ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Семінар кіраўнікоў дыпмісій у Нацыянальнай бібліятэцы
Знак падтрымкі: каля 800 выданняў – у дар бібліятэкам Ірака

Чым жыве Нацыянальная бібліятэка Арменіі?

Чым жыве Нацыянальная бібліятэка Арменіі?
Іншыя навіны

У апошні час існуе меркаванне, што маладое пакаленне перастала наведваць бібліятэкі, усе чытаюць кніжныя навінкі толькі ў электронным выглядзе, а самі храмы кніг сталі значна менш запатрабаванымі. Так гэта ці не – з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Арменіі Тыграна Заргарана.


– Спадар Заргаран, на дадзены момант шматлікія прадстаўнікі маладога пакалення аддаюць перавагу чытанню кніг у электронным варыянце. Ці запатрабаваны такія кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Арменіі і ў бібліятэках нашай краіны?

– На сённяшні дзень армянскія бібліятэкі актыўна ўцягнутыя ў працэс стварэння электронных варыянтаў кніг, бо для сучаснай моладзі, сапраўды, значна зручней чытаць кнігі ці часопісы ў электронным фармаце. Акрамя таго, у нас ёсць вялікая колькасць замежных чытачоў. Фонд электронных кніг Нацыянальнай бібліятэкі складае каля 8 тыс. адзінак. Акрамя гэтага, у нас ёсць каталог выданняў армянскіх газет. Гэта значыць, тых газет, якія працяглы час выдаваліся і выдаюцца ў Арменіі. Мы таксама ствараем іх электронны варыянт, што прадугледжвае больш карпатлівую работу, паколькі ў іх ёсць дата – дзень, месяц і год выхаду. Ужо створана больш за 2 мільёны электронных варыянтаў газет. І кнігі, і часопісы, і газеты карыстаюцца вялікім попытам. Гэта тое, чым займаюцца бібліятэкі, каб ісці ў нагу з часам і з найноўшымі IT-тэхналогіямі.

– Скажыце, ці дастаткова бібліятэцы тых сродкаў, якія выдаткоўвае на яе дзейнасць дзяржава, ці ў некаторых пытаннях у вас узнікаюць фінансавыя цяжкасці?

– Ведаеце, гэта неадназначнае пытанне. Напрыклад, шматлікія сусветна вядомыя бібліятэкі імкнуцца закупляць усе акадэмічныя выданні, якія выходзяць у свет. Натуральна, нашых сродкаў на гэта не заўсёды хапае, але прыярытэтнымі для нас з’яўляюцца тыя выданні, аўтарамі якіх выступаюць армяне, альбо кнігі на армянскай мове, кнігі пра Арменію і кнігі, звязаныя з армяназнаўствам. Таксама мы купляем на аўкцыёнах асобнікі рэдкіх кніг, унікальных карт, на якіх у вельмі далёкія часы (калі многіх нашых суседзяў яшчэ не было на геаграфічных картах свету) была адлюстравана армянская дзяржава. Акрамя гэтага, мы набываем кнігі з аўкцыёнаў на такіх вядомых пляцоўках, як eBay, Amazon і г.д.

– Калі вашых фінансавых магчымасцей не заўсёды хапае, дык ці дапамагае супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі папаўняць фонды галоўнай бібліятэкі краіны?

– Вядома, у нас існуе такая практыка. Ёсць шэраг бібліятэк ва ўсім свеце, з якімі ў нас заключаны дамовы. У асноўным гэта, вядома ж, нацыянальныя бібліятэкі розных краін. Яны дораць нам пэўную колькасць кніг у адпаведнасці з нашымі інтарэсамі, а мы – ім. Часцяком асобныя людзі, усведамляючы значнасць Нацыянальнай бібліятэкі Арменіі, перадаюць нам літаратуру ў дар. З дапамогай такога супрацоўніцтва мы часам атрымліваем вельмі рэдкія і дарагія кнігі, цікавыя нашым чытачам. Таксама ў бібліятэцы ёсць аддзел, дзе можна замовіць любую кнігу з каталога тых бібліятэк, з якімі мы заключылі адпаведныя дамовы, і на працягу тыдня яна будзе дастаўлена ў Арменію. Калі ж кніга ёсць толькі ў адзіным асобніку, дык нам дасылаюць яе ксеракопію. Натуральна, такая практыка вельмі зручная.

– Дамаўляючыся аб інтэрв’ю, мы даведаліся, што вы нядаўна наведалі Астану. Раскажыце, калі ласка, наколькі прадуктыўна ідзе супрацоўніцтва галоўных бібліятэк Арменіі і Казахстана?

– Пасля распаду СССР многія нашы сувязі з іншымі постсавецкімі краінамі абарваліся, і зараз мы вельмі рады, што ранейшыя кантакты аднаўляюцца. Казахстан – наш сусед, паміж намі наладжаны эканамічныя і палітычныя сувязі. Наведванне Астаны было прымеркавана да міжнароднага форуму “Чытацкая нацыя ў чытацкім свеце”. У рамках візіту мы атрымалі афіцыйную прапанову стварыць цэнтр казахскай літаратуры і з вялікім задавальненнем яе прынялі. Таксама нашай бібліятэцы падарылі выдатныя, цікавыя і рэдкія выданні, якія будуць вельмі карысныя для моладзі. Такім чынам, можна сказаць пра тое, што паміж дзвюма нашымі краінамі наладжана узаемавыгаднае супрацоўніцтва.

– Як бы вы вызначылі сукупны партрэт вашых чытачоў? Ці павялічылася колькасць наведвальнікаў бібліятэкі з часоў СССР?

– Справа ў тым, што ў часы СССР не было электронных варыянтаў кніг. А цяпер у нас ёсць вялікая колькасць чытачоў з усяго свету, якія не могуць прыехаць у Арменію, але могуць скарыстацца электроннымі версіямі нашага кніжнага фонду. Асноўны ж працэнт рэальных чытачоў – моладзь, для якой у бібліятэцы больш зручна і камфортна працаваць, чым дома, бо тут нішто не адцягвае ад чытання. І я вельмі рады, што з кожным годам колькасць нашых наведвальнікаў толькі расце.

Крыніца: Российская ассоциация электронных библиотек

Пераклад з рускай мовы Юрыя Чарнякевіча, вядучага бібліятэкара аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам