ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Адваротны бок прыгажосці
Дзень ведаў у Нацыянальнай бібліятэцы

Невядомыя інскрыпты песняра

Невядомыя інскрыпты песняра
Іншыя навіны

У гісторыі нашай краіны столькі выбітных асоб, чые імёны мы павінны ведаць і шанаваць. Сярод іх пачэснае месца займае класік беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Якуб Колас. Яго ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры, навукі, культуры складана пераацаніць. Творчай спадчыне паэта прысвечана вялікая колькасць артыкулаў, даследаванняў, дысертацый. Здаецца, што чакаць новых адкрыццяў у галіне коласазнаўства не выпадае. Але часам знаходкі радуюць даследчыкаў жыцця і творчасці беларускага песняра.

Якуб Колас – непераўзыдзены мастак слова, адзін з найлепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры. Ён вядомы нам як аўтар паэм "Новая зямля" і "Сымон-музыка", трылогіі "На ростанях", аповесцей "На прасторах жыцця" і "Дрыгва", мудрых і філасофскіх "Казак жыцця". Але ў творчай скарбонцы аўтара былі і цудоўныя творы для маленькіх чытачоў. З-пад яго пяра выйшлі вершаваныя апавяданні "Савось-распуснік" і "Рак-вусач", паэма для дзяцей "Міхасёвы прыгоды". У 1934 годзе апошняя была адзначана на конкурсе найлепшых мастацкіх твораў для дзяцей. 31 сакавіка газета "Літаратура і мастацтва" паведаміла, што сярод 30 пададзеных на конкурс твораў адзначаны 11, сярод якіх трэцяй прэміяй – паэма Якуба Коласа "Міхасёвы прыгоды". Гэтая кніга спрыяла наладжванню сяброўскіх кантактаў Якуба Коласа з адным з самых вядомых рускіх дзіцячых пісьменнікаў – Самуілам Якаўлевічам Маршаком.

Хто не чытаў твораў Самуіла Маршака ў дзяцінстве? Яго "Дванаццаць месяцаў", "Багаж", "Кошчын дом" вядомы амаль кожнаму. Але не ўсе ведаюць, што Якуб Колас і Самуіл Маршак нарадзіліся ў адзін дзень і маглі б быць ледзь не землякамі.

Самуіл Маршак нарадзіўся 3 лістапада 1887 года ў Варонежы ў яўрэйскай сям’і. Яго бацька, Якаў Міронавіч Маршак (1855–1924), быў ураджэнцам Койданава, што недалёка ад Стоўбцаў, працаваў майстрам-тэхнікам на заводах, маці, Яўгенія Барысаўна Гітэльсон (1867–1917), ураджэнка Віцебска, была хатняй гаспадыняй. Стаўбцоўскі край – малая радзіма Якуба Коласа, беларускі паэт нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў Акінчыцах.

У 1893 годзе сям’я Маршака пераязджае ў Віцебск, у 1894-м – у Пакроў, у 1895-м – у Бахмут, у 1900 годзе – у Астрагожск. У 1899–1906 гадах будучы пісьменнік вучыўся ў Астрагожскай, 3-й Пецярбургскай і Ялцінскай гімназіях. У Астрагожскай гімназіі настаўнік славеснасці прывіў Маршаку любоў да класічнай паэзіі, заахвочваў яго першыя літаратурныя спробы. Адзін з паэтычных сшыткаў Маршака трапіў у рукі Уладзіміра Васільевіча Стасава, вядомага рускага крытыка і мастацтвазнаўцы, які прыняў гарачы ўдзел у лёсе юнака. З дапамогай Стасава Самуіл пераязджае ў Пецярбург і вучыцца ў адной з найлепшых гімназій. У 1904 годзе ў доме Стасава Маршак знаёміцца з Максімам Горкім, які паставіўся да яго з вялікай цікавасцю і запрасіў на сваю дачу ў Ялце, дзе малады пісьменнік жыў у 1904–1906 гадах. У канцы верасня 1912 года Самуіл Маршак адправіўся ў Вялікабрытанію, дзе вучыўся спачатку ў палітэхнікуме, затым – у Лонданскім універсітэце (1912–1914). Падчас канікул шмат падарожнічаў пешшу па Англіі, слухаў англійскія народныя песні. Ужо тады пачаў працаваць над перакладамі англійскіх балад.

У 1934 годзе Маршак удзельнічае ў І Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў, выступае з дакладам аб дзіцячай літаратуры, абіраецца членам праўлення СП СССР. На гэтым жа з’ездзе прысутнічае і Якуб Колас, выступае з прамовай "Пути белорусской литературы". Верагодна, што менавіта там адбылася першая сустрэча пісьменнікаў. А ў хуткім часе беларускі паэт дасылае Маршаку сваю кнігу "Міхасёвы прыгоды". У лісце да сябра і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 16 лістапада 1935 года Якуб Колас пісаў:

За письмо большое спасибо. Твоей оценкой моей детской книги я горжусь. Писал мне о ней и Маршак. Дал очень хорошую оценку. Он сказал: "Книга написана большим мастером и подлинным поэтом. Поздравляю ребят, для которых написана книга".

Самуіл Маршак і сапраўды даслаў Коласу ліст, 5 кастрычніка 1935 года ён пісаў:

Дорогой тов. Колас! От всей души благодарю Вас за присылку мне Вашей прекрасной книги для детей "Міхасёвы прыгоды". Поздравляю тех ребят, которым попадет в руки книга, написанная большим мастером и подлинным поэтом.

Якуб Колас і Самуіл Маршак сустракаліся не раз на з’ездах пісьменнікаў у Маскве, а таксама падчас адпачынкаў у падмаскоўным санаторыі "Барвіха".

У лісце да П. У. Броўкі ад 16 сакавіка 1949 года Якуб Колас пісаў:

З 11-га ІІІ я гібею ў "Барвісе". Не таму, што Барвіха – гнілая мясціна, а таму, што я старая псіна. Не магу пахваліцца сваім здароўем. У бальніцы я лепей адчуваўся, чым тут. У "Барвісе" я нажыў сабе кашаль, якога не было ў Маскве... Будынак санаторыя і сам санаторый найлепшыя ў свеце, але ўсё ж у Балачанцы мне было б лепей: там няма такіх скразнякоў, як тут. Вось яны і залажылі мне грудзі... З маскоўскіх паэтаў тут адпачывае Маршак.

Якуб Колас цяжка захварэў, праходзіў лячэнне ў крамлёўскай бальніцы, пазней быў накіраваны на рэабілітацыю ў Барвіху. Аб сустрэчах з Маршаком пясняр пісаў свайму сябру і перакладчыку Яўгену Мазалькову:

Здесь отдыхает С.Я. Маршак. Я подарил ему "Хату рыбака". Он мне говорил, что Ваши переводы самые лучшие, что, не заглядывая в оглавление, он безошибочно узнает главы, переведенные Вами.

Дзякуючы праекту Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа "Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах", які рэалізоўваецца на працягу ўсяго юбілейнага года пры падтрымцы фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скан гэтага інскрыпта быў атрыманы і друкуецца ўпершыню:

Дорогому, любимому поэту, Самуилу Яковлевичу Маршаку, прекрасной души человеку, на память от Якуба Коласа. Борвиха. 20 ІІІ 1949 г.

Кніга "Хата рыбака" захоўваецца ў прыватным архіве нашчадкаў рускага пісьменніка.

Развітальным падарункам Якубу Коласу сталі "Сонеты Шекспира в переводах С. Маршака" з цёплым дарчым надпісам:

Чудесному человеку и замечательному поэту Якубу Коласу с дружеским приветом С. Маршак. Борвиха. 6 апреля 1949 г.

У дзень ад’езда Коласа з санаторыя, 8 красавіка, пастановай Савета Міністраў беларускаму паэту была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР другой ступені за паэму "Рыбакова хата". Некалькі дзён Якуб Колас праводзіць у гасцініцы "Масква", а 10–11 красавіка выязджае ў Мінск, з якім так доўга быў разлучаны з-за цяжкай хваробы.

"Хата рыбака" не адзіная кніга, падараваная Коласам Маршаку. У асабістай бібліятэцы рускага пісьменніка захоўваецца выданне "Новай зямлі" на рускай мове, кніга выйшла ў Мінску ў 1949 годзе. На асобніку аўтар пакінуў наступны дарчы надпіс:

Дорогому Самуилу Яковлевичу Маршаку. Якуб Колас. 13. ІІ 1951 г.

Аўтограф таксама друкуецца ўпершыню. У канцы 1950 – пачатку 1951 года Якуб Колас зноў цяжка хварэе, лечыцца ў Крамлёўскай бальніцы, затым адпачывае ў санаторыі пад Масквою. І гэтая кніга была падаравана ў "Барвісе", дзе адпачывалі абодва пісьменнікі.

2 сакавіка 1951 года Самуіл Маршак пісаў Якубу Коласу:

Дорогой Константин Михайлович. Вернулся я из Борвихи и вскоре опять прихворнул. Поэтому еще не успел поблагодарить Вас за милый подарок – поэму "Новая земля". Большое Вам спасибо за память и за отличную книгу.

Разам з лістом Самуіл Маршак даслаў Коласу кнігу "Роберт Бёрнс в переводах Самуила Маршака" з наступным дарчым надпісам:

Дорогому Якубу Коласу – С. Маршак. Москва, 2 марта 1951 г.

Кожная выяўленая кніга з аўтографам Якуба Коласа адкрывае невядомыя старонкі жыцця паэта, дазваляе даведацца аб асобах з яго акружэння, раскрывае гісторыю кантактаў, стасункаў і сяброўскіх зносін пісьменніка з рознымі людзьмі. Спадзяюся, што яшчэ многа такіх адкрыццяў чакае нас наперадзе.

Аўтар публікацыі: Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Крыніца: Звязда

Навіны

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам