ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
180 гадоў з дня нараджэння Ю.Ф. Крачкоўскага
Наперадзе часу

Мой Караткевіч

Мой Караткевіч
Іншыя навіны

Сёння спаўняецца 36 гадоў з дня смерці беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча.

Тэлеканал СТВ прыехаў у «Вясёлку», каб запісаць маё слова пра Уладзіміра Караткевіча. Пад наведзенай камерай, пад зыркімі ліхтарамі адчуў, убачыў перад сабой стрымана маўклівага, заўсёды задуменнага, але з адкрытым, па-дзіцячы даверлівым тварам Пісьменніка. Хадзіў няспешна, асцярожна, крыху ганарліва, як ходзяць па сваім балоце высаканогія белыя чаплі. Боўць-боўць, чап-чап, а куды спяшацца? Тут усё сваё, роднае. Тут гаючыя вада і паветра. Тут сталоўка пад нагамі. Тут сваё неба над галавой. З такой упэўненасцю жыў Уладзімір Сямёнавіч на сваёй зямлі пад белымі буслінымі крыламі.

З такой верай жыву і я. Беларусь – у вянку рэк, рэчак, азёраў. На гэтай чароўнай зямельцы мы вечныя! І калі задумаў напісаць дзецям кнігу «Мая Беларусь», эпіграфам да яе выбраў словы майго куміра Уладзіміра Караткевіча:

«Няма на Зямлі каштоўнасці большай, чым родны край. Пранікніцеся любоўю да маёй роднай Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая. Дык будзем цаніць тое, што маем».

Пра гэта найперш падумаў перад наведзенай тэлекамерай. А з душы паліліся словы пра майго любімага пісьменніка. Уладзімір Караткевіч – гэта рэдкая, дзівосная чалавечая планета. Мудрэц. Рыцар мастацкага Слова. Ён захапіў свайго чытача ў палон смачнай беларускай мовы, глыбокім веданнем гісторыі нашай Айчыны. Вельмі ж вобразна ацаніў класік Барадулін класіка Караткевіча:

«Ты прывучыў чытача думаць, расці, уздымацца да тваёй відушчай думкі… Ты стаўся акрасай нашага прыгожага пісьменства. Ты пісаў як дыхаў. З тваёй лёгкай рукі вякі загаварылі з намі як добрыя субяседнікі, цікава і даходліва…»

Я не вельмі часта бачыўся, гаварыў з Уладзімірам Сямёнавічам, але пастаянна помніў, што ён ёсць, жыве побач, у адным горадзе. Мы ў адным творчым Саюзе, у адной сям’і. Ён – настаўнік, я – вечны яго вучань.

У СВАIХ дамашніх архівах знайшоў некалькі блакнотаў, у якіх запісы Караткевічавай мудрасці. Дзе слова, дзе сказ, а дзе гатовы афарызм – усё хацелася запомніць, упусціць на спод душы. А хаця б вось гэтыя з рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»:

«Глухі той, хто не хоча чуць… Твой гонар у тваіх руках… Рэдкая гэта з’ява на Зямлі – розум… Дзіўнага смаку вясковая кабета… Стоячы тварам да сонца, мой дружа, мачыцца нягожа… Вы – соль зямлі, святло свету. Любіце і мірыцеся. Ненавідзьце тых, хто замахваецца на вашу любоў…»

Мова Караткевіча лілася вадаспадам з вуснаў яго, «гучала, як музыка, пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неўміручая». Хацелася яе запомніць, запісаць, карыстацца ёю. З «Дзікага палявання караля Стаха» запомніў Караткевічаву мудрасць:

«Рунее душа… Галоўнае сумленне, а дзірка ў роце, куды чарка просіцца, – апошняя справа… Быццам па сэрцы цёплай рукой нехта гладзіць… Мазгоў – з напарстак, а сківіцы як у дыназаўра… Малочны нізкі туман… У сто разоў горш паміраць, любячы жыццё… Трэба было б навучыцца рабіць мазгавую кастрацыю ўсім, хто не варты свядомага жыцця…»

Zamak.jpgА вось запісы з «Чорнага замка Альшанскага»:

«З бядой пераспаць трэба… На такой дарозе адно масла збіваць… Якая эпоха, такія і таленты… Памяць твая кашэчая… Шэлег тады цана і цывілізацыі, і нам, калі мы хаця на хвіліну дазволім жаху смерці кіраваць нашым жыццём… Я вельмі люблю дарогі і думаю, што калі прыйдзе час і я не здолею ездзіць, то ці варта тады ўвогуле жыць. Дарога сама як песня…»

Уладзімір Сямёнавіч сапраўды шмат ездзіў, хадзіў сцежкамі, дарогамі Беларусі. Доказам таму – кніга пісьменніка «Зямля пад белымі крыламі». Гэты яго нарыс, яго паэму, яго песню пра Айчыну павінен ведаць кожны беларус. А хто прачытае пранікнёны аповед Караткевіча пра нашу Божую зямлю, абавязкова захоча ўбачыць яе прыгоствы сваімі вачыма, захоча нешта большае зрабіць для яе карысці. Тут толькі варта помніць душэўнае пасланне пісьменніка ўсім нам, хто цяпер жыве ў зямным раі:

«Трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры… Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай краіны, якая зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ… Любіце сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна…»

Сапраўды, Уладзімір Сямё­навіч заўсёды быў у дарозе, у пошуку, у архівах, з людзьмі. Ды аднойчы ўсё-такі падлавіў яго на кароткую сустрэчу і зачапіў яго творчае самалюбства дзёрзкім пытаннем: «А ці не змаглі б вы напісаць што-небудзь для маленькіх чытачоў «Вясёлкі»? Маштабны раманіст, салідны празаік мог бы і адмахнуцца ад маёй просьбы, як, дарэчы, адмахваліся некаторыя таленты: маўляў, яшчэ не настолькі здзяцінеў, каб пісаць для малых. Але Уладзімір Сямёнавіч неяк па-свойму зморшчыў лоб, памуляў губамі, закурыў і сказаў: «Я падумаю, мо што і прыдумаю».

Тыдні праз два паштальён прынёс у «Вясёлку» пісьмо ад Караткевіча. На штэмпелі стаяла назва «Друскенікі». Там адпачываў пісьменнік.

Прыгожым почыркам, чорнымі чарніламі Уладзімір Сямёнавіч зрабіў прыпіску: «Дасылаю на Ваш суд дзве казачкі для малых. Каб жа я ведаў, якую цяжкую просьбу вы мне выказалі, я б ніколі не падмеўся пісаць. А цяпер мяркуйце самі…»

Што меркаваць? У чарговы нумар «Вясёлкі» я паставіў казку Уладзіміра Караткевіча «Вясна ўвосень». Толькі мастак высокага гарту мог прыдумаць такі сюжэт: цяжка захварэў маленькі Янка, усе занепакоены. «Можа, ты хочаш чаго, сынок?» – спытала мама. «Сонейка, – адказаў Янка. Нават вачэй не расплюшчыў… Якое там Сонейка! Восень. Льюць шэрыя дажджы…»

Пачула пра Янкаву просьбу Аленка. Узяла плашчык ды выйшла з хаты Сонейка шукаць, браціка ратаваць. Пачала прасіць птушак, звяркоў, мушак разбудзіць Сонейка. Прачнуўся Вожык, зачырыкаў Верабей, ажывілася Вавёрка, ціўкнула Сінічка. Упаў на зямлю адзін сонечны промень. Сонейка зацікавілася: што там за вясенні канцэрт на зямлі? Аленка папрасіла Сонейка глянуць на браціка ў акенца. Заяц прынёс хвораму моркву. Рыбкі – вясёлыя бурбалкі, Вавёрка – арэхаў горку. І ўсе сталі з Сонейкам глядзець у акно. Аленка заплакала з радасці. А Янка-брацік спакойна заснуў. «І плылі да яго пад Сонейкам, вярталіся светлыя караблі. Везлі яму шмат цацак… Аленка ведала, што нікому ніколі, і нават калі будзе сівой бабуляй, яна не раскажа, хто ў той асенні дзень вярнуў на хвіліну Вясну і Сонейка».

Другая казка Уладзіміра Караткевіча для «Вясёлкі» – «Жабкі і Чарапаха». Усё пачынаецца міла: на беразе ляснога азярца жабкі наладзілі канцэрт. Проста ім было весела, вось і ўзяліся спяваць. На іх спевы прыплыла з суседняга балота-возера вялікая Чарапаха. У яе аж слёзы з вачэй ад выдатных, амаль салаўіных, спеваў жабак. І тут высвятляецца, што Чарапаха не ўмее спяваць, голасу няма. Але ж яна ўмее складваць для песні добрыя словы. Навошта абзывалі, крыўдзілі Чарапаху? Пайшлі жабкі перапрашаць суседку ды наладжваць з ёй сяброўства.

Казкі Уладзіміра Караткевіча ў добрай мастацкай аздобе мастакоў Уладзіміра Пашчасцева, Наталлі Грамыкі вельмі ўзрушылі нашых чытачоў. Помню, мы атрымалі мноства пісьмаў з розных раёнаў Беларусі. Тады яшчэ не было электроннай пошты, дзеці завалілі нас паштовымі канвертамі. Мне было з чым ісці на юбілейны вечар Паэта. Там я ўручыў яму нумары «Вясёлкі» і нашага героя Васю Вясёлкіна. Помню вялікае, дзіцячае дзіва ў вачах Уладзіміра Сямёнавіча.

Калі набыў пасмяротны зборнік вершаў Уладзіміра Караткевіча «Быў. Ёсць. Буду», нядзельны дзень стаўся рабочым. З асалодай упускаў у памяць і сэрца кожны радок, кожную страфу. І вось старонка 84. Верш «Смяротная страта». Караткевіч пры­свячае яго Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам адпомсціў Аляксандру ІІ за Каліноўскага. Пайшоў нарадаволец на замах, помнячы сваю «Бабруйшчыну мілую, майскую стужку Бярозы, Дняпро на райскім світанні…»

Тут жа на старонцы ў кнізе, хай даруе аўтар, я не вытрымаў і напісаў: «Гэта ж аповесць пра сына нашай Айчыны. У серыю «Слава твая, Беларусь!». Хто ён, Ігнась?..» У той жа вечар я перакапаў усе дамашнія энцыклапедыі, гістарычныя кнігі. На старонках зборніка выпісаў даты жыцця Ігната Грынявіцкага (пражыў усяго 25 гадоў!), кароткія звесткі пра яго духоўных таварышаў – Жалябава, Пяроўскую, Барэйшу, Міхайлава… Намаляваў як умеў яго партрэт.

Так верш Уладзіміра Караткевіча натхніў мяне напісаць аповесць «Невядомы» пра Грынявіцкага. Кнігу, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры» ў 1990 го­дзе, я прысвяціў Незабыўнаму, Мужнаму Уладзіміру Караткевічу.

Мы часта бываем разумнымі заднім чыслом. Вось і я вельмі шкадую, што пры жыцці Уладзіміра Сямёнавіча мы блізка не сышліся. Сядзіць ува мне здагадка, што мы з ім радня. Справа ў тым, што мая мама Марыя ў першым замужжы была за Міхаілам Мікалаевічам Караткевічам, стрыечным братам яе мамы Пелагеі Караткевіч. Ён быў старэйшы за маю маму гадоў на дзесяць. Нажылі дачушку Ліду, і Міхаіл Караткевіч памёр ад тыфусу. Маю яго маўклівае фота, у якім утойваецца сакрэт нашага радаводнага кораня з Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам. Толькі вядома, што нашы агульныя родзічы жылі амаль што ў адных мясцінах – Бярэзіна, Дняпро, Стрэшын, Жлобін, Рагачоў.

Пра Уладзіміра Сямёнавіча цяпер збіраюцца ўсе архіўныя звесткі, успаміны, рукапісы, пісьмы. Мы ўсе называем яго Класікам, Народным пісьменнікам. А пры яго жыцці як бы шкадавалі добрых слоў, недаацэньвалі і ўлады. Шкада!

Дык вось, у скарбонку ўспамінаў пра Уладзіміра Караткевіча хачу і я ўкінуць свой «пятачок». На свае вушы чуў незвычайны жарт пра пісьменніка.

Калі пісаў аповесць пра Ігара Лучанка, бываў у яго на дачы. Аднойчы Ігар Міхайлавіч павёў мяне да свайго суседа Кузьміна Аляксандра Трыфанавіча. Ён у свой час быў вялікім начальнікам – сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі. Трапіць да яго ў кабінет мог далёка не кожны.

А то мы сядзім з ім па-панібрацку на гушкалцы, і пенсіянер Кузьмін расказвае нам вясёлую смяшынку пра Караткевіча:

– Неяк я заманіў яго да сябе ў кабінет. Хацелася зблізіцца, паразумецца, бо Уладзімір Сямёнавіч вельмі ж пазбягаў казёншчыны і чыноўнікаў. Хораша пагаманілі з ім, і на развітанне я даверліва кажу яму: «Калі ўзнікне якая-небудзь патрэба, ідзіце напрамую да мяне. Усе службы я папярэджу…» Уладзімір Сямёнавіч ветліва падзякаваў за сустрэчу і пайшоў…

Кузьмін раптам пачаў шчыра смяяцца, ажно да слёз. Мы з Ігарам Міхайлавічам былі ў неўразуменні. Ды раптам Аляксандр Трыфанавіч патлумачыў сваю весялосць:

– Праз некалькі дзён сакратарка дакладвае мне, што тэлефануе Караткевіч, хоча зайсці. Даю каманду: «Тэрмінова прапусціце да мяне». Заходзіць. Ба­дзёры ад нечага, натхнёны. І адразу тлумачыць: «Во, Аляксандр Трыфанавіч, сябры пачаставалі мяне ўнікальнымі таблетачкамі. Пасля выпіўкі яе глытнеш – і паху аніякага. Зайшоў падзяліцца з вамі…» Караткевіч выцягнуў руку з пінжака, працягнуў мне далонь, на якой ляжалі беленькія маленькія цуда-таблетачкі… Я шчыра падзякаваў яго за падарунак. Мы весела пасмяяліся… А я ж быў гатовы выслухаць нейкія праблемы пісьменніка. Іх ён, як я зразумеў, любіў вырашаць сам…

Сам пра сябе піша Караткевіч у рамане «Дзікае паляванне караля Стаха», на адной са старонак чытаем размову яго герояў:

«Мылі костачкі інжынераў чалавечых душ, і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма:

– Ну а гэты… Караткевіч? – спытаў Шаблыка.

– А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае. Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць.

– Кажуць, бабнік, – сказаў Змагіцель.

– А пра каго гэтага не кажуць?..»

Так пра сябе мог напісаць толькі талент, які ведаў, што ён робіць, як робіць і для каго працуе ўсё сваё вядомае жыццё. Гэтаму падмацунак яго шчырае, ёмкае Караткевічава прызнанне:

«Ведаю адно. Пастараюся пражыць жыццё, рэшту яго, спаўна… І тады я пайду на спатканне з Богам, калі ён у мяне ёсць, сваімі нагамі. І простай хадой. Не паўзучы. Не згінаючы нават каленяў. І не буду маліць у яго, як не маліў ні ў кога пры жыцці. І я скажу адкрыта: «Я адрабіў спаўна і па сваёй ахвоце сваю катаргу на зямлі. Я зрабіў нават болей таго, што мог. І не для сябе, а дзеля народа майго. І цяпер я прыйшоў да цябе не кленчыць аб узнагародзе. Дай тое, што мне належыць па працы маёй, калі ты ёсць. А калі няма – я не буду шукаць узнагароды за справы свае. Нідзе. Аман».

І пайшоў Уладзімір Сямёнавіч у Бяс­смерце. Ён жыве ў памяці людзей. А чалавек жыве столькі, колькі жыве па ім памяць. Дык жа паверым, што неўміручым нарадзіўся наш Уладзімір Караткевіч. У кожнага ён свой. Мой Караткевіч у душы – як асветнік, у жыцці – як настаўнік, у літаратуры – як майстар і чарадзей Слова. Дзякуй, Уладзімір Сямёнавіч, што Вы былі, ёсць і будзеце з намі, Беларусамі!

Аўтар: Уладзімір Ліпскі, пісьменнік.
Крыніца: СБ – Беларусь сегодня

Чытайце таксама:

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам