ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Творчы вечар і прэзентацыя кнігі А. Бутэвіча
Барыс Святлоў: “Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры”

Барыс Святлоў: "Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры"

Барыс Святлоў: "Я гляджу аптымістычна на будучыню нашай культуры"
Іншыя навіны

Працяг публікацыі матэрыялаў "прамой лініі" міністра культуры Беларусі з чытачамі газеты "Звязда".


– Работнікі культуры, нават тыя, якія працуюць ва ўстановах, што адносяцца да іншых міністэрстваў, не могуць дазволіць сабе нармальную культуру харчавання. У кавярні хадзіць абедаць грошай не хапае. Перад маніторамі есці сухія бутэрброды ці распаўсюджваць па канторы пах падагрэтай у мікрахвалёўцы ежы – гэта некультурна. Як вы бачыце такую праблему і ў чым можа быць яе вырашэнне? (Святлана, рэдактар.)
– Для сябе я вырашаю гэтае пытанне вельмі проста: чым менш буду есці, тым больш спраў паспею зрабіць. Для мяне гэтае пытанне не існуе. Але ж я лічу, што трэба звяртаць увагу і на культуру харчавання. Мы маем вельмі добрыя нацыянальныя традыцыі. Памятаю з тых светлых часоў, калі працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, нават гэтыя бакі нашай культуры вывучаліся і было некалькі навуковых работ па гэтых тэмах. Уся падобная інфармацыя ў нас сістэматызавана і шкада толькі, што не выкарыстана пэўным чынам. З іншага боку, на жаль, у вырашэнне гэтага пытання ўносяць сваю карэкціроўку рынкавыя адносіны. Таму, калі ў нас ёсць прадпрымальнікі, якія хацелі б менавіта ў гэтым кірунку развіваць свае справы, няхай звяртаюцца ў Міністэрства культуры, мы разам падумаем, што можна змяніць.

– Ва ўстановах культуры ёсць план па платных паслугах. Установы розныя – адным гэта рабіць прасцей, а іншым – немагчыма. Калі ўся культура звядзецца да паслуг, то што ад яе застанецца – адна камерцыя замест духоўнасці? (Работнік культуры, Магілёўская вобласць.)
– Паказчык па росце платных паслуг культуры насельніцтву ў супастаўных цэнах 2004–2010 гадоў з’яўляўся адным з мэтавых паказчыкаў эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. І ён даводзіўся Міністэрству культуры ў адпаведнасці з рашэннем нашага ўрада. З 2011 года гэты паказчык Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь не зацвярджаецца, ён скасаваны. Але ж у дзяржаўнай праграме "Культура Беларусі" на 2011–2015 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, прадугледжаны паказчык павелічэння пазабюджэтных даходаў дзяржаўных арганізацый штогод на 5 працэнтаў. Гэта вельмі важкі паказчык. Я лічу, што сучасныя эканамічныя ўмовы – час прыспеў для гэтага – патрабуюць ад арганізацый культуры актывізацыі дзейнасці па павелічэнні пазабюджэтных даходаў за кошт удасканалення формаў і метадаў арганізацыі вольнага часу насельніцтва, укаранення новых відаў платных паслуг культуры насельніцтва, павышэння іх якасці. Дзяржава ставіць задачу выкарыстання не толькі бюджэтных, але і ўсё большага прыцягнення пазабюджэтных сродкаў. Аднак ёсць дзяржаўная падтрымка культуры: у мінулым годзе яна склала 0,58 % ад ВУП і 0,59 % у гэтым годзе.

– Пасля адкрыцця Купалаўскага тэатра пасля рамонту не сціхаюць дыскусіі пра тое, што ён мусіць стаць самаакупным. Ці сапраўды ставіцца такая задача, і як гэта адаб’ецца на простых гледачах: ці змогуць яны набыць квіток? (Алена з Мінска.)
– Купалаўскі тэатр з’яўляецца вядучым драматычным тэатральным калектывам краіны. Яго 93-гадовая гісторыя пра гэта сведчыць. Яго сцэна з моманту адкрыцця стала цэнтрам культурнага жыцця не толькі сталіцы, але ўсёй краіны ўвогуле. Я б сказаў, што яна стала лабараторыяй стварэння і захавання нацыянальных духоўных каштоўнасцяў. Таму гаварыць пра тое, што тэатр можа адмовіцца ад нейкіх мастацкіх, грамадскіх прынцыпаў, на якіх будуецца ўся яго дзейнасць, не з’яўляецца магчымым. Гэта наш культурны сімвал, гэта брэнд нашай дзяржавы. Ён закліканы выконваць важнейшыя функцыі па захаванні нацыянальных культурных традыцый Беларусі, мовы, фарміраванні грамадскай думкі, каштоўнасных арыенціраў, павышэнні інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Сёння тэатр, я лічу, ідзе ў авангардзе асэнсавання актуальных праблем нашага грамадства сродкамі тэатральнага мастацтва. З 24-х найменняў бягучага рэпертуару амаль палова спектакляў па беларускай драматургіі.
Зараз тэатр заняты работай па адаптацыі спектакляў бягучага рэпертуару да новай пляцоўкі. З верасня 2013 года распачнецца праца над спектаклем "Пан Тадэвуш" паводле эпічнай паэмы Адама Міцкевіча.
Што тычыцца самаакупнасці: калі мы будзем казаць, што тэатр павінен перайсці на толькі рынкавыя адносіны ў гэтай сферы, мы тыя мэты, пра якія я казаў, тыя ідэалы, тое прызначэнне выканаць не зможам. Але часткова знайсці разумную меру ў адносінах паміж запатрабаваннямі часу і тымі ідэаламі, якія тэатр прызначаны несці ў наша грамадства, мы гэта павінны зрабіць. Таму самаакупнасці поўнай быць не можа.
Каб тэатр сёння быў самаакупны, то прыкладна 600 тысяч павінен каштаваць адзін квіток на спектакль. А сёння яны каштуюць ад 20 да 130 тысяч рублёў.

– Гэта сусветная практыка – дзяржава павінна падтрымліваць нацыянальную культуру.
– Наколькі я ведаю, у розных краінах падтрымка ідзе ад 20-15 да 80 працэнтаў. Няма такога, каб датаваліся ўсе 100 працэнтаў... Не трэба толькі прасіць у дзяржавы "дай", гэта спажывецкі падыход. Але ж калі адразу адпускаць калектывы ў вольнае плаванне, каб зараблялі, то можна панізіць планку, мастацкі ўзровень, і ўжо не будзе ніякай размовы ні пра выхаванне, ні пра мастацкі густ, ні пра нейкія ідэі. Тут трэба знайсці неабходную залатую сярэдзіну, у адпаведнасці з якой мы будзем і зарабляць самі, і ў той жа час дзяржава будзе падтрымліваць установы культуры.

– Цікава, у сувязі з чым сёлета вырашылі не праводзіць тэатральную прэмію? Яна была заяўлена як штогадовая...
– Справа ў тым, што немагчыма кожны год на гэтую прэмію вылучаць якаснага ўзроўню творы, спектаклі, якія выклікалі інтарэс і адпавядалі б узроўню нацыянальнай прэміі. Таму было прынята такое рашэнне, каб трохі радзей, раз на 2 гады яе праводзіць.

– У рамках прэміі ёсць намінацыя "беларуская драматургія". Яна нібыта ёсць, але спектакляў паводле сучаснай беларускай драматургіі ў тэатрах няшмат.
– У нас ёсць лабараторыя нацыянальнай драматургіі, вы ведаеце, колькі майстроў з яе выйшла. І дастаткова цікава працуюць... Сёння становішча такое, што ёсць у нас і драматычныя творы маладых, а з другога боку мы далі права кожнаму тэатру, кожнаму мастацкаму кіраўніку выбіраць з гэтых твораў тое, што яму хацелася б. Калі я задаю пытанне таму ж Мікалаю Пінігіну, то ён мне можа адказаць: "А я не бачу ніводнага твора, мне больш цікава звярнуцца да нашых класікаў сёння". Як прымусіць ўзяць? З другога боку, у нас да 50 працэнтаў у рэпертуары таго ж тэатра Янкі Купалы – творы беларускай драматургіі.

– Што вас уразіла як гледача ў беларускім мастацтве?
– Я магу гаворыць пра гэта бясконца, таму што ў тэатры бываю праз дзень. У мяне кожны вечар распісаны творчай падзеяй. Паглядзіце, якая цікавая з’ява адбываецца ў нашым рускім тэатры імя Горкага, які пачаў паказваць беларускую драматургію. Першая ластаўка – гэта п’еса Аляксея Дударава "Экзекутар", дзе ёсць зварот да твора Гогаля. Я яе паглядзеў з вялікім задавальненнем.

– Што за планы пра сумесную вытворчасць з Галівудам? І ці не пашкодзіць гэта беларускаму кіно, якое ўсё-такі павінна мець свой шлях развіцця, а не ператварацца ў здымачную пляцоўку? (Святлана, Мінск.)
– Беларускае кіно мае свой шлях развіцця, ён акрэслены ва ўзгодненай кіраўніком дзяржавы канцэпцыі развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009–2014 гады. У 2012 годзе кінастудыяй "Беларусьфільм" і Белвідэацэнтрам створана 7 мастацкіх фільмаў (усяго 31 серыя), з якіх 5 сумеснай вытворчасці, 68 дакументальных і 9 анімацыйных. З мінулага года па выніках адкрытых конкурсаў мэтавыя бюджэтныя сродкі атрымліваюць і недзяржаўныя кінавытворцы. Беларускія кінематаграфісты ўдзельнічалі ў 57 міжнародных кінафестывалях, нашы фільмы атрымалі 74 узнагароды: у Арменіі, Германіі, Грэцыі, Ізраілі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Казахстане, Літве, Расіі, Польшчы, Славакіі, Францыі, Чэхіі, Украіне. Традыцыйным стала адкрыццё Нацыянальнага павільёна Беларусі на Канскім міжнародным кінафестывалі, удзел у Берлінскім кінафестывалі. Завяршаюцца працэдуры ўзгаднення тэкстаў пагадненняў аб сумеснай кінавытворчасці з Ізраілем, Францыяй, Індыяй. Пры выбары сумесных кінапраектаў (на конкурснай аснове) мы зыходзім з уласных інтарэсаў беларускага кінамастацтва і нацыянальнай кінашколы. Разам з тым сёння стаіць задача паляпшэння мастацкай і тэхнічнай якасці фільмаў, актуальнасці іх тэматыкі, што павінна ўзмацніць іх канкурэнтаздольнасць і паспрыяць вяртанню дзяржаўных грошай у новы цыкл кінавытворчасці. З Галівудам мы будзем працаваць у той ступені, у якой зацікаўлена наша айчыннае кіно.

– Усё-ткі якім чынам супрацоўніцтва з Галівудам можа дапамагчы развіццю нацыянальнага беларускага кінематографа?
– Калі сёння кажуць "Галівуд", гэта цэлая сістэма кінавытворчасці, якая мае пэўныя мастацкія і тэхнічныя здабыткі ў галіне кінафабрыкі і вытворчасці фільмаў. Таму нам трэба падыходзіць да гэтага пытання вельмі дакладна. У нас сёння ёсць свае поспехі і ёсць свой кірунак у галіне развіцця кіно. Але ж калі мы кажам "кінастудыя "Беларусьфільм", мы ўкладваем два розныя сэнсы ў гэтае паняцце. Можна гаварыць пра "Беларусьфільм" як пра пэўную кінафабрыку, базу па вытворчасці фільмаў. У гэтым сэнсе адкрываюцца самыя шырокія магчымасці для стварэння сумесных фільмаў ці прадастаўлення нашай тэхнічнай базы для вытворчасці фільмаў, якія могуць быць прапанаваны з якой-небудзь кампаніі Галівуда. Калі ласка, калі ў нас танней. Сёння наша тэхнічнае абсталяванне, узровень тэхнічнага персаналу адпавядае высокім прафесійным якасцям і сусветным патрабаванням. І ў той жа час мы не абмежаваны разглядаць нашу кінастудыю як студыю па стварэнні мастацкага прадукту, фільмаў ігравых, анімацыйных, дакументальных. Пра гэта сведчыць таксама шматлікая сумесная вытворчасць, якую мы ажыццяўляем. Нічога страшнага няма, калі да нас звернуцца кінематаграфісты замежжа.

– Вельмі шмат абмяркоўвалася тэма нацыянальнага кінапрадукту, былі рэальныя сцэнарыі, з тым жа "Чорным замкам Альшанскім" паводле Караткевіча, але кожны раз нешта не спрацоўвае. У чым прычына?
– Так, адно з найбольш праблемных пытанняў – вытворчасць нацыянальнага кіно. Мы ва ўсіх дакументах прапісалі, што яно павінна быць, але ніхто не ведае, як яго зрабіць. Нацыянальны фільм прасцей зняць, чым расказаць, якім ён павінен быць, і даць канкрэтнае тэхнічнае заданне. Вядуцца пошукі. Адпаведнай камісіі, якая існуе пры Міністэрстве культуры, прапануюцца праекты, заснаваныя на сцэнарыях па творах нашых выдатных пісьменнікаў, зробленых нашымі драматургамі. Але пакуль яшчэ камісія не знайшла адпаведнага праекта, які адпавядаў бы званню нацыянальнага.

– Ці будзе Беларусь працягваць удзельнічаць у Венецыянскай біенале? Ці будзе ў нас усё-ткі падымацца сучаснае выяўленчае мастацтва? Мастакоў шмат, а рэальна ім паказаць сябе свету магчымасці няма. Вось нядаўна трыенале зрабілі, унутраную выставу. Але момант удзелу ў міжнародных мастацкіх праектах вельмі важны... (Зміцер, мастак, Мінск.)
– Мы будзем працягваць удзел у тым ліку і ў Венецыянскай біенале, але будзем рабіць гэта праз раз. Таму што гэта тычыцца вялікіх грошай, знайсці спонсараў вельмі складана. Калі казаць канкрэтна, можа, вы чулі пра даручэнне кіраўніка дзяржавы аб арганізацыі так званага арт-дэпо. У 2014 годзе мы павінны правесці на базе гэтай пляцоўкі выставу сучаснага мастацтва. Памяшканне, у прынцыпе, знойдзена, вырашаецца пытанне перадачы яго ад Міністэрства прамысловасці Міністэрству культуры. Механізм падрыхтоўкі самой выставы ўжо запушчаны: шукаюцца мастакі, творы, усё ў працэсе.

– Што гэта будзе за памяшканне?
– Я, можа, прыадкрыю невялікі сакрэт. Гэта цэх завода імя Арджанікідзэ на вуліцы Кульман, 1. Тое, што я ўбачыў, мне вельмі спадабалася: пад’езды, падыходы, пляцоўка і нават магчымасць арганізацыі пленэру, горада майстроў.

– Гэтае арт-дэпо будзе адкрыта не толькі для членаў Саюза мастакоў?
– Так, думаю, мы зробім больш шырока. Гэта не будзе будынак Саюза мастакоў, ён будзе, у першую чаргу, належаць Міністэрству культуры.

Матэрыялы "прамой лініі" падрыхтавалі Ларыса Цімошык, Вольга Чайкоўская.

Чытайце таксама першую частку "прамой лініі" міністра культуры Беларусі з чытачамі газеты "Звязда".

(Заканчэнне будзе.)

Крыніца: газета "Звязда"

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам