў. Інтэр’еры адноўленыя паводле ўспамінаў малодшага брата Міцкевіча, Аляксандра. Тут на паліцах шафаў можна пабачыць старадаўнія кнігі, сярод якіх найстарэйшай з’яўляецца падручнік па матэматыцы 1772 года. Агулам жа ў калекцыі музея знаходзяцца 120 старадрукаваных кніг, сярод якіх – дзевяць прыжыццёвых выданняў класіка.

7_1.jpg

Выгляд дома Міцкевіча ў 1830-я гады

Найбольш каштоўныя экспанаты размешчаныя ў гасцёўні: перад камінам можна пабачыць экран-загарадку з палаца Храптовічаў у Шчорсах, а на каміне – гадзіннік з віленскага пакоя Міцкевіча, дзе класік жыў у 1822 годзе. Побач – крэсла і два столікі з маёнтка ў Туганавічах - там калісьці жыла тая самая каханая Міцкевіча Марыля Верашчака. Сядзіба была разбураная падчас Першай сусветнай вайны, але мясцовыя жыхары дбалі пра памяць яе колішніх гаспадароў, захавалі мэблю і пасля Вялікай Айчыннай вайны перадалі яе ў дом-музей. Таксама тут можна пабачыць акуляры, падараваныя Міцкевічу сям’ёй Варанцовых падчас гасцявання ў Маскве – іх перадалі ў музей нашчадкі.

На дарогах выгнання

Наступны пакой прысвечаны знаходжанню Міцкевіча ў цэнтральнай Расіі, у якім адноўленая атмасфера свецкіх салонаў Масквы і Санкт-Пецярбурга. Асобная тэма – сяброўства Міцкевіча з Пушкіным. Тут можна пабачыць перададзеныя з маскоўскага музея копіі чарнавікоў Пушкіна, на адным з якіх класік рускай літаратуры намаляваў партрэт Адама, а на другім – выявіў сябе разам з Міцкевічам у авечай скуры. Заключная частка экспазіцыі, прысвечаная замежным блуканням паэта. На чужыне ён быў выкладчыкам двух універсітэтаў: год чытаў лекцыі па лаціне ў Лазанскім універсітэце ў Швейцарыі, а пасля ў Парыжы для яго, на прапанову міністра асветы, адмыслова была створаная кафедра славянскай літаратуры ў Калеж дэ Франс.

7_2.jpg

Забудова вуліцы Міцкевіча ў міжваенным Навагрудку

Адзіны экспанат, які захаваўся з даваеннага музея – бронзавая мадэль помніка Міцкевічу ў Парыжы, створанага скульптарам Антуанам Бурдэлем. Скульптура была ўсталяваная ў французскай сталіцы ў 1929 годзе, вышыня яе складае пятнаццаць метраў. У 1937 годзе навагрудчане сабралі грошы і за пятнаццаць тысяч франкаў набылі мадэль помніка ва ўдавы скульптара. Пасля бамбардзіроўкі ў 1941 годзе непашкоджаную бронзавую фігуру ўдалося адшукаць у завалах. Такім чынам музей атрымаў унікальны экспанат, які завяршае знаёмства з экспазіцыяй, але адначасова з’яўляецца і першым музейным прадметам па часе паступлення.

Асяродак краязнаўства

На працягу апошніх пяці гадоў колькасць наведванняў дома-музея ўзрастала, і летась дасягнула трыццаці тысяч, прычым, шэсцьдзясят працэнтаў з іх прыпадае на долю замежных турыстаў, збольшага з Польшчы альбо Расіі. Першыя два месяцы сёлета такая тэндэнцыя захоўвалася, але, вядома, пандэмічная сітуацыя не магла не паўплываць на гэтую статыстыку. Тым не менш, музей імкнецца зацікавіць не толькі турыстаў, але і мясцовых наведвальнікаў, ужо знаёмых з асноўнай экспазіцыяй. Для іх праводзяцца выставы, найноўшая з якіх прысвечаная помнікам Міцкевічу ў свеце – іх налічваецца семдзясят два. Таксама працуе кіналекторый, дзе можна пабачыць фільмы, звязаныя з жыццём і творчасцю класіка.

7_3.jpg

Адкрыццё адноўленага дома-музея ў 1955 годзе

Дырэктар дома-музея Мікалай Гайба з’яўляецца, бадай, адным з найбольш вядомых навагрудскіх краязнаўцаў. Летам у серыі “Падарожжа па родным краі”, якую выпускае выдавецтва “Беларусь”, пабачыла свет яго чарговая кніга – “Сем вежаў Навагрудка”. Выданне змяшчае тры дзясяткі артыкулаў па гісторыі мястэчка ад старажытнасці і да нашых дзён, а таксама аб выдатных дзеячах літаратуры і мастацтва, чые лёсы звязаныя з Навагрудчынай – ад Янкі Купалы, які быў тут некалі памочнікам упраўляючага ў маёнтку, да Язэпа Драздовіча, які выкладаў у мясцовай гімназіі, і Уладзіміра Высоцкага, які наведваў гэтыя мясціны падчас здымак фільма “Сыновья уходят в бой” і напісаў тут цыкл ваенных песень.

7_4.jpg

Сядзіба на здымку канца ХІХ стагоддзя

Зямля навагрудская захоўвае багата цікавостак і таямніц, з якімі, бадай, варта пазнаёміцца кожнаму беларусу. Ці не найлепшы спосаб зрабіць гэта – наведаць дом-музей Міцкевіча, тым больш – у год яго стагадовага юбілею.

Аўтар публікацыі: Антон Рудак.

Крыніца: газета “Культура”

Навіны

Папулярызацыя рэсурсаў віртуальнай чытальнай залы НББ

30 Кас 2020

29 кастрычніка прайшоў анлайн-семінар віртуальнай чытальнай залы НББ для супрацоўнікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Прафесійная сустрэча была прысвечана аднаму з самых актуальных пытанняў бібліятэчнага абслугоўвання ў сучасных умовах – выкарыстанню ліцэнзійных электронных інфармацыйных рэсурсаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Бу!”: даведнік па дамах з прывідамі ў літаратуры

30 Кас 2020

Што можа быць больш прывабным і адначасова страшным для чытача, чым дамы з прывідамі? За апошнюю сотню гадоў мы сталі сведкамі мноства сумных гісторый, дзе галоўныя героі заключаюць здзелку стагоддзя і купляюць дом, у якім яны самі – нечаканыя госці. Мара ператвараецца ў кашмар, а родныя сцены больш не здаюцца бяспечнымі. Прадстаўляем вам даведнік па самай містычна небяспечнай нерухомасці ў літаратуры!

Аўтарскі погляд

30 кастрычніка – 115 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, выдатнага скульптара Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905–1986)

30 Кас 2020

Імя мастака добра вядома не толькі знаўцам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя, але і шматлікім гасцям нашай краіны. Бо сярод найбольш вядомых турыстычных аб’ектаў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Курган Славы, манумент Перамогі ў Мінску і многае іншае, аўтарам або суаўтарам стварэння якіх з’яўляўся Андрэй Бембель.

Па старонках беларускага календара

Свабоднае праграмнае забеспячэнне для стварэння краязнаўчых рэсурсаў бібліятэк

29 Кас 2020

22 кастрычніка ў рамках VII Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” Віктар Пшыбытка правёў анлайн майстар-клас “Выкарыстанне свабоднага праграмнага забеспячэння для стварэння краязнаўчых рэсурсаў бібліятэк”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Захаванасць дакументаў як залог якаснага задавальнення чытацкіх запытаў

29 Кас 2020

Ва ўмовах дэфіцыту фінансавання, недахопу плошчаў для размяшчэння фондаў, зніжэння экзэмплярнасці закупляемых дакументаў, пагаршэння якасці паперы і спажывецкіх характарыстык выдавецкай прадукцыі ўзрастае пагроза зніжэння колькаснага і якаснага складу бібліятэчных фондаў. Без актыўнай працы па забеспячэнні захаванасці бібліятэчных фондаў значная частка дакументаў можа быць бязвыплатна страчана.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

29 Кас 2020

Кожны год у канцы кастрычніка мы ўспамінаем сумную дату. У ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе былі забіты некалькі дзясяткаў беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў... Сярод тых, хто загінуў у той жудасны час, ёсць адзін пісьменнік, сёлетні юбіляр, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Янка Нёманскі. Давайце ўспомнім гэтага чалавека, а тым самым – усіх, хто быў забіты і не паспеў даспяваць свае песні.

Навіны бібліятэк

111