У межах Міжнароднага кангрэса чытання, які адбыўся ў Астане ў Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Рэспублікі Казахстан, па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі быў адкрыты беларускі літаратурна-культурны цэнтр.
Падчас правядзення кангрэса пісьменнікі больш як 50 краін выказалі заклапочанасць культурай чытання ў сучасным свеце. Менавіта кніга, як прагучала падчас абмеркавання гэтай праблемы, з’яўляецца той непераўзыдзенай крыніцай ведаў, якая фарміруе чалавека як асобу. Мастацкая літаратура – своеасаблівы феномен, які абуджае ў чалавеку лепшыя якасці і ўзбагачае яго духоўны патэнцыял. Творцы падкрэслівалі значнасць чытання для будучыні, бо ад гэтага шмат у чым залежыць развіццё грамадства, узаемаадносіны паміж краінамі, сяброўства паміж народамі.
Асаблівую значнасць мае нацыянальная літаратура – як культурная і духоўная спадчына народа. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах выступіла на кангрэсе з дакладам “Традыцыі і навацыі ў сучаснай беларускай літаратуры”, прадставіла айчынную літаратуру, вытокі якой ідуць з глыбыні стагоддзяў, і распавяла пра новыя тэндэнцыі беларускага мастацкага слова.
Адкрыццё беларускага літаратурнакультурнага цэнтра ў галоўным кніжным храме Астаны дазволіць бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю казахстанскаму чытачу, запэўніла дырэктар бібліятэкі Умітхан Муналбаева. Пра важнасць чытання і пра тое, што Беларусь застаецца адной з краін, якія чытаюць найбольш, паведаў другі сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Ігар Іваноў.
Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Казахстана падаравана бібліятэчка Саюза пісьменнікаў Беларусі з творамі класікаў нацыянальнай літаратуры і з кнігамі сучасных пісьменнікаў, іх аўтографамі і пажаданнямі.
Казахстанскаму боку былі перададзены і своеасаблівыя сімвалы Беларусі – макет самага вялікага кар’ернага самазвала БелАЗ і макеты трактароў Мінскага трактарнага завода.
Акрамя таго, у бібліятэчнай зале “Мастацтва” адбылася прэзентацыя творчага праекта з Беларусі – кнігі і фотавыстаўкі Уладзіслава Цыдзіка з аднайменнай назвай “Бачу Беларусь такой”. Дарэчы, у выданні змешчаны вершы 65 сучасных беларускіх паэтаў. Усё гэта стала асновай для літаратурнакультурнага цэнтра, які мае намер умацаваць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Анатоль Нічкасаў. Анатоль Іванавіч выказаў жаданне папоўніць фонды акадэмічнай бібліятэкі кніжнымі навінкамі з Беларусі. Гэтаму рады і ўдзельнікі беларускага культурнага цэнтра “Радзіма”, які аб’ядноўвае беларусаў Астаны. Яго старшыня Дзмітрый Астаньковіч адзначыў важнасць сувязі з радзімай і запэўніў, што і за яе межамі беларусы робяць усё магчымае, каб умацоўваць аўтарытэт сваёй Айчыны.
Падчас адкрыцця цэнтра прагучалі шчырыя песні пра Казахстан і Беларусь барда Генадзя Парыкіна, які больш як 30 гадоў пражыў у Казахстане і вярнуўся ў Беларусь.
– Наша супрацоўніцтва яшчэ раз пацвярджае вялікую дыпламатычную місію кнігі, – падкрэсліла Алена Стэльмах. – Мы вельмі рады, што літаратура служыць збліжэнню народаў, нашаму духоўнаму сваяцтву. Паміж літаратарамі Беларусі і Казахстана існуюць даўнія творчыя сувязі. Сімвалічна, што ў вельмі прэстыжным месцы Астаны – акадэмічнай бібліятэцы – будзе яшчэ адзін куточак Беларусі.
Аўтар публікацыі: Марыя Ліпень.
Крыніца: Звязда