1 снежня ў галерэі "Ракурс" адбылося адкрыццё фотавыстаўкі Анатоля Дрыбаса "Краіна любая мая".
У экспазіцыі прадстаўлены панарамныя здымкі і пейзажы самых розных куткоў нашай радзімы. У сваіх творах аўтар падкрэслівае, што прырода роднай Беларусі адрозніваецца казачнай прыгажосцю і многія гараджане нават не падазраюць, якімі цудоўнымі могуць быць лясныя ўзлескі восеньскай парой або невялікая рэчка на світанні.
Анатоль Дрыбас прафесійна займаецца фатаграфіяй з 1981 года. Працуе ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі", выкладаў курс "Фотаграфіка" ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Член фотаклуба "Мінск" і аб’яднання "Фотамастацтва". Спецыфіка працы ў выдавецтве патрабуе ўмення фатаграфаваць самыя розныя аб’екты: фабрыкі, заводы, гарады, помнікі культуры, розныя інтэр’еры, творы мастацтва і многае іншае, але самай любімай тэмай фотамастака быў і застаецца беларускі пейзаж.
Анатоль Дрыбас – удзельнік шматлікіх выставак фотаклуба "Мінск", аб’яднання "Фотамастацтва", Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага і Літаратурнага музеяў і інш.
Выдадзена шмат фотаальбомаў, створаных з удзелам майстра, сярод іх – "Скарбы Нясвіжа" і "Замкавая Беларусь", якія былі прэзентаваны ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Падчас вернісажу наведвальнікі пазнаёміліся з кніжнай экспазіцыяй з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, на якой былі прадстаўлены кнігі з фотаздымкамі Анатоля Дрыбаса і мноства яго аўтарскіх фотаальбомаў.
У прэзентацыі прынялі ўдзел загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Зіменка, старшыня фотаклуба "Мінск" Уладзімір Паўлаў, дырэктар кампаніі "Бяловагруп" і выдавец Таццяна Бялова.
Музычным падарункам стала выступленне Кацярыны Самуцічавай.
Фотавыстаўка Анатоля Дрыбаса "Краіна любая мая", якая будзе доўжыцца да 15 студзеня 2016 г., зацікавіць аматараў фота і ўсіх, хто любіць беларускую прыроду.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 28 33, 293 28 23.
Е-mail: pr@nlb.by