ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Рупнасць і няўрымслівасць
Каляндар са зводам

Дзіцячае пытанне

Дзіцячае пытанне
Іншыя навіны

Што такое добра, а што такое дрэнна?.. Чаму адзін учынак добры, а іншы – дрэнны? І хто гэта вырашае?..


Вось асабліва на гэтае, апошняе, пытанне, прызнаецца карэспандэнт Ларыса Цімошык, дагэтуль бывае складана даць адказ адной вельмі няўрымслівай дзяўчынцы. Яна хоць і падрасла, але часам ставіць у тупік, калі даць адказ, здаецца, немагчыма. Ды і яна можа не паверыць на слова – усё думае, што гэта толькі яе так павучаюць. А патлумачыць жа трэба. І як добра, што ў такія моманты можна сказаць: а ты пачытай, вось тут усё напісана... І калі ўсё ж слухае і бярэ ў рукі кнігу, то вынік бывае нечаканы і для яе, і для дарослых, якія на яе глядзяць у гэты момант: як жа гэта цікава!..

У сучасных дзяцей, як і ў сучасных дарослых, спакус шмат: асобныя тэлеканалы з гадзінамі мультфільмаў ці фільмаў, камп’ютарныя гульні, дзе можна завісаць суткамі. А колькі варыянтаў цацак! Але як бы ні забаўлялі дзіця, яму ўсё роўна рана ці позна захочацца зразумець, чаму дабро заўсёды перамагае зло. А пра гэта лепш за ўсё распавядаюць казкі, якія расказваюць дзеткам мамы. Невыпадкова адна з кніг, якая сёлета ўбачыла свет, так і называецца “Маміна казка” (выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”). Кніжка аказалася паспяховай: у яе ўвайшлі беларускія народныя казкі разам з рускімі народнымі.

Магчыма, большасці цяперашніх бацькоў і бабуль з дзядулямі самім патрэбны момант параўнання і прыняцця беларускіх казачных персанажаў, каб потым прасцей было патлумачыць дзецям, што ў кожнага народа ёсць свае казкі. І гэта натуральна: спасцігаць свет згодна з традыцыямі, якіх прытрымліваўся ўвесь род.

У кожнага народа ёсць свае героі, якія дапамагаюць разабрацца ў самых розных сітуацыях і зрабіць з іх свае высновы. У кожнага народа ёсць свае сімвалы, вобразы, праз якія можна наладзіць масток паміж ледзь уяўным светам дзіцячых фантазій і рэчаіснасцю. У кожнага народа ёсць свае словы, якія лепш за ўсё кладуцца на адчуванне рэчаў і з’яў.

– Зараз ёсць попыт на дзіцячую кнігу як на рускай, так і на беларускай мове, – запэўнівае Вераніка Марук, супрацоўніца выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”. – Дзіцячая літаратура разыходзіцца вельмі добра. Гэта не год, не паўгода, а пытанне некалькіх месяцаў. Кнігі запатрабаваныя і ў бібліятэках, і ў крамах краіны. Калі ў Мінску просяць кнігі і на рускай, і на беларускай мове, то ў абласных і раённых гарадах вельмі запатрабаваныя беларускамоўныя кнігі.

Удакладню: мяне цікавяць не падручнікі, выданне якіх, напэўна, таксама можна аднесці да ліку кніг для дзяцей. І не толькі серыя кніг “Школьная бібліятэка”, калі выдаюцца творы пісьменнікаў, якія вывучаюцца па праграме ці ў пазакласным чытанні. Таму што наўрад ці правільна, калі дзіцячая кніга на беларускай мове будзе асацыявацца толькі з навучаннем. Дзецям важна, каб яна несла асалоду і радасць не толькі на ўроках. У пошуках такой кнігі я прайшла некаторыя сталічныя крамы – і, ведаеце, прапаноў не шмат. Можа, сапраўды разыходзяцца адразу? Вывучыла прапановы інтэрнэт-крам, дзе сёе-тое можна набыць. Знайшла навінкі, якія выпусцілі айчынныя выдавецтвы ўжо сёлета. Вось жа ў “Мастацкай літаратуры” – проста дапаможнік для бацькоў, якім патрэбны калыханкі ці трапныя выразы для выхавання дзетак: “Дзе Купала начавала”. Ды яшчэ ў густоўным мастацкім афармленні Ганны Сілівончык.

Укладальніца гэтай кнігі, пісьменніца Алена Масла – чалавек, апантаны стварэннем менавіта дзіцячых кніг, – працуе ў выдавецтве і ведае, чаму злавіць добрую дзіцячую кнігу бывае не проста:
– Я не падтрымліваю размоў, што няма беларускай кнігі, няма беларускай дзіцячай літаратуры. Яна ёсць, яе спачатку трэба проста пабачыць. Але калі яе няма дзе набыць, то, можа быць, і таму, што дзіцячыя кніжкі сёння вельмі хутка разыходзяцца. І насамрэч вельмі шмат людзей хочуць мець кнігу на беларускай мове: нехта выхоўвае дзяцей па-беларуску. Ды ўсё-такі ж мы ў Беларусі жывём. Беларуская мова – родная, да яе людзі цягнуцца, нават калі яна можа быць у пасіве, таму і кніжкі для дзетак на беларускай мове купляюць. Што тычыцца нашага выдавецтва, то мы стаім на абароне беларускамоўнай дзіцячай кнігі. У нас з’явіліся вельмі цікавыя праекты. Можа, іх пакуль не столькі, колькі хацелася б, але мы шукаем беларускіх аўтараў.

Ёсць пэўныя праекты, калі мы прадумваем, што хацелі б бачыць кнігу на канкрэтную тэму ў сябе. Тады мы заказваем яе канкрэтнаму аўтару, ведаючы, што ён можа яе напісаць. У нас так рабілася кніга “Кветкі” – фотаздымкі Паліны Грынчанкі найбольш распаўсюджаных у Беларусі кветак (васількі, рамонкі, бэз і гэтак далей) і да іх вершы Алены Церашковай. Ёсць вельмі цікавы аўтар, палеантолаг, навуковец Юрась Заіка. Мы заказалі яму кнігу пра тое, што было на тэрыторыі Беларусі мільярды гадоў таму. Гэта ўжо працуе маркетынгавая палітыка: адчуваеш, чаго нестае на рынку, знаходзіш людзей, якія напішуць пра гэта. Вядома, нягледзячы на ўсю прастату размовы з дзецьмі, пісаць для іх – вельмі складаная праца. Таму людзей, якія ўмеюць для дзяцей пісаць, не так і шмат. Але цікавыя імёны ёсць: Генадзь Аўласенка, Раіса Баравікова, пісьменнікі старэйшага пакалення Мікола Чарняўскі, Мікола Маляўка, Уладзімір Ліпскі. З’яўляюцца і новыя імёны. Выйшла ў нас кніга Людмілы Ціняковай “Прыгоды летняга лугу”. Гэта аўтарка з Гомеля, наша адкрыццё. Яна сталы чалавек, але гэта яе першая кніга. Ёсць музыкант Уладзіслаў Бубен, які распачаў серыю кніг “Марцін і кацяня” для самых маленькіх. Гэта мілыя гісторыі, якія пішуцца для багата ілюстраванай кнігі.

Дзіцячая кніга – гэта яшчэ і выхавальнік густу. Таму ў ёй важныя абодва аўтары: той, хто напісаў словы, і той, хто іх паказаў у вобразах. А дзеці ж спачатку заўважаюць вокладку, глядзяць карцінкі, а пасля ўжо чытаюць. Таму ёсць пэўныя правілы, згодна з якімі падаецца дзіцячая кніга: яна павінна быць яркай, але з даступнымі, зразумелымі ілюстрацыямі. Каб зайчык быў зайчыкам, а лісічка – лісічкай. Гэта сусветная тэндэнцыя: дзіцячая кніга павінна быць з класічным дзіцячым малюнкам.

Найбольш паспяховымі дзіцячымі праектамі становяцца багата ілюстраваныя. Дзякуючы афармленню і прыгожым фотаздымкам адразу раскупляюцца пазнавальныя кнігі, укладальнікам якіх з’яўляецца Алесь Бадак, прысвечаныя раслінам, птушкам, жывёлам. Заўсёды карыстаюцца попытам “Лясная кніга”, “Блакітная кніга”, “Чырвоная кніга” і “Касмічная кніга”. У іх уваходзілі творы беларускіх пісьменнікаў пра лес, пра ваду, пра расліны і жывёлы, якія занесены ў Чырвоную кнігу, пра космас.

Карысныя і патрэбныя веды таксама можна набываць праз казку, як гэта робіць гераіня кнігі “Белка піша сачыненне”. У сучасных беларускіх дзяцей з’яўляюцца – так і павінна быць – свае казачныя персанажы. І няхай гэта будуць Баравічок на скутары, ці Зязюля-гулюля, альбо вясёлыя парсючкі Брык і Шуся. Раіса Баравікова, якая апошнім часам паспяхова працуе ў дзіцячай літаратуры, умее прыдумваць цікавых персанажаў з беларускім, родным каларытам: ад касмалёту па імені Дранік фантазія прывяла да прыгод у Беларусі міжпланетнага пажарніка і іншых мамурыкаў. Персанаж “мамурык” – ад слова “мама”...

Калі паглядзець па найменнях кніг, якія выпускаюць выдавецтвы для дзяцей, – ёсць з чаго выбраць. Але сітуацыя такая, што пры ўсёй напружанай і добрай працы выдавецтваў патэнцыяльны чытач, нават той, які гэтыя кнігі чакае, можа іх не ўбачыць. Таму што выдавецтвы сёння ведаюць, што такое маркетынг, і імкнуцца працаваць так, каб сваю прадукцыю хутка прадаць. Бывае, увесь тыраж імгненна разыходзіцца, а потым людзі, якія не паспелі набыць кнігу адразу, думаюць, як і дзе яе можна знайсці. У той жа “Мастацкай літаратуры” месяц як выйшла кніга “Я – чалавек”, накладам 2500 асобнікаў, яе ўжо няма: бібліятэкі расхапалі. Таму людзі, якія маюць уяўленне пра сённяшнюю дзіцячую беларускую кнігу, вельмі шкадуюць, што часам не паспяваюць ці не маюць магчымасці яе набыць.

Тыражы кніг у 1000, 1500, 2000, напэўна, рынкава абгрунтаваныя: выдавецтвам жа не хочацца рызыкаваць і рабіць кнігі, якія не разыходзяцца. Але калі ўзяць пад увагу, што колькасць патэнцыяльных чытачоў дзіцячых кніг ўсё-такі можа быць больш за мільён (у залежнасці ад колькасці дзяцей), то, натуральна, далёка не да ўсіх патэнцыяльных спажыўцоў новая дзіцячая кніга можа патрапіць, нават з улікам бібліятэк.

– У нас апошні час ёсць такая тэндэнцыя, што мы паціху павялічваем наклады, – дадае Вераніка Марук. – Але тут для выдавецтваў ёсць пэўная рызыка, таму што ўступаюць у гульню ўмовы сённяшняй выдавецкай дзейнасці. Гэта ўсё-такі бізнес, які абкладваецца падаткамі. Адпаведна, павышаюцца расходы, а кошт кнігі, асабліва дзіцячай, не можа быць бязмежны. Таму застаецца спадзявацца на тое, што дзяржава зразумее, у чым яе дзяржаўны інтарэс у сувязі з выданнем кніг для дзяцей, і зробіць нейкую палёгку ў гэтым працэсе.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам