ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
«Гэтая зямля ў маёй крыві». Нашчадкі Ігната Дамейкі з Аўстраліі распавялі пра свой візіт у Беларусь
Канферэнцыя “Бібліятэчныя фонды: праблемы і рашэнні”

Іван Штэйнер: “З’явіцца творца, які скажа новае слова...”

Іван Штэйнер: “З’явіцца творца, які скажа новае слова...”
Іншыя навіны

Сёлета манаграфія Івана Штэйнера “Смехъ зъ болъстию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя” адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у галіне літаратуразнаўства. Шырока вядомы даследчык гісторыі і тэорыі літаратуры, крытык, краязнаўца, аўтар больш за 200 навуковых прац, празаік, драматург у гутарцы з карэспандэнтам падзяліўся думкамі, поўнымі аптымізму і надзей.

– Віншуем вас з атрыманнем Дзяржаўнай прэміі! Вельмі прыемна, што вас адзначылі! Ці было гэта нечаканай падзеяй?

– Вельмі прыемна атрымаць віншаванне ад “ЛіМа”, дзе рэцэнзаваліся ўсе мае кнігі. Сапраўды, быў момант нечаканасці, бо я не належу ні да адной творчай суполкі, працую самастойна.

– Як цяпер ацэньваеце стан нашай літаратуры? Можна пачытаць у сеціве допісы, маўляў, што ў нас можа добрага стварыцца? Іншая справа – дзе-небудзь ва Украіне ці яшчэ дзе… А ў нас ніхто ні на што не здольны…

– Я толькі прыехаў з ХVІ кангрэса славістаў, што быў у Бялградзе, сустракаўся з вучонымі з розных краін, якія даследуюць літаратуру ўсіх славянскіх народаў. Я ўвайшоў у камісію па кампаратывістыцы і магу ацэньваць нашу літаратуру на фоне іншых: адназначна яна не прайграе, і не трэба нам прыбядняцца (гэта наша спаконвечнае беларускае: заўсёды ўсё добра толькі ў людзей, а ў нас ніколі нічога няма і на нашым сметніку нічога ніколі не будзе).

– Ці можна сцвярджаць, што наша літаратура развіваецца ў плыні сусветнай і ў ёй паралельна адбываюцца тыя ж самыя працэсы?

– Любая літаратура не можа развівацца ізалявана. Кожная развіваецца ў сілавым полі сусветнай: ад нечага адштурхоўваецца, да нечага набліжаецца, але ўсё адбываецца па агульных законах. І мы ні ў чым не прайграём, нам ёсць што сказаць свету. Зразумеў гэта, калі пісаў навуковыя працы, і кандыдацкую, і доктарскую: спрабаваў эстэтычныя з’явы, якія адбываюцца ў нашай мастацкай літаратуры, упісаць у агульнаеўрапейскі (агульнаславянскі) кантэкст і паглядзець, у чым супадзенні, у чым традыцыйнасць.

– Цяпер гавораць пра крызіс у літаратуры ўвогуле… А што вы чакаеце ад літпрацэсу?

– Бясспрэчна тое, што будзе прарыў, і неабавязкова ў вялікай літаратуры. З’явіцца творца, які скажа новае слова, – такое часта бывала. У ХІХ стагоддзі, “дайшоўшы да сцяны”, паэзія, здавалася, нічога не абяцала – і раптам прыйшоў Апалінэр, і яна пачынала развівацца па-новаму. Ад паэзіі прарыву чакаецца больш. Яна павінна пайсці на кантакт з жывапісам, графікай, музыкай – можа, гэта будзе спалучэннем. Такое нам ужо знаёма. Напрыклад, Алесь Разанаў. І тут мы не ішлі па нейкіх слядах а, наадварот, сталі лідарамі. Гэтак жа і з феноменам Алексіевіч. Талстой на пачатку ХХ ст. казаў, што белетрыстыка адыдзе, яна не мае ніякай карысці, трэба шукаць новыя формы, а ў канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя Адамовіч заклікаў рабіць звышлітаратуру, шукаць новыя формы. І знайшлі: творы кшталту “Я з вогненнай вёскі”, успаміны – тут наша літаратура нонфікшн была першай у Еўропе. Алексіевіч падтрымала працяг. Тыя ж прыклады – і ў паэзіі. У англійскай паэзіі, у рускай, дзе налічваецца мільёны паэтаў, – што там мажліва новага? Рыфму падабраць? Рытм? Свежы вобраз? Адкрыццяў чакаюць ад запозненых літаратур – у іх велізарны патэнцыял, і абавязкова ў іх мове адкрыецца, разыграецца нешта новае, што паламае традыцыйныя рамкі і хлыне... Чакаю, што і ў нас прыйдзе новы прарок, які скажа ўсё ў новых формах. Так ужо калісьці было з Сімяонам Полацкім, а мы пра яго амаль не ведаем. Украінцы маюць Рыгора Скавараду – вунь як ганарацца! А наш Полацкі быў і мацнейшы, і ранейшы!

– На тое існуе літаратуразнаўства, каб падказаць, выцягнуць з небыцця? Якім у ідэале мусіць быць літаратуразнаўца, у чым яго роля?

– Літаратуразнаўства – складнік літпрацэсу. Літаратуразнавец – як празорца для літаратуры, ён павінен прадбачыць, які твор найбольш актуальны, а за якім, наадварот, не стаіць нічога, хай ён і папулярны на сёння. Гэта асабліва праявілася ў літаратуразнаўчых працах Алеся Адамовіча, Віктара Каваленкі, Міхася Мушынскага, дзе спалучалася выключная эрудыцыя і разуменне літаратурнага працэсу. Вельмі часта таленавітымі крытыкамі бываюць самі пісьменнікі. Напрыклад, у рускай паэзіі больш дасканалых крытыкаў, чым Брусаў і Блок, няма. У нас гэта Леанід Галубовіч, Вячаслаў Жыбуль і найлепшы – Ігар Жук. Яны падказвалі, паказвалі і прадказвалі.

Трэба мець выключную інтуіцыю, чуццё, каб ведаць, што застанецца. Кнігі, напісаныя Даніілам Граніным у суаўтарстве з Алесем Адамовічам, цяпер запатрабаваныя. (Для Граніна тое было другасным.) А ўласныя яго раманы мала хто чытае. Андэрсан усё жыццё пісаў раманы, якія цяпер нікому не патрэбныя, але казкі, якія сам пісьменнік лічыў марнай справай, назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю літаратуры. Конан Дойл люта ненавідзеў свайго Шэрлака Холмса і з вялікай радасцю яго забіў. Пісаў раманы з жыцця арыстакратаў, якія публіка не прыняла. Але ўсе палюбілі Шэрлака.

Таму, каб зарабіць грошы, пісьменніку давялося ажыўляць свайго героя... Міхась Лынькоў напісаў “Векапомныя дні” – цяпер іх пад страхам смерці ніхто не прачытае, а “Міколку-паравоза” і “Апавяданні пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” чыталі і з задавальненнем чытаць будуць. Толькі нядаўна загаварылі пра тое, што “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” – постмадэрнісцкі твор, а па свежых слядах баяліся. Калі я пісаў пра творчасць Караткевіча (пра яго балады), то назваў яго рамантыкам. Гэта тады не дазвалялі: маўляў, ніякі ён не рамантык, у яго традыцыі – толькі фальклор і ўсё. Я ж даводзіў, што яго талент ускормлены на сусветнай літаратуры і традыцыях...

Літаратуразнаўства мусіць улічваць і досвед. Напрыклад, паглядзець: 1930-я гады – колькі там было літаб’яднанняў… Ці карысна тое было? Цяпер у нас падзелы саюзаў – нешта падобнае. Трэба выпрацаваць новую канцэпцыю літаратуразнаўства. Яго роля яшчэ і ў тым, каб ставіць глабальныя праблемы. Каб упісаць нашу гісторыю ў агульнаеўрапейскі кантэкст. Паглядзець паралельна, якія працэсы адбываюцца. Для літаратуразнаўства важна вярнуць увесь корпус літаратуры, створанай на нашай зямлі, вырашыць, якія творы нам належаць. Патрэбныя намаганні тэкстолагаў…

– Часам узнікаюць сумненні: гісторыя сусветнай літаратуры налічвае тысячагоддзі – усё даўно сказана…

– Тым не менш трэба ведаць і больш арыентавацца на свае традыцыі. Так і паўсюль: не ведаюць таго, што было, і робяць наіўны выгляд, быццам свет адкрываюць. Напрыклад, тое, што “сцісласць – сястра таленту”, сказаў першым не Чэхаў, а Шэкспір: “сцісласць – сястра дасціпнасці”. А калі ёсць форма, матрыца, на яе можна нанізваць што заўгодна. Нядаўна пачуў: “Кароткасць – душа жаночай бялізны”. Прыпісваюць Шэкспіру выказванне “Увесь свет – тэатр і людзі ў ім – акцёры”, а гэта сказаў на 70 гадоў раней Эразм Ратэрдамскі ў “Пахвале дурасці”: “Увесь свет – спектакль, у якім, нацягнуўшы маскі, кожны грае сваю ролю, пакуль рэжысёр не прыбярэ яго са сцэны”. То бок, мы як па спіралі вяртаемся...

– Тэрмін “малая літаратура” – не крыўдны, не абразлівы?

– Скажы ўкраінцам ці палякам, што іх літаратура – малая, дык яны псіхуюць. А колькі вялікіх літаратур? Нямецкая, італьянская, англійская і французская – ды ўсё. Адтуль усё ідзе. Пушкін у 1836 годзе пісаў пра беднасць рускай літаратуры: калі нам азірнуцца назад, маўляў, у гэтай цемры нічога няма, акрамя выдзеленага белым святлом “Слова пра паход Ігаравы”... Што можна параўноўваць, напрыклад, з італьянскай літаратурай, якой тысяча гадоў?.. Але ж бяруць лякала, параўноўваюць. А тое, што добра для французскай літаратуры, скажам, пра “смерць аўтара”, з цяжкасцю накладаецца на польскую ці на рускую. Гэтыя лякалы не падыходзяць і для нашай літаратуры. Тут трэба свой падыход. Малыя літаратуры таксама нешта даюць свету, пра што яшчэ Багдановіч казаў: мы не жабракі...

– Якія вашы доўгатэрміновыя прагнозы наконт нашай літаратуры?

– Яна выразна зменіцца. Мы вернемся да вытокаў. У гэтым яе сіла. Раней былі прытчы Саламонавы. Потым іх развілі да раманаў. Потым – ізноў скарачэнне формы: напрыклад, прыпавесці Васіля Быкава. У сусветнай гісторыі мастацтваў быў наскальны і пячорны жывапіс, які развіўся да складаных твораў, а цяпер ізноў адбываецца спрашчэнне формы.

– А чалавек? Не дэградуе яго псіхічная арганізацыя?

– Герберт Уэлс папярэджваў: чалавек – не апошняе слова прыроды. Калі ён будзе так сябе паводзіць і далей, то эвалюцыя змяце яго і вынайдзе новую, больш дасканалую малпу. Але каму без чалавека патрэбна слова? Толькі чалавеку! Без слова ён не можа жыць, таму ён абавязкова да слова вернецца. Яно само знойдзе сабе форму.

– То бок, сама энергія знойдзе выхад праз кагосьці?

– Так. У Бібліі напісана, што спачатку было Слова і Слова было Бог. Але складана гэта зразумець. Праблема ў тым, што мы ідзём праз пераклады, а пры перакладах губляецца паэзія. Напрыклад, цяпер у нас часта з’яўляюцца пераклады санетаў Шэкспіра, і ў кожным – свае адкрыцці. Перакладчыкі спалучаюць і вылучаюць розныя іх бакі.

– Падзяліцеся творчымі планамі.

– Хачу напісаць пра тое, як уплывае на пісьменніка жах і змушае яго да творчасці. Шэкспір у 65-м санеце пісаў, што можна пакінуць памяць пра сябе альбо ў нашчадках, альбо з дапамогай атраманту. Выходзіць, страх змушае да творчасці… Быў выпадак у Арзамасе, калі Талстой застаўся адзін у пакоі і яму стала страшна. Ён пытаецца: “Хто тут?” – “Гэта я, смерць твая!” І тут усё мяняецца ў пісьменніка… Чаго творцы баяцца ў жыцці? Чаму Талстой апошнія гады не браў з сабой ружжо на прагулку? Каб не было спакусы звесці рахункі... А Хэмінгуэй узяў – для яго скончылася трагічна. Лондан казаў: “Я лепш капаў бы канавы, каб мне плацілі за гэта добрыя грошы, але не пісаў бы...” Многія творцы: і Хэмінгуэй, і Стэйнбек, і Лондан, і Фолкнер – былі залежныя ад алкаголю. Страх так на іх дзейнічаў. Страх смерці і змушае творцу да пошукаў. Гэта як базавы інстынкт для яго. Што гняце чалавека? У 1930-х гадах быў паэт Віктар Казлоўскі. Яго павінны былі арыштаваць – ён звар’яцеў у чаканні і правёў жыццё ў вар’ятні, усё нечага баяўся (пражыў каля 90 гадоў). З чым звязана гэта вар’яцтва? У манастыры Афанасій Філіповіч чуў званы, бачыў у небе Багародзіцу, – і тады пісаў творы. Страх яго гнаў па свеце! Рыгор Скаварада, па легендзе, прадказаў, у які дзень памрэ, выкапаў магілу і ўвечары памёр, загадаўшы напісаць эпітафію: “Свет лавіў мяне, але не злавіў” – быццам сам увесь час уцякаў. Пісьменнік Мікола Лупсякоў таксама бадзяўся, у стагах сена начаваў – страх яго гнаў... Васіль Быкаў перад смерцю даследаваў гэту праблему: што такое жах і як уплывае на людзей...

– А што прымушае пісаць псіхічна ўраўнаважаных, “здаровых” пісьменнікаў, што на іх уплывае?

– Рыгор Барадулін казаў, што нармальны чалавек у наш час вершы пісаць не будзе – толькі вар’яты ды тыя, каго нешта штурхае... Хвароба ўсё адно... Адхіленне нейкае. На чалавека, у тым ліку на творцу, уплывае ўсё... Напрыклад, падчас Першай сусветнай вайны салдатам давалі наркотыкі – лічылася, што для храбрасці, – так, як падчас Другой сусветнай давалі гарэлку. Фрэйд ды іншыя дактары лячылі сваіх пацыентаў опіумам. У выключнай ступені ўплыў праявіўся на культуры пасля вайны: і на жывапісе, і на ўсім астатнім наркотыкі адбіліся моцна. Як Кольрыдж пісаў “Кубла-хан”? Яму моцна балела рука. Ён прыняў опіум і ўбачыў раптам ва ўсёй прыгажосці ўсходні горад... Напісаў 200 радкоў, і ў гэты момант зайшоў слуга. Пісьменнік “адключыўся” ад сваёй рэальнасці, а вярнуцца ў відзежу не змог – так у гісторыі літаратуры і засталіся толькі 200 радкоў.

– Ці сутыкаліся вы з такім феноменам: творца нешта выдумляе, піша, а потым гэта з ім здараецца ў рэальнасці?

– Бывае такое. Энергія існуе ў нейкім эфемерным выглядзе і знаходзіць выйсце праз тых, у каго настроена “антэна”, хто можа адчуваць.

Аўтар публікацыі: Яна Будовіч.

Крыніца: Літаратура і мастацтва
Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам