ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Барыс Святлоў: "Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры"
Выстаўка ў рамках Сусветнага кангрэса рускай прэсы

Барыс Святлоў: “Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры”

Барыс Святлоў: “Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры”
Іншыя навіны

У міністра культуры Беларусі пад час “прамой лініі” з чытачамі газеты “Звязда” было шмат працы, часам завязвалася размова, а то і дыскусія.


– Хацелася б пажадаць, каб была працягнута традыцыя папярэдняга міністра Паўла Латушкі ў карыстанні беларускай мовай – і ў размовах, і ў дакументах міністэрства... (Навумчык Іосіф Адамавіч, старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Скарыны, пенсіянер.)
– Мы яе працягнем. Беларускую мову будзем шанаваць і выкарыстоўваць у рабоце нашага міністэрства на ўсіх узроўнях.

– У падрыхтоўцы да 90-годдзя Васіля Быкава, нашага славутага земляка з Ушацкага раёна, мы звярнуліся ў міністэрства восенню мінулага года і атрымалі станоўчы адказ аб тых мерапрыемствах, якія плануюцца па лініі міністэрства. Просьба звярнуцца да гэтага дакумента.
– На сённяшні дзень мы маем даручэнне кіраўніка дзяржавы адкрыць на дачы пісьменніка музей Васіля Быкава як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Праца над гэтым ужо вядзецца. Акрамя таго, у Доме літаратара з нагоды памятнай даты Міністэрствам культуры сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі плануецца правесці вечарыну і іншыя мерапрыемствы.

– Нашу віцебскую культурную грамадскасць хвалюе стан музейнай справы ў Віцебску. 4 гады як закрыты абласны літаратурны музей, які працаваў 20 гадоў да гэтага. Там быў працяглы рамонт. І пакуль што не вырашана пытанне наогул з яго існаваннем. Быў закрыты музей прыватных калекцый, таму што патрабуецца тэрміновы рамонт. Але замест гэтага, пабудаваны побач будынак з 2-х паверхаў, у якім збіраюцца зрабіць дом прыёму гасцей. Музей прыватных калекцый, як абвясцілі, будзе ў памяшканні былога літаратурнага музея. Але дзе будзе літаратурны музей?
– Я гэтае пытанне ведаю. Хацеў бы сказаць, што ў нашай краіне назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да росту колькасці музеяў і іх філіялаў. Калі ў 2008 годзе налічвалася 174 музеі, то ў 2012-м – ужо 205. Што тычыцца канкрэтна Віцебска і музея прыватных калекцый, то пазіцыя міністэрства тут адназначная: гэты філіял павінен захавацца перш за ўсё з улікам яго ўнікальнасці для музейнай сеткі Беларусі. Ужо вядуцца будаўніча-мантажныя работы ў будынку па праспекце Фрунзе, дзе размесціцца гэты філіял. І таксама вядзецца праца па стварэнні канцэпцыі экспазіцыі філіяла і яе архітэктурна-мастацкага рашэння. Што тычыцца філіяла літаратурнага музея Віцебскага абласнога музея, то пошукі будынка для яго размяшчэння таксама вядуцца.

– Хацелася б пачуць ваша меркаванне наконт узбуйнення бібліятэк, каб не проста зачыняць тыя, дзе засталося мала чытачоў, а каб пашыраць зоны для аграгарадкоў, можа быць, дадаваць стаўку. Калі там будзе 2 чалавекі, то адзін можа стацыянарна працаваць, а другі на веласіпедзе развозіць кнігі туды, дзе закрылася. Няхай там менш засталося людзей, але ж яны ёсць. Бібліёбус 1 раз на 4 месяцы ходзіць, але гэтага недастаткова для людзей, якія чытаюць. (Вольга, Мінск, па просьбе вяскоўцаў.)
– Сёння мы праводзім аптымізацыю сеткі бібліятэк. Адбываецца аб’яднанне бібліятэк як грамадскіх, так і бібліятэк, якія адносяцца да Міністэрства адукацыі. У розных раёнах і абласцях гэты эксперымент адбываецца па-рознаму: то на базе школьных бібліятэк, то наадварот. Гэта адбываецца таму, што няма наведнікаў у канкрэтных населеных пунктах. Таму гэтая тэндэнцыя неабходная, гэта ўмова часу, на якую мы вымушаны рэагаваць.
Прынцыпова мы павінны падыходзіць да вырашэння гэтай праблемы, каб ніводзін чалавек не застаўся без бібліятэчнага абслугоўвання... Сёння чалавек, які жыве ў адпаведнай мясцовасці, хацеў бы атрымаць комплекс культурных паслуг. Таму ёсць тэндэнцыя, каб усе ўстановы былі сабраны ў нейкі цэнтр, дзе будзе і бібліятэка, і кінатэатр, і магчымасць выпіць кубачак гарбаты. І мы павінны даваць нашым людзям комплекс культурных паслуг.

– Далучаць падлеткаў да беларускай літаратуры ў наш час вельмі складана. Але асабліва складана яшчэ і з той прычыны, што шмат якія значныя творцы аказваюцца па-за заслужанай увагай, хоць іх творы варта было б раіць для чытання. Сёння Караткевіча ўжо мала, таму што жыццё вельмі змянілася, у ім ёсць розныя праблемы і тэмы, не толькі гісторыя. Падзел сярод літаратараў не вельмі добра адбіваецца на разуменні рэальнай якасці беларускай літаратуры. Але калі людзі мала чытаюць, то гэта культурная бяда: тая ж моладзь не бачыць, як можна праводзіць час, і больш п’е, чыніць крымінал і г.д... (Настаўніца літаратуры з Віцебска.)
– Летась Міністэрствам культуры была распрацавана сістэма захадаў, накіраваных на падтрымку і развіццё чытання ў Рэспубліцы Беларусь на 2013–2015 гады. У гэтым дакуменце, які ўзгаднілі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, аблвыканкамы, Мінскі гарадскі выканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, запланаваны шэраг захадаў арганізацыйнага, навуковага, рэкламна-інфармацыйнага характару, а таксама шматлікія мерапрыемствы па папулярызацыі чытання ў нашай краіне, у першую чаргу сярод дзяцей і падлеткаў, развіццё традыцый сямейнага чытання і інш. Сярод мерапрыемстваў можна вылучыць распрацоўку ў 2014–2015 гг. Міжведамаснай праграмы па падтрымцы і развіцці чытання ў Рэспубліцы Беларусь. Па першай частцы вашага пытання трэба сказаць, што Міністэрства культуры падтрымлівае і будзе падтрымліваць усіх таленавітых сучасных аўтараў, каб нікога не абысці заслужанай павагай.

– Ці можа быць цікавай ідэя правядзення на рэспубліканскім узроўні свята-конкурсу для юных майстроў, менавіта толькі для дзяцей, без дарослых. У нас столькі дамоў рамёстваў і столькі дзяцей іх наведвае, што хацелася б, каб іх праца і іх творчасць была больш прыкметная. (Раіса, Мінская вобласць.)
– У нас праходзіць “Вясновы кірмаш” – гэта якраз тое свята, у якім удзельнічаюць і дарослыя, і дзеці. Што тычыцца менавіта дзіцячага конкурсу, то, на мой погляд, гэта даволі слушная прапанова. Мы больш падрыхтаваны зараз да абмеркавання гэтага пытання. І сувязь паміж пакаленнямі не павінна перапыняцца. Даручу спецыялістам, каб яны разгледзелі пытанне пра магчымасць арганізацыі менавіта дзіцячага конкурсу. Але ў працяг тэмы: зараз Мінкульт выйшаў з прапановай, каб зацвердзіць свята майстроў народнай творчасці. І мы прапануем да разгляду 27 верасня, каб гэтае свята стала святам усёй краіны і было прысвечана менавіта вялікай справе, якая тычыцца народных промыслаў. Будуць у гэтым свяце ўдзельнічаць не толькі дарослыя, а таксама і дзеці.

– Перш за ўсё хачу выказаць вам спачуванне ў вашай працы, я лічу, што беларуская культура знаходзіцца ў вельмі складаных умовах. Шмат у чым з-за таго, што не шануюць беларускую мову. Па нацыянальных беларускіх тэлеканалах гучаць у асноўным рускамоўныя песні, але ж калісьці дзякуючы “Песнярам” і “Сябрам” беларуская мова гучала нават на расійскіх. Можа, таму і поспех быў у нашых артыстаў... (Віктар Сцяпанавіч з Брэста.)
– Я не магу пагадзіцца з вашай ацэнкай культуры. Гэта ваш пункт погляду. Расійскія каналы паказваюць сваіх расійскіх майстроў культуры, а мы паказваем сваіх. Паглядзіце наш беларускі трэці канал, прысвечаны пытанням культуры. Гэта не значыць, што ў нас уся культура толькі на гэтым канале. Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры. У нас ёсць пэўныя праблемы, але яны вырашаюцца.

– Мяне турбуе стан беларускай мовы, якая з’яўляецца важным элементам суверэнітэту краіны.
– Вы добра ведаеце, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы. А калі вы паглядзіце на гэтае пытанне шырэй – у Швейцарыі ўвогуле 4 мовы... Таму дзякуй вам за клопат, шануйце беларускую мову і карыстайцеся ёю, але ўлічвайце, калі ласка, гістарычную сітуацыю.

– На “Еўрабачанні”, іншых міжнародных фестывалях, конкурсах нашы прадстаўнікі займаюць у асноўным непрызавыя месцы. Можа быць, адна з прычын у тым, што яны не выконваюць песні на роднай беларускай мове? Няўжо Алена Ланская не магла выканаць песню на беларускай мове? (Янка Тышко, былы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, чытач "Звязды" з 1950 г.)
– Конкурс песні “Еўрабачанне” з’яўляецца міжнародным. Выкананне песень на англійскай мове прадыктавана, у першую чаргу, тым, што, менавіта англійская (міжнародная) мова дае магчымасць данесці песню да максімальна шырокай еўрапейскай аўдыторыі. Па правілах конкурсу “Еўрабачанне”, спявак мае права выконваць песню як на англійскай, так і на роднай мове. За ўсю гісторыю конкурсу “Еўрабачанне” толькі аднойчы артыст, які перамог у конкурсе, выконваў песню на роднай мове – Марыя Шэрыфавіч у 2007 годзе прынесла перамогу Сербіі з кампазіцыяй “Малітва”. Што ж тычыцца выступлення на конкурсе песні “Еўрабачанне-2013” у Мальме (Швецыя) Алены Ланской, то, на думку заходняй прэсы і музычных крытыкаў, менавіта выступленне афіцыйнага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь прызнана адным з яркіх і запамінальных. Пастаноўка сцэнічнага нумара і музычны матэрыял, з якім Алена выступіла на сцэне Мальме-Арэна, адпавядалі патрабаванням еўрапейскай публікі. Калі казаць пра статыстыку, то Алена Ланская выйшла ў фінал конкурсу, атрымаўшы другі вынік за 10 гадоў удзелу Рэспублікі Беларусь у гэтым конкурсе пасля Дзмітрыя Калдуна. А гэта, на мой погляд, – даволі добры вынік.

– Ідзе скарачэнне дзяржаўнага апарату. Што новага з’явіцца ў структуры кіраўніцтва ўстановамі культуры? Якая будзе схема ўпраўлення кінафікацыяй ад раёнаў да цэнтра?
– Ідзе аб’яднанне. Галоўныя ўпраўленні, якія будуць аб’ядноўвацца ў нас з упраўленнем культуры, – упраўленне ідэалогіі, упраўленне па справах моладзі... Што да кінафікацыі, то ў кожным раёне рэспублікі, а таксама ў гарадах абласнога падпарадкавання створаны структуры, якія забяспечваюць кінавідэаабслугоўванне насельніцтва. У рэгіёнах Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай абласцей створаны камунальныя прадпрыемствы. У Магілёўскай вобласці кінавідэапаказ у раёнах ажыццяўляюць аддзелы па кінавідэаабслугоўванні ў складзе цэнтралізаванай клубнай сістэмы аддзелаў культуры райвыканкамаў. Названыя прадпрыемствы знаходзяцца ў раённай уласнасці і падпарадкоўваюцца адпаведным гаррайвыканкамам. У Мінскай вобласці кінапаказ ажыццяўляе прадпрыемства “Мінаблкінавідэапракат”, якое мае структурныя падраздзяленні ў кожным раёне вобласці. Кінатэатры г. Мінска знаходзяцца ў падпрадкаванні УП “Кінавідэапракат” Мінгарвыканкама. Існуючая сістэма кіравання арганізацыямі кінавідэапракату і кінавідэапаказаў, а таксама кадравы склад на месцах дазваляюць вырашаць пастаўленыя перад галіной задачы.

Матэрыялы “прамой лініі” падрыхтавалі Ларыса Цімошык, Вольга Чайкоўская.

(Працяг будзе.)

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам