12 снежня 2008 года ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў (г. Нясвіж) адбылося другое пасяджэнне Міжнароднага савета па праекце віртуальнай рэканструкцыі дакументальнай спадчыны і бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў.
Арганізатарамі пасяджэння выступілі Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” пры ўдзеле Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА і фінансавай падтрымцы Бюро ЮНЕСКА ў Маскве.
Міжнародны савет па праекце віртуальнай рэканструкцыі дакументальнай спадчыны і бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў быў створаны ў мэтах выканання рэкамендацыі Міжнароднай канферэнцыі «Праграма ЮНЕСКА «Памяць свету»: дзейнасць бібліятэк, архіваў, музеяў па захаванні дакументальнай спадчыны», якая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 30 лістапада – 2 снежня 2006 года.
Першае пасяджэнне савета адбылося ў Мінску 27 красавіка 2007 года. На ім было прянята рашэнне аб ажыццяўленні кожнай краінай усяго комплексу работ па рэканструкцыі архіўных, бібліятэчных і музейных збораў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, якія маюцца ў яе распараджэнні.
Першыя вынікі гэтай работы і планы на бліжэйшы час былі абмеркаваныя ўдзельнікамі другога пасяджэння, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, архиўных і бібліятэчных устаноў Беларусі, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Фінляндыі, кіраўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Нацыянальную бібліятэку Беларусі прадставілі дырэктар Р.С. Матульскі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і сувязях з грамадскасцю Л.Г. Кірухіна, загадчык НДА кнігазнаўства Г.У. Кірэева.
Па выніках работы пасяджэння быў прыняты выніковы дакумент, у якім сфармулявана праграма суместных дзеянняў на 2009 год і падкрэслена, што рэалізацыя дадзенага праекта забяспечыць адкрыты доступ да навукова-даведачнага апарату архіўных і бібліятэчных матэрыялаў, а таксама будзе садзейнічаць ажыццяўленню нацыянальных праектаў і праграм па вывучэнні і захаванні дакументальнай спадчыны краін-удзельніц.