ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Краіна любая мая
Прэзентацыя часопіса “Артэфакт”

Урачысты вечар у Маскве, прысвечаны М.К. Агінскаму

Урачысты вечар у Маскве, прысвечаны М.К. Агінскаму
Іншыя навіны

26 лістапада ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння М.К. Агінскага.


Юбілей кампазітара, дыпламата, мецэната, палітыка, аўтара сусветна вядомага паланэза "Развітанне з Радзімай" па ініцыятыве Беларусі, Літвы і Польшчы быў уключаны ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2015 год. На працягу года толькі ў Беларусі адбылося звыш ста рознага кшталту юбілейных мерапрыемстваў: канцэртаў, выставак, пленэраў, навуковых канферэнцый.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўнесла свой уклад у святкаванне юбілею, у папулярызацыю асобы Міхала Клеафаса Агінскага, яго творчай спадчыны і стварыла электронны рэсурс "Служыць Радзіме…".

Адкрываючы святочнае мерапрыемства ў Маскве, саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Юрый Ярашэвіч адзначыў, што творчая спадчына Агінскага стала агульнай для Беларусі і краін-суседзяў, яна сведчыць аб глыбокіх еўрапейскіх каранях беларускай культуры.

Загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Гарбачова расказала пра новы мультымедыйны праект "Служыць Радзіме…". Менавіта ў духу служэння Радзіме, Айчыне праходзіла станаўленне М.К. Агінскага як дзяржаўнага, грамадскага дзеяча і творчай асобы. Рэсурс уключае вялікі аб’ём бібліяграфічнай і фактаграфічнай інфармацыі, гуказапісы твораў кампазітара, алічбаваныя копіі прыжыццёвых нотных выданняў, парыжскага выдання яго мемуараў на французскай мове, а таксама ў перакладзе на польскую мову з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, некаторых архіўных дакументаў, прадстаўленых Дзяржаўным музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.

У Мармуровай зале комплексу госці з цікавасцю азнаёміліся з кніжнай выстаўкай "Калі гучалі паланэзы" з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У юбілейнай экспазіцыі былі прадстаўлены навуковыя, навукова-папулярныя і літаратурна-мастацкія выданні, якія раскрываюць асноўныя этапы жыцця і творчай дзейнасці М.К. Агінскага, мастацтвазнаўчыя і краязнаўчыя манаграфіі і артыкулы вядомых беларускіх, а таксама замежных даследчыкаў – Ігара Бэлзы, Іва і Анджэя Залускіх, Пятра Станяка, Віктара Скарабагатава, Святланы Немагай, Сяргея Верамейчыка, Адама Мальдзіса і інш.

Прыцягвалі ўвагу гасцей прыжыццёвае выданне мемуараў М.К. Агінскага (1827) і першы іх пераклад на рускую мову (2015), аўтабіяграфія, уключаная ў зборнік "Колькі ў небе зор..." (2009), эсэ Уладзіміра Караткевіча "Песня з Паўночных Афін" (1965), апублікаванае ў часопісе "Маладосць", і драматызаваная паэма Алега Лойкі "Развітанне з Радзімай" (зборнік паэзіі "Ушанаванне", 2001).

Шматпланавая і плённая палітычная, культурная і мецэнацкая дзейнасць Агінскага ў 20-гадовы перыяд яго жыцця ў сваім маёнтку ў Залессі на Смаргоншчыне пакінула значны след у айчыннай гісторыі і культуры, і частка экспазіцыі была прысвечаная мінуламу і сучаснаму сядзібы.

Вечар завяршыўся ўнікальнай тэатральнай пастаноўкай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, раней з поспехам прэзентаванай на сцэнічных пляцоўках Літвы, Польшчы і Францыі. Асноўнай ідэяй праекта стала ўзнаўленне ў розных музычных і сцэнічных жанрах атмасферы XIX стагоддзя. У якасці музычнага суправаджэння прагучалі творы вядомага кампазітара.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, найбуйнейшых расійскіх бібліятэк і музеяў, вядучых музычных тэатраў Масквы і культурных цэнтраў розных краін, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Навіны

Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту

30 Кра 2024

30 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Адзіны дзень інфармавання на тэму “Усебеларускі народны сход – гарант палітычнай стабільнасці і суверэнітэту”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Прымайце ўдзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ

30 Кра 2024

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне аддзел экскурсійна-метадычнай работы / @excursion_nlb з 9 мая па 3 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у фотаконкурсе #КВІТНЕЙРОДНАЯБЕЛАРУСЬ.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Разведвальная аперацыя “Бібліятэка”

23 Кра 2024

18 красавіка адбылося 10 бібліяграфічных урокаў па патрыятычным выхаванні для вучняў 7–11-х класаў сярэдніх школ №№ 24, 53, 62. 114. 153 і гімназіі № 11 г. Мінска з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

30 Кра 2024

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Праект "Імёны Герояў бессмяротныя"

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам