ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Буктрэйлеры: Роберт Раждзественскі "На Земле безжалостно маленькой"
Новы анлайн-праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Па старонках беларускага календара”

Глуша Адамовіча. Ад Хатыні да блакаднай трагедыі

Іншыя навіны

«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Сёлета мы адзначаем 75-ю гадавіну Перамогі над фашысцкай Германіяй, а летась споўнілася роўна 75 гадоў са зняцця блакады Ленінграда. Данііл Гранін сумесна з Алесем Адамовічам паспелі сабраць успаміны відавочцаў тых страшных ваенных дзён. Іх сумесная работа над выданнем пачалася 45 гадоў таму – у красавіку 1975 года. На пошукі, сустрэчы з відавочцамі і запіс іх успамінаў спатрэбіліся чатыры гады. Першае выданне кнігі выйшла ў 1979 годзе, потым былі другое, трэцяе з новымі фактамі, з новымі сведчаннямі. Ад гэтых гісторый стыла кроў у жылах. Але мала хто ведаў, што гэта яшчэ не ўся праўда. Наколькі гэта быў аголены нерв, стала вядома параўнальна нядаўна.

Іх зблізіла «Хатынская аповесць»

14-30_kopiya_5.jpg

Алесь Адамовіч і Данііл Гранін захавалі страшную праўду пра вайну.

А ўжо «Блакадная кніга» моцна звязала двух пісьменнікаў. Прычым ініцыятыва яе напісання зыходзіла менавіта ад Алеся Адамовіча, і ёй ён натхніў Граніна.

– Пра сумесную работу над «Блакаднай кнігай» напісана і расказана шмат, – кажа дачка пісьменніка Наталля Адамовіч. – Я паспрабавала пераасэнсаваць, што звязвала іх, – кнігі, лісты, фота, дароўныя надпісы, водгукі... Гранін быў старэйшы за тату на сем гадоў. Ваяваў у Ленінградскай стралковай дывізіі народнага апалчэння, на Лужскім рубяжы, ва Усходняй Прусіі. Алесь Адамовіч правёў вайну ў падполлі, год быў у партызанах. Гранін па адукацыі інжынер-электрык, тата – філолаг. У Граніна першая менавіта ваенная проза выходзіць у сярэдзіне 60-х, у Адамовіча – у пачатку: «Вайна пад стрэхамі» (1960) і «Сыны ідуць у бой (1963) – пра вайну ў пасёлку Глуша. Пазней па дылогіі таты былі знятыя аднайменныя фільмы з песнямі, якія спецыяльна напісаў для іх Уладзімір Высоцкі. Амаль ва ўсіх творах вайна паказана вачыма 14–17-гадовага падлетка. Гранін пражыў 98 гадоў, тата пайшоў з жыцця на 68-м годзе. «Мы з ім былі ледзь знаёмыя. Дзесьці я яго бачыў, на нейкіх пісьменніцкіх сустрэчах, нешта мы гаварылі», – згадваў Гранін да таго, як яны пачалі працаваць над сумеснай кнігай. «Акрамя Фёдара Абрамава, з якім знаёмы яшчэ з 1950 года, бліжэй за іншых ленінградцаў ведаў Данііла Граніна, але больш завочна – па творах яго, цудоўным эсэ і праз кароткую перапіску (якраз з нагоды яго эсэ пра Пушкіна і Булгарына)», – пісаў у сваіх нататках Алесь Адамовіч.

Па-сапраўднаму іх зблізіла «Хатынская аповесць», якая выйшла ў часопісе «Дружба народаў» у 1972 годзе. Гранін прыйшоў ад яе ў захапленне. «Прачытаў Вашу аповесць не адрываючыся. І ненавідзеў, і пакутаваў, успамінаючы ўласную вайну, такую ж страшную... Усё ўспамінаў, таму што пазнаваў. І вашу-нашу ленінградскую нішчымніцу. І многае, чаго не было ў маёй вайне, франтавой. І радаваўся за Вас, за таленавітасць – прыміце гэтае слова без сарамлівасці, гэтак жа як я без сарамлівасці, без перабольшання пішу яго – таленавітасць. Дзівіць вобразнасць, тонкасць псіхалагічных знаходак, ды і не толькі псіхалагічных, а нейкіх асаблівых... Здаецца, столькі ўжо прачытана кніг пра партызанаў, столькі было фільмаў, вось з'явілася яшчэ адна праўда, і нічога падобнага, і чытаем без параўнання, быццам першая кніга пра гэта... Віншую Вас», – напісаў тады ў сваім лісце да Адамовіча расійскі пісьменнік. А потым выйшла яго рэцэнзія на кнігу ў часопісе «Новый мир». «Рэцэнзія – не мой жанр, – прызнаваўся ён. – Але аповесць мяне вельмі ўсхвалявала. У ёй былі бязлітаснасць, сумленнасць і тое асаблівае бачанне вайны, якое можа быць толькі ва ўдзельніка нявыдуманых падзей...»

14-31_kopiya_2.jpg

На прэзентацыю «Блакаднай кнігі» немцы раскупілі ўсе білеты.

«Найлепшаму суаўтару Савецкага Саюза...»

Упершыню блакадныя гісторыі Алесь Адамовіч пачуў у 1973 годзе, калі прыязджаў у Ленінград да сям'і расстралянага беларускага класіка Максіма Гарэцкага. Яму іх расказала дачка Гарэцкага – Галіна. А пасля таго як у 1974 годзе прачытаў аповесць Данііла Граніна «Гэтае дзіўнае жыццё» пра вучонага Аляксандра Любяшчага, які шкадаваў, што «амаль няма дзённікаў ленінградскай блакады», напісаў Граніну ліст з прапановай выправіць гэтую несправядлівасць. Адамовіч згадаў пра толькі што выдадзеную ў суаўтарстве з Брылём і Калеснікам кнігу «Я з вогненнай вёскі» і падзяліўся думкамі наконт таго, якой ён бачыць ленінградскую. Данііл Аляксандравіч адразу адгукнуўся: так, усё дакладна, але дзе знайсці час на такую працу? «Я прапаноўваў яму (Адамовічу. – Аўт.) іншых суаўтараў – літаратара, журналіста, – пісаў у сваіх успамінах Данііл Гранін. – Ён быў мілы з імі і... працягваў вербаваць мяне. Ён даказваў, што справа гэта не журналісцкая, а пісьменніцкая».

«Я ўсё яшчэ сумняваўся, ніколі не меў суаўтара: як гэта пісаць удваіх? – разважаў Гранін. – Шмат чаго было супраць сумеснай работы. Да таго ж сядзеў над раманам. Чаму я пагадзіўся? Потым я зразумеў: мне спадабаўся Адамовіч, вырашыла яго абаянне, якое ён шчодра раздаваў, прыцягваючы мяне. Яму ўдалося прывабіць мяне сваім натхненнем, захапленнем перад Ленінградам і яго жыхарамі. Адразу кінуліся ў работу, разумеючы, што трэба рабіць не адкладаючы – памяць сыходзіць і людзі сыходзяць. Уражвала яго смеласць: горада не ведаў, не ведаў блакады, людзей. Пасяліўся ў Ленінградзе, зняў пакой, купілі яму магнітафон». «Найлепшаму суаўтару Савецкага Саюза», – напісаў для Адамовіча на часопісе «Аўрора», дзе выйшла другая частка іх агульнага твора, удзячны Данііл Гранін. Гэтая кніга стала бомбай, такой праўды не чакалі ў Савецкім Саюзе. Але нават у старанна «вычышчаным» варыянце яна была бязлітасная ў сваім уздзеянні на чытача.

Глядзець без слёз на гэта немагчыма

Алесь Адамовіч пайшоў з жыцця ў 1994 годзе, Данііла Граніна не стала ў 2017 годзе. Сёння захаваннем памяці і папулярызацыяй творчасці бацькоў займаюцца іх дочкі – Марына Даніілаўна і Наталля Аляксандраўна. Летась у Санкт-Пецярбургу прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 40-годдзю кнігі, 100-годдзю Данііла Граніна і 75-годдзю зняцця блакады. На іх была запрошана і Наталля Адамовіч. Так супала, што гэта адбылося ў той год, калі споўнілася 25 гадоў са дня смерці Алеся Адамовіча.

– У верасні ў Пецярбургскім музеі палітычнай гісторыі Расіі адкрылася ўнікальная выстаўка «Людзі хочуць ведаць», – расказвае Наталля. – На ёй упершыню былі паказаны сакрэтныя дакументы, якія спынілі часопісную публікацыю «Блакаднай кнігі». Факты ўражваюць. Савецкая цэнзура нават у дзённіку паміраючага хлопчыка Юры Рабінкіна знайшла шмат чаго шкоднага для савецкіх людзей. З «Блакаднай» выкрэсліваліся цэлыя старонкі, у тым ліку і аўтарскі тэкст, дзе былі словы аб тым, што праўду пра блакаду яшчэ трэба напісаць гісторыкам будучыні.

14-29_kopiya_3.jpg

Блакадная кніга зблізіла двух пісьменнікаў.

Выстаўка моцная па ўздзеянні, кожны прадмет кажа сам за сябе. Адзін з экспанатаў – дзверы камунальнай кватэры з мноствам званкоў. З другога яе боку – фатаграфіі жыхароў. Калі пазваніць у званок, у навушніках гучаць галасы расказчыкаў, якіх ужо няма ў жывых. Шмат тут рэдкіх дакументальных сведчанняў. Вельмі цікавы дакумент – ліст Граніну ад загадчыка аддзела гандлю ленінградскага гарвыканкама Івана Андрыенкі, дзе ён расказвае пра змены хлебных нормаў і прыводзіць дакладную лічбу блакадных ахвяр, але просіць яе не публікаваць. Афіцыйная колькасць загінулых ленінградцаў, па інфармацыі дзяржархіва Расійскай Федэрацыі, у 1970 годзе складала 641 803 чалавекі. Іван Андрыенка кажа пра 900 тысяч. І гэта адпавядае той інфармацыі, якую паведамляў маршал Жукаў, – каля мільёна чалавек.

– Гледзячы на ўсё гэта, разумееш, наколькі важныя рэчы захавалі для нашчадкаў Алесь Адамовіч і Данііл Гранін, – кажа Наталля. – Я вельмі ўдзячна пісьменніцы Наталлі Сакалоўскай, стваральніцы выстаўкі. Яна шмат займалася тэмай блакады, рыхтавала да друку дзённікі Вольгі Бергольц, вывучала ў архівах гісторыі блакаднікаў. Гэтая выстаўка павінна была прыехаць сёлета ў Мінск. Але з-за складаных эпідэміялагічных абставін усё давялося адкласці на потым.

Боль душы лечыцца праўдай

Неверагодна, але сёння «Блакадная кніга» карыстаецца неймавернай папулярнасцю ў Германіі. І на тое ёсць прычына. На захадзе краіны доўгі час пра блакаду наогул нічога не ведалі – толькі пра Сталінград. 27 студзеня немцы адзначаюць Дзень памяці ахвяр нацыянал-сацыялізму, і, калі яны даведаліся пра блакаду і тое, што яна была знятая менавіта 27 студзеня 1944 года, запрасілі да сябе на гадзіну памяці Данііла Граніна. Гэта было ў 2014 годзе. Прадбачлівыя арганізатары сустрэчы паставілі для 95-гадовага пісьменніка крэсла за трыбунай. Але ад прапановы прысесці ён цвёрда адмовіўся і амаль гадзіну выступаў стоячы. Яго прамова была настолькі жорсткая і выкрывальная, што немцы былі ў шоку. «Нямецкія войскі, па сутнасці, вельмі камфортна, без асаблівых намаганняў чакалі, што надыходзячы голад – наёмны забойца – і маразы прымусяць горад капітуляваць, спрабавалі ператварыць жыхароў Ленінграда ледзь не ў звяроў», – кляйміў ён захопнікаў. Сцены бундэстага ўпершыню ў гісторыі чулі такія рэзкія абвінавачванні. У зале знаходзіліся прадстаўнікі кіраўніцтва Германіі, у тым ліку і Ангела Меркель. Словы Данііла Граніна ўзрушылі ўсіх. Пасля гэтай прамовы тэма блакады стала нагодай для вывучэння і аналізу ў немцаў, а «Блакадная кніга» на гэтым фоне – сапраўдным адкрыццём.

61920961_2479681272260602_2530929328097721795_n.jpg

Летась Наталля і дачка Граніна Марына атрымалі запрашэнне ў Берлін – на прэзентацыю поўнага перакладу «Блакаднай кнігі». Яна праходзіла ў Акадэміі мастацтваў, і на яе прыйшло болей чым трыста немцаў. Прычым не бясплатна, а за грошы. Усе білеты былі раскупленыя. Нямецкія пісьменнікі дзве гадзіны запар чыталі ўрыўкі з «Блакаднай кнігі» – з дзённікаў Юрыя Рабінкіна, акадэміка Князева, іншых блакаднікаў, якія сведчылі, што голад здольны праглынуць і сілу, і волю, і сумленне, і саму здольнасць супраціўляцца смерці... У зале стаяла мёртвая цішыня. Трэба было бачыць твары людзей і хваляванне, з якім яны ўсё гэта слухалі.

«Боль душы лечыцца праўдай, – пісаў у сваіх нататніках Алесь Адамовіч. – Вялікай праўдай і ўвагай чалавечай... Хтосьці сказаў: чалавек такі, наколькі ён здольны, колькі можа пачуць пра сябе, панесці праўды... Пра вайну ўсю праўду ведае народ – гэтае выказванне Канстанціна Сіманава становіцца афарызмам. Яе спазнаць – праз памяць народную – імкнуцца многія. Менавіта ўсю праўду. Ёсць, ёсць яна ў гісторыі кожнага народа, ухіляцца ад яе – на шкоду сабе, маральнаму здароўю народа на шкоду. Не хачу, гэта мне, нам непрыемна, «соль на раны» і таму падобныя мудрагельствы, толькі б не ўспамінаць і не ведаць, – не аблягчэнне, не, гэта значыць нагружаць і душу, і гісторыю новай няпраўдай, хлуснёй. Чалавек рана ці позна пажадае ад гэтага вызваліцца...»

Аўтар публікацыі: Нэлі Зігуля.

Фота з архіва Наталлі Адамовіч.

Збор сродкаў на музей Алеся Адамовіча ў Глушы працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама.

Р/р BY84AKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК AKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Крыніца: газета “Звязда”
Навіны

ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння”

10 Май 2024

16–17 мая ў Мінску адбудуцца ХХХ Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні “Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння (да 20-годдзя Інстытута тэалогіі БДУ)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Падведзены вынікі XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”

8 Май 2024

7 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы ў анлайн-рэжыме адбылося пасяджэнне журы па падвядзенні вынікаў XXXII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Памятаем і шануем!

8 Май 2024

Напярэдадні 9 Мая і ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадстаўнікі бібліятэкі правялі рэстаўрацыю і ўборку пахаванняў супрацоўнікаў, якія работалі ва ўстанове ў даваенны і пасляваенны перыяды.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва

8 Май 2024

З 8 мая па 18 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная кніжная выстава “ЮНЕСКА і Беларусь: 70 гадоў паспяховага супрацоўніцтва”, прысвечаная 70-годдзю ўступлення Рэспублікі Беларусь у ЮНЕСКА.

Кніжныя выстаўкі

Бібліятэкарам