28 ліпеня ў дзіцячым пакоі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшлі творчыя заняткі “Я на сонейку ляжу” з цыкла “Нетрадыцыйныя спосабы выяўлення”.
Пад час заняткаў дзеці папрактыкаваліся ў майстраванні сюжэтных вырабаў. У выніку на сонечным астраўку “выраслі” зялёныя пальмы, на сонейку пагрэцца “выпаўзлі” чарапашкі. Тут жа “пасяліліся” пластылінавыя чалавечкі, якія маглі схавацца ад пякучага сонца ў прахалодных бунгала.
У працэсе творчых заняткаў у дзяцей замацаваліся навыкі працы з паперай, пластылінам, кардонам і клеем. Маленькія ўдзельнікі з радасцю эксперыментавалі з колерам, матэрыяламі, прапаноўвалі свае варыянты малюнка. Рухомыя і настольныя гульні сталі выдатным завяршэннем дзіцячага свята.