ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Дзень беларускага пісьменства аб'яднае Сапегу, Агінскіх і Быкава
Нацыянальная бібліятэка Беларусі на ІФЛА-2019

Як Іван Луцкевіч да сваіх вяртаўся

Як Іван Луцкевіч да сваіх вяртаўся
Іншыя навіны

20 жніўня ў мінскім Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася выстава “У народ і край свой толькі веру”, прымеркаваная да 100-годдзя з дня смерці Івана Луцкевіча – палітычнага і грамадскага дзеяча пачатку ХХ стагоддзя, археолага і краязнаўцы, аднаго з лідараў беларускага нацыянальнага руху.

У экспазіцыі прадстаўленыя прадметы і дакументы са збораў архіўных і музейных устаноў Беларусі ды Літвы, а таксама з прыватных калекцый, у тым ліку з сямейнага архіва нашчадкаў Луцкевічаў. Выстава будзе працаваць да 11 верасня.

Луцкевіч у гасцях у Луцэвіча

Герой выставы пры жыцці і сам быў пэўным чынам звязаны з музейнай справай. Іван Луцкевіч вядомы перадусім не толькі як адзін з пачынальнікаў ды ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху, заснавальнік “Нашай Нівы” і Беларускай сацыялістычнай грамады – але і як збіральнік унікальных артэфактаў айчыннай гісторыі і культуры, прычым не толькі яе. Дзеяч асабліва захапляўся культурай беларускіх татар, якія жылі на нашых землях доўгія стагоддзі, некалі запрошаныя сюды на вайсковую службу яшчэ вялікім князем літоўскім Вітаўтам. Кажуць, нібыта сам род Луцкевічаў таксама меў татарскае паходжанне – чаму ахвотна верыш, нават зірнуўшы на фота братоў Івана і Антона – цемнавалосых, цемнавусых, з крыху раскосымі вачыма.

Так ці іначай, нават адзіны навуковы артыкул, апублікаваны Іванам Луцкевічам, быў прысвечаны акурат татарскім кітабам – кнігам, напісаным па-беларуску, але арабскім пісьмом. Дзеяч не пакінуў па сабе багатай друкаванай спадчыны, аддаючы ўвесь свой час на тое, каб шукаць ды збіраць памяткі гісторыі і зарабляць грошы на беларускую палітычную і грамадскую дзейнасць – але лёс распарадзіўся так, што зборы ягоныя былі расцярушаныя па свеце. Таму на сённяшняй выставе захапленне Івана Луцкевіча музейнай справай і татарскай культурай сімвалізуюць рэчы з асабістай калекцыі вядучага навуковага супрацоўніка купалаўскага музея Паўла Каралёва – тут можна пабачыць старадаўнія манеты і прадметы побыту беларускіх татар, адшуканыя на беларуска-літоўскім памежжы, у Відзах-Лаўчынскіх на Браслаўшчыне.

Выстава нездарма арганізаваная менавіта ў купалаўскім музеі – Івана Луцкевіча і Янку Купалу (Івана Луцэвіча) пры жыцці яднала не толькі падабенства імёнаў. Акурат на запрашэнне братоў Івана і Антона Луцкевічаў малады Янка Купала ў 1908 годзе прыязджае ў Вільню, дзе пачынае працаваць у рэдакцыі “Нашай Нівы”. Менавіта браты Луцкевічы далучылі паэта да грамадскай дзейнасці і далі яму магчымасць займацца інтэлектуальнай працай – а да таго моманту Янка Купала працаваў на броварах ды вінакурнях. Хто ведае, як склаўся бы ягоны лёс, калі б не гэтае знаёмства?

IvanLuzkevich-1.jpgНездарма пазней у Мінску Купала набыў сабе дом па суседстве з сям’ёй Луцкевічаў. І гэта аднойчы нават выратавала яму жыццё – калі ў 1930 годзе падчас сталінскіх рэпрэсій паэт зрабіў няўдалую спробу самагубства, першую дапамогу яму аказаў акурат старэйшы з братоў Луцкевічаў – лекар Стэфан. Таксама прадстаўленыя на выставе лісты Янкі Купалы да Івана Луцкевіча, здымкі з дарчымі надпісамі. Словам, пры жыцці яны часта кантактавалі, і зусім не дзіўна, што сёння Іван Луцкевіч “гасцюе” ў Купалавым доме. Дый назвай выставы таксама сталі радкі з Купалавага верша “Мая вера”. Таму асобны стэнд прысвечаны старым дамам Луцкевічаў і Янкі Купалы, якія стаялі ў ваколіцах сучаснага музея. Тут можна пабачыць здымкі сям’і Луцкевічаў, а таксама рэчы, знойдзеныя на папялішчы Купалавай хаты. Гэтыя экспанаты размешчаныя на фоне нямецкага аэрафотаздымка Мінска 24 чэрвеня 1941 года – на ім якраз відаць дым пажару ад нямецкіх бомб, якія знішчылі разам з паэтавым домам і ладную частку драўлянай забудовы горада.

Лёс заручальнага пярсцёнка

Пасля смерці Івана Луцкевіча яго багатыя зборы памятак гісторыі і культуры сталі асновай для адкрытага ў 1921 годзе Беларускага музея ў Вільні. Музей дзейнічаў на працягу ўсяго міжваеннага перыяду і быў ліквідаваны толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Сёння рэчы і дакументы з яго збораў знаходзяцца ў музейных і архіўных установах Беларусі і Літвы, многія артэфакты апынуліся ў прыватных калекцыях. Таму не дзіва, што сённяшняя выстава, упершыню прысвечаная Івану Луцкевічу і яго дзейнасці, сталася супольным праектам шэрагу ўстаноў і прыватных асоб як з Беларусі, так і з-за мяжы, а музейныя прадметы і дакументы, прадстаўленыя на ёй, завіталі ў Мінск пасля доўгіх вандраванняў па свеце, ад Нюрнберга да Пецярбурга.

Ідэя правядзення выставы належыць дырэктару грамадскай арганізацыі “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” Людвіцы Кардзіс (Вільнюс, Літва). Для экспазіцыі ў Мінску выставы са збораў вільнюскага музея былі часова перададзеныя такія ўнікальныя прадметы, як бюст Івана Луцкевіча работы скульптара Рафала Яхімовіча і рушнік, вышыты нарачонай Івана Юліянай Мэнке. Дзяржаўны музей імя Янкі Купалы даўно і плённа супрацоўнічае з арганізацыяй “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”. Вынікам гэтага супрацоўніцтва сталі дзве выставы, якія адбыліся ў Мінску ў 2018 годзе – “Кузня беларускага духу”, прысвечаная гісторыі беларускага школьніцтва ў міжваеннай Вільні, і “Крывіцкая Мекка”, якая распавядала аб ролі Вільні ў гісторыі Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Нягледзячы на тое, што вільнюскі “Беларускі музей” пакуль не мае памяшкання, а яго зборы захоўваюцца ў прыватнай кватэры, на выставы ў Мінску адтуль заўжды трапляе багата цікавых артэфактаў.

Таксама ў экспазіцыі можна пабачыць рэчы з калекцыі стрыечнай унучкі Івана Луцкевіча Маргарыты Пяровай (Санкт-Пецярбург, Расія), якая і сама прыехала на адкрыццё: сямейныя фотаздымкі Луцкевічаў і заручальны пярсцёнак, які Іван Луцкевіч атрымаў ад сваёй маці і падарыў Юліяне Мэнке – на жаль, іх шлюб так і не адбыўся з-за смерці Івана ад хваробы. Ужо ў пасляваенныя гады Юліяна, якая тады жыла ў эміграцыі, вярнула пярсцёнак сваякам Івана, бо лічыла, што гэтая рэліквія мусіць захоўвацца ў ягонай сям’і. Шэраг прадметаў для выставы прадаставіла таксама ўнучка Якуба Коласа – Марыя Міцкевіч.

Упершыню экспануюцца дакументы і музейныя прадметы з калекцыі міжваеннага віленскага Беларускага музея, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Сярод іх – ліставанне братоў Луцкевічаў, лісты Зоф’і Луцкевіч да сыноў, лісты Юліяны Мэнке, Змітрака Бядулі. Выстава прымеркаваная да ўгодкаў з дня смерці Івана Луцкевіча, таму шэраг дакументаў сведчыць аб апошніх яго днях у Польшчы, у Закапанэ, куды дзеяча выправілі сябры, падалей ад ваенных віхураў, якімі была ахопленая Беларусь. Так, тут можна пабачыць рахунак на аплату пахавання і квітанцыі за гатэльны нумар, дзе Іван Луцкевіч жыў перад смерцю.

Дабраслаўленне памяці

IvanLuzkevich-2.JPGІвана Луцкевіча ў дзень сотай гадавіны яго скону прыгадалі і ў Мінску, і ў Вільнюсе – адбыліся ўскладанне кветак на яго магілу на віл ьнюскіх могілках Росы і асвячэнне памятнага каменя на месцы мінскага дома Луцкевічаў, а таксама былі адслужаныя набажэнствы ў вільнюскім касцёле святога Барталамея і ў мінскім касцёле на Залатой Горцы.

Месца памінальнай службы ў Мінску абранае нездарма і мае сімвалічнае значэнне. Даследчыкі сведчаць, што пры жыцці браты Луцкевічы не наведвалі касцёл на Залатой Горцы, бо казанні там чыталіся на рускай мове. Сёння, калі ідэалы Луцкевічаў пашырыліся на ўсю краіну ды адбіліся, у тым ліку, і на беларусізацыі касцёла ў Беларусі, адбываецца своеасаблівае “прымірэнне” братоў з залатагорскім храмам.

У міжнародным характары выставы ёсць пэўны сімвалізм: як некалі цела памерлага на чужыне Івана Луцкевіча везлі дадому, каб дастойна яго пахаваць – так сёння дакументы ды музейныя прадметы, звязаныя з яго іменем, вяртаюцца з усіх бакоў у Мінск – сталіцу незалежнай беларускай дзяржавы. Застаецца спадзявацца, што плёнам такога міжнароднага супрацоўніцтва музейных устаноў і энтузіястаў з розных краін стане яшчэ не адно цікавае мерапрыемства, якое раскрые і пакажа багатую спадчыну Беларусі і яе суседзяў.

Аўтар публікацыі: Антон Рудак.

Крыніца: Культура

Навіны

Беларускія кнігі перададзены ў Эстонію

24 Вер 2020

У рамках дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа” пры дапамозе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Эстонія нацыянальна-культурным аб’яднанням гэтай краіны перададзена ў дар больш за 150 асобнікаў беларускіх выданняў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Размова з адвакатам аб ільготах і дапамозе маладым і шматдзетным сем’ям

23 Вер 2020

20 верасня Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Маладыя і шматдзетныя сем’і: ільготы і дапамога”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

24 верасня – 105 гадоў з дня нараджэння Габрыелі Пузыны, пісьменніцы, мемуарысткі, аўтара зборнікаў вершаў, апавяданняў, драм, камедый, успамінаў

24 Вер 2020

Постаць Альбіны Габрыелі Пузыны (1815–1869), адметная яркай творчай індывідуальнасцю, своеасаблівым мастацкім бачаннем свету, вылучаецца на фоне літаратурнага працэсу сярэдзіны XIX ст., робіць яго больш багатым, цікавым і разнастайным.

Па старонках беларускага календара

Новае краязнаўчае электроннае выданне бібліятэкі

22 Вер 2020

Выйшаў у свет чарговы кампакт-дыск з шэрагу электронных выданняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія знаёмяць з інфармацыйнай спадчынай розных мясцін Беларусі, іх гісторыяй і культурнымі здабыткамі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

24 Вер 2020

У многіх аўтараў час ад часу запытваюцца пра тое, якім быў іх першы верш, як яны яго пісалі і чаму ўвогуле вырашылі напісаць. Можна лічыць, што момант, калі паэзія ўваходзіць у жыццё чалавека, становіцца вызначальным для далейшага шляху, у пэўным сэнсе прадказвае творчы лёс. Але, здаецца, далёка не для ўсіх момант напісання першага верша варта лічыць нечым значным.

Навіны бібліятэк

22 Вер 2020

Сёлета Нацыянальная  літаратурная прэмія  ў намінацыі “Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства” была прысуджана  Івану Саверчанку за кнігу  “Магія слова. Беларускія пісьменнікі ХІІ–ХVII стагоддзяў: эсэ”.

Навіны бібліятэк

21 Вер 2020

Мінулы тыдзень у нашай краіне прайшоў пад эгідай правядзення агульнарэспубліканскага Дня бібліятэк. Насамрэч, бібліятэчная справа ў культурным кантэксце і пасёння застаецца важкай і патрэбнай.

Навіны бібліятэк

Маргарыта Латышкевіч: Люблю марыць, а часам і падурэць

23 Вер 2020

Яна – паэтка, пісьменніца, даследчыца, фалькларыстка, аўтарка шэрагу кніг («Яблыкі», «Наш дом», «Там, дзе сэрца»), а да таго ж лаўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Але гэта ўсё фармальнасці, бо ў яе творах вы акуняцеся ў магію і шчырасць у розных формах, жанрах і відах. Дзе шукаць беларускую міфалогію, як выйсці за межы кнігі, расказала суразмоўніца.

Навіны бібліятэк

111