ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Альбом “Сусветная спадчына Францыска Скарыны” Алеся Сушы ўдастоены Гран-пры ў Астане
Візіт расійскага вучонага

Назіральнік начнога неба

Назіральнік начнога неба
Іншыя навіны

У 2016 годзе споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, мастака, графіка Венанцыя Бутрыма (1936 – 2003). На жаль, яго вершы вядомыя сёння толькі вузкаму колу прыхільнікаў. А творчасць і талент В. Бутрыма сапраўды вартыя ўшанавання.


Баранавічы – радзіма паэта. Схільнасць да мастацкай творчасці прывяла яго ў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе з 1960 года ён не толькі вёў бесклапотнае студэнцкае жыццё, але і працаваў настаўнікам малявання ў адной з мінскіх школ. Уся астатняя працоўная біяграфія Венанцыя Бутрыма змесціцца, напэўна, у адзін радок: як прыйшоў у Баранавіцкі філіял Брэсцкіх мастацкіх майстэрняў мастацкага фонду БССР, так і дабыў там да пенсіі. Але за гэтым радком – жыццё, поўнае творчых здабыткаў, плённай дзейнасці. Венанцый Бутрым пачаў друкавацца ў літаратурнай перыёдыцы ў 1976 годзе: у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, калектыўным зборніку “Дзень паэзіі”, абласной газеце “Заря”… У апошнія гады жыцця – у альманахах творчага згуртавання “Святліца”, у зборніку “Агледзіны”.

У 1973 годзе Васіль Быкаў у лісце да В. Бутрыма пісаў: “Я прачытаў усё, што Вы мне далі, і адразу скажу Вам, што Вы сталы літаратар, чалавек таленавіты і, відавочна, разумны. Вам трэба ўсур’ёз засесці за працу і рэалізаваць Вашыя магчымасці…”.

І Бутрым пісаў. Аднак напісанае ім доўгі час не выдавалася. Толькі ў кастрычніку 2001 года з друку выйшаў яго першы зборнік вершаў “У барвах зямлі” і атрымаў станоўчыя крытычныя водгукі. Ухвальны артыкул пра кнігу змясціў у “ЛіМе” Леанід Галубовіч. А вядомая беларуская паэтэса Данута Бічэль-Загнетава, якая рэдагавала зборнік і якую цяжка, напэўна, нечым здзівіць у паэзіі, прачытаўшы рукапіс кнігі, пакінула на яго палях такі надпіс алоўкам: “Шэдэўр! Я плачу…”. У 2003 годзе мелася пабачыць свет і наступная кніга. Але… замест шчаслівай нагоды – змрочная навіна. Да выхаду другога паэтычнага зборніка “Паралелі” (дарэчы, з выдатнымі ілюстрацыямі самога аўтара) Венанцый Вікенцьевіч не дажыў.

У 2011 годзе выйшла кніга прозы В. Бутрыма “Маўклівыя сумныя птушкі”, у якой сабраны яго апавяданні, аповесці, эсэ. А апошнім пасмяротным выданнем стаў зборнік паэзіі “Дзён маіх лепшыя дні” (2014), таксама з ілюстрацыямі аўтара.

Асабліва значнае месца ў творчай скарбонцы Венанцыя Бутрыма займае патрыятычная лірыка. Яго любоў да роднай зямлі была не імпульсіўнай, а пранікнёна асэнсаванай, роўнай, глыбокай і спакойнай, прачулай, вялікай – і на ўсё жыццё. На гэтую любоў ніяк не ўплывалі эканамічныя ці палітычныя абставіны, асабістыя душэўныя крызісы ці павевы моды. Яна была з прадоння вякоў, ад прашчураў, ад адчування сябе Божым стварэннем з розумам, нервамі, душой, што прагне наталіцца хараством.

Паэтычная мова В. Бутрыма пазбаўленая шаблонаў і штампаў. Яго вершаваны радок арыгінальны, з толькі яму ўласцівай рытмікай, з толькі яму ўласцівым спакойным роздумам і нечаканым мастацкім параўнаннем, зусім не трафарэтным, не зацёртым на тысячу ладоў іншымі, а народжаным асаблівай канструкцыяй паэтычнага бачання менавіта гэтага чалавека. Таму, без сумнення, можна гаварыць пра непаўторны паэтычны почырк Венанцыя Бутрыма, пра яго арыгінальную творчую манеру.

Пейзажныя замалёўкі Венанцыя Бутрыма ўяўляюць сабой вершы-асацыяцыі, вершы-метафары, нечаканыя ў параўнальнай значнасці і вострай назіральнасці.

Адзін з самых распаўсюджаных вобразаў у пейзажнай лірыцы паэта – вобраз начнога неба. Аўтар – тонкі, затоены назіральнік вячэрніх і начных праяў жыцця. Яго вабяць няясна выяўленыя, поўныя імпрэсіі паўтоны і паўфарбы таемнага часу сутак, які прызначаны самім Тварцом для мараў, летуценняў, прарочых сноў:

Дужы вечар ночы чакае –
Песні-явы, сноў чыстых.
Прыпыніўся, маўчыць, прамяністы.
І ўсмешка па твары блукае…

Мова паэта вельмі багатая на фарбы, і палітра гэтых фарбаў даволі кантрасная. Відаць, паўплывала тое, што Венанцый Вікеньцевіч быў яшчэ і добрым мастаком, які займаўся і жывапісам, і графікай. Спалучэнне графічнасці і разнаколернасці праяўляецца іншы раз і ў яго вершах. Для прыкладу возьмем дзве страфы з верша “Сонны спакой неглыбокай вады”:

Сонны спакой неглыбокай вады,
Звонкія россыпы лотаці.
Крок прыпынілі, уброд ідучы,
Вольхаў празрыстыя постаці.
Жоўты на чорным, зялёны з травы –
Парасткаў новае брацтва –
…Захад – размыты на срэбры кармін….

А вось замалёўкі зімовага пейзажу: “Ў долах – бы клічнікі ўбіты – / з-пад снегу мёртвае сучча”, “…сеюцца, сеюцца крупы бялюткія, / ладзяць ніты пад аснову святла”. Не абмінуў паэт увагай і разнаколернасць, багацце, раскошу восені:

Кастрычніцкая яснасць!.. Як праз шкло
Прамытае не раз да таўшчыны належнай,
Ільецца створанае вечнасцю святло,
Сатканае з журбы і радасці бязмежнай.

Менавіта восенню “парадзеў мой асінавы гай, / сцеле хрусткую чырвань пад ногі…”, “россып верасу, склаўшы зарок, / сінім полымем кліча здалёк...”, “лісце ў скрусе ўсцілае дол”, “вось жнівень дабівае дні, / і хутка астры дацвітуць на карані… / ужо неба пачало хіліцца долу, / твар месяца зліняў ад смутку і турбот…”, “двух дзён хапіла, каб страціўся / ліп далікатны ўбор”.

Усе падзеі ў жыцці паэта непарыўна звязаны з прыродай. У яе мудрасці ён шукае адказы на загадкі жыцця, ёй нясе свае трывогі, сумненні, неспакой, у яе просіць парады, ад яе чакае мудрага заспакаення і збавення ад трывог. Гады свайго жыцця ён перакладае на назвы месяцаў, таму што спакон так павялося: кожная пара года ўвасабляе пэўны этап чалавечага быцця.

У Яўгеніі Янішчыц ёсць такія радкі: “Смерці ў паэта няма, ёсць – нараджэнне!” Каб паэт заставаўся побач з намі, трэба чытаць, перачытваць яго вершы.

Мяне ўжо не будзе. А гэты месяц,
Святлом наліты, як болем,
Узыдзе нячутна над чорным лесам
Плысці паважна над полем.

І гэты месяц, і “ля брукаванкі буйна шыпшына”, і “верас дробны”, і цёплы вечар, “…там, за вадою, светлыя пяскі” няхай напомняць нам, што на зямлі баранавіцкай побач з намі жыў паэт, мастак, які бачыў хараство, што ўсюды навокал, і хацеў навучыць і нас бачыць гэта.

Аўтар публікацыі Вольга ЖЫГАР.

Крыніца: Звязда

Навіны

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Даніна памяці жыццёваму подзвігу Героя Савецкага Саюза Івана Самбука

27 Кра 2024

24 красавіка на базе ДУА “Сярэдняя школа № 51 г. Мінска” прайшлі тэматычныя прэзентацыі ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам