7 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 51-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.
Сярод лаўрэатаў і людзей, якія маюць дачыненне да перамогі, – прадстаўнікі бібліятэчнай справы краіны.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала перамогу ў намінацыі “За прапаганду чытання” (за вялікі ўклад у прапаганду беларускай кнігі, падтрымку і развіццё чытання). Спецыяльны дыплом і памятны знак-сімвал “Малы залаты фаліянт” быў уручаны дырэктару бібліятэкі Раману Сцяпанавічу Матульскаму.
Кніга Р.С. Матульскага “Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси. Ч. I. IX – начало XХ в.”, якая выйшла ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”, стала лепшай у намінацыі “Эўрыка”. Выданне прысвечана развіццю кніжнай і бібліятэчнай справы Беларусі ў кантэксце нацыянальнай і агульнаеўрапейскай гісторыі і з’яўляецца вынікам шырокамаштабнай працы вучонага, даследчыка па адраджэнні бібліятэчнай памяці нашай краіны. Спалучэнне глыбокага зместу, высокага паліграфічнага ўзроўню, арыгінальнага мастацкага афармлення і дызайну (мастак А. Сітайла) дазволіла кнізе стаць пераможцай сярод навуковых і навукова-папулярных выданняў.
Кніга “Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации: каталог изданий из фонда Центральной научной библиотеки имени Я. Коласа Национальной академии наук Беларуси, XV–XVI вв.” (выдавецкі дом “Беларуская навука”) ганаравана дыпломам першай ступені ў намінацыі “АРТ-кніга” (выданні літаратурна-мастацкага напрамку). Каталог ілюстраваны мноствам выяў тытульных лістоў, вокладак, выдавецкіх марак, экслібрысаў, пячатак, фрагментаў тэкстаў, гравюр і іншых элементаў.
Конкурс вызначыў лаўрэатаў у 13 тэматычных намінацыях, а таксама дыпламантаў першай і другой ступені.
Віншуем пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі – 2012” і жадаем далейшых творчых поспехаў!
Падрабязней пра ўсіх лаўрэатаў конкурсу чытайце тут.