16 верасня 2009 года ў рамках Дзён культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведала дэлегацыя Міністэрства культуры КНР на чале з намеснікам міністра культуры Оўян Цзянем.
У Нацыянальнай бібліятэцы дэлегацыю вітаў дырэктар Р.С. Матульскі.
У ходзе азнаямляльнай экскурсіі кітайская дэлегацыя выразіла захапленне багаццем кніжнага фонду і інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі, яе калекцыяй рарытэтных выданняў, технічным аснашчэннем і архітэктурна-будаўнічымі асаблівасцямі. Госці наведалі аглядную пляцоўку бібліятэкі, адкуль ім адкрыўся маляўнічы пейзаж сталіцы.
У зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшла сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь П. Латушкі і намесніка міністра культуры КНР О. Цзяня. У ходзе перамоў былі разгледжаны пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы культуры.