ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Энцыклапедыі трагедый і змагання
Манюшка, Монюшко, Moniuszko… цяпер на трох мовах!

Раман Матульскі: “Літаратура заўсёды розная. Тут галоўны суддзя, фільтр і крытэрый – гэта час”

Раман Матульскі: “Літаратура заўсёды розная. Тут галоўны суддзя, фільтр і крытэрый – гэта час”
Іншыя навіны

Як бібліятэкі выбіраюць свой шлях развіцця і чаму літаратуры павінна быць многа, чытайце ў працягу гутаркі з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раманам Сцяпанавічам Матульскім.

– Раман Сцяпанавіч, як змагацца з тым, што чытачы актыўна карыстаюцца электроннымі рэсурсамі бібліятэкі – і перастаюць яе наведваць?

– З гэтым не трэба змагацца, як і не трэба быць у палоне тэхналогій і тэхналагічных паказчыкаў. Бо пытанні “А колькі ў вас кніг? А колькі ў вас чытачоў?” з мінулага часу. Таму што калі бібліятэка працуе на грамадства, то яму гэтыя лічбы і галачкі не патрэбныя – неабходны сацыяльны эфект. І ад таго, што чытач наведвае нас фізічна або застаецца дома на канапе, ён не перастае быць чытачом, гэта раз, а па-другое, трэба спытаць, як яму зручней. І калі вярнуцца да таго ж студэнта, з якога мы пачыналі нашу размову, то ў яго часавым дэфіцыце не трэба марнаваць час на дарогу і чаканне выканання заказу, бо можна атрымаць патрэбную інфармацыю імгненна на свой электронны гаджэт. Гэта што, шкода для грамадства? Таму пажадана не грамадства прыцягнуць к існуючым крытэрыям ацэнкі, а памяняць гэтыя крытэрыі пад сучасныя патрабаванні соцыуму – тады ўсё стане на свае месцы.

Але ці трэба імкнуцца, каб у бібліятэках былі людзі? Бясспрэчна, і для гэтага работа бібліятэкі павінна ладзіцца так, каб яны сюды хацелі ісці. Бібліятэка ў першую чаргу – цэнтр зносін. Дэфіцыт зносін у сучасным грамадстве ёсць, і ён велізарны. Пра тое, што бібліятэкі будуць жыць і іх будуць наведваць, сведчыць якраз досвед высокатэхналагічных краін: там з інтэрнэтам усё ў парадку, гаджэтаў шмат, інфармацыйны паток функцыянуе на нацыянальным узроўні, а людзі ў бібліятэкі ўсё роўна ходзяць. Таму што бібліятэка – гэта месца камунікацыі. Чым больш развіваецца тэхніка, тым больш адзінокім сябе адчувае чалавек (гэта пацвярджаюць многія даследаванні), бо са зносін чалавек – чалавек яны пераходзяць у чалавек – машына, а нам усім хочацца ўсё ж асабістых зносін.

– Ці толькі недахоп зносін прыводзіць чалавека ў бібліятэку?

– Не, натуральна. Тут ёсць яшчэ некалькі момантаў.

Не варта забываць, напрыклад, што інфармацыя – гэта тавар. Тут прыйдзецца закрануць пытанне аўтарскага права і інтэлектуальнай уласнасці. Бібліятэкі ў многіх краінах перапоўнены менавіта таму, што ў адкрытым доступе пэўнай інфармацыі няма. Гэта ў нас вольна гуляе меркаванне “ў інтэрнэце ўсё ёсць, там і скачаю”, а ў Еўропе гэта можа стаць злачынствам, таму бібліятэка становіцца пунктам доступу да ведаў, нацыянальных і сусветных. Гэты механізм працуе тысячагоддзямі, толькі ўжываецца ён цяпер у адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі. Трэба добра разумець: і 100, і 1000 гадоў таму ніхто не мог купіць сабе ўсе існуючыя кнігі. Бібліятэка стваралася для таго, каб любы чалавек мог прыйсці і прачытаць набытую за грамадскія сродкі кнігу. Так і цяпер. Толькі да гэтага дадаецца доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў.

Яшчэ адзін момант, які я хачу назваць, – гэта сацыяльная ахова і ўдзел у працы сацыяльных ліфтаў. Дзякуючы таму, што ўзровень сацыяльнай аховы ў нашай краіне вельмі высокі, гэтая функцыя ў нас слаба запатрабаваная, і мы да яе настолькі прывыклі, што не заўважаем. У краінах з нізкім узроўнем сацыяльнай аховы (а часта ён суправаджаецца і нізкім узроўнем развіцця эканомікі) публічная бібліятэка – адзіны спосаб вырвацца з галечы, той самы інструмент, які дазваляе самым розным слаям насельніцтва атрымаць доступ да ведаў. Нават у буйныя бібліятэкі часта прыходзяць проста для таго, каб папрацаваць у інтэрнэце, атрымаць доступ да прававых баз.

Але кожны жыве ў сваім сацыяльным асяроддзі – і бібліятэка выконвае сваю місію. Мы ў гэтым плане добра абаронены, але тым не менш дзейнасць наша скіравана на забеспячэнне легальнага і бясплатнага доступу да ведаў.

– Давайце вернемся да абмеркавання літаратуры. Ці часта атрымліваецца наведаць залу новых паступленняў і ці многія кнігі выклікаюць жаданне прачытаць іх неадкладна? Ці ёсць у вас электронная кніга?

– Я чытаю і з экрана (у мяне ёсць электронная кніга), і з паперы. Можна сказаць так: для душы ці перад сном – гэта заўсёды папяровая кніга. Калі ж я ў камандзіроўцы, то гэта электронная кніга, але толькі таму, што з-за малых аб'ёму і вагі яе зручна браць з сабой. Я лічу, што галоўнае ўсё-ткі змест. Галоўнае – чытаць добрыя кнігі. Форма ж кнігі заўсёды змянялася і будзе змяняцца.

Калі казаць пра залу новых паступленняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, то, вядома, тут і мае функцыянальныя абавязкі закрануты, таму на выстаўку, якая абнаўляецца кожныя тры тыдні, я хаджу рэгулярна: убачыць, што і як мы набываем, як фарміруецца фонд. Так, натуральна, адразу ўзнікае жаданне нешта ўзяць: тады рэзервую, каб прачытаць кнігу, калі выстаўка скончыцца. Праўда, гэта жаданне і фізічныя магчымасці ўваходзяць у вечную супярэчнасць: не ўсё, што я адбіраю, атрымліваецца прачытаць, але хаця б пагартаць можна.

Дарэчы, гэтая звычка ў мяне даўно. Адно з першых маіх працоўных месцаў – аддзел камплектавання, у якасці супрацоўніка я наведваў бібкалектар: усе кнігі, якія туды паступалі, пераходзілі з рук у рукі – іх можна было хаця б патрымаць, пакуль я сядзеў побач з калегамі. Чытаць, затрымліваць не было магчымасці: вакол цябе тут жа рос стос іншых выданняў ... Гэта яшчэ з тых часоў і прыемны ўспамін, і звычка: усе кнігі прачытаць немагчыма, але хоць бы ў руках патрымаць і пагартаць можна – і тады ўжо на чымсьці спыніцца, зыходзячы з рэсурсу часу.

– А чым адрозніваецца сучасная беларуская літаратура ад таго, што пісалі раней?

– Літаратура заўсёды розная. Тут галоўны суддзя, фільтр і крытэрый – гэта час. Час мяняецца – мяняецца літаратура: і аўтары, і жанры, і падыходы. Ёсць тое, што чытаеш з задавальненнем, ёсць тое, з чаго дзівішся. Часта тых, каго шанавалі і насілі на руках, выдавалі вялікімі накладамі на глянцавай паперы, праз некалькі стагоддзяў ніхто не можа ўспомніць, а вось тыя, хто, можа, не быў моцна аблашчаны сучаснікамі, праз нейкі час якраз становяцца самымі паважанымі. Таму тут час – галоўны суддзя. Але выбраць лепшае можна толькі тады, калі ёсць з чаго выбіраць. Таму літаратуры – мастацкіх твораў, навуковых – павінна быць многа.

– Сацыякультурная дзейнасць бібліятэкі ахоплівае розныя напрамкі: гэта і правядзенне прэзентацый, выставак, сустрэч на вышэйшым узроўні, і здача памяшканняў у арэнду, і нават рэклама на вонкавым электронным светлавым табло. Ці не лічыце вы, што занадта шмат функцый даводзіцца выконваць установе, прызванай збіраць і захоўваць друкаваную прадукцыю для грамадскага карыстання?

– Нацыянальная бібліятэка Беларусі першапачаткова задумвалася не проста як бібліятэка ў класічным разуменні: яна была рэвалюцыйнай, інавацыйнай, незвычайнай, многія не верылі, што гэта наогул можна зрабіць – пачынаючы ад архітэктуры і заканчваючы зместам.

Калі казаць пра бібліятэку як такой, то кожны павінен жыць на сваёй тэрыторыі, выконваць ўласную місію. У нашым выпадку галоўная місія бібліятэкі – забеспячэнне доступу да ведаў, інфармацыі. Калі казаць пра публічную бібліятэку, то гэта яшчэ, натуральна, і баўленне вольнага час, развіццё асобы і да т.п. І ўсе структуры, якія на гэта працуюць, дарэчныя. Кожная бібліятэка ў канкрэтны час у пэўным населеным пункце працуе ў канкрэтнай сітуацыі. Зразумела, што калі цераз дарогу альбо ў тым жа будынку знаходзіцца клуб, то цалкам бессэнсоўна бібліятэцы арганізоўваць гурток спеваў, напрыклад. Але калі нічога падобнага побач няма, то чаму б і не арганізаваць? Калі побач з бібліятэкай знаходзіцца галерэя, то канкурыраваць у арганізацыі мастацкіх выставак сапраўды няма сэнсу, тым больш у невялікім населеным пункце. Але калі галерэі няма, то чаму б не арганізаваць выстаўку ў бібліятэцы? Таму кожная бібліятэка шукае сваю нішу, сваю дарогу. І ў сусветнай сучаснай практыцы ёсць самыя, здавалася б, неверагодныя формы спалучэння ў бібліятэцы тых ці іншых сацыяльных функцый. Быў, напрыклад, перыяд, калі бібліятэкі станавіліся актыўнымі цэнтрамі відэапракату, але відэа на касетах сышло з нашага жыцця вельмі хутка ... Тыя ж бібліятэкі-кафэ цяпер. У любым культурным асяроддзі развіваецца ўсё, што не чужароднае, у свой час. Але як толькі навацыя прынесена з другога боку планеты (там добра працуе – давайце і ў нас зробім), а ў нас менталітэт, гістарычныя традыцыі, погляды, падыходы іншыя – не будзе працаваць гэтая форма. Але калі параўноўваць нашы бібліятэкі 80-х ці 90-х гадоў і сучасныя, то яны вельмі розныя, вельмі моцна змяніліся, а калі жывеш гэтым кожны дзень, то здаецца, што нічога не адбываецца.

– Важнай часткай працы нашага ўстановы з'яўляецца і міжбібліятэчны абанемент, і метадычная дапамога калегам, і сумесныя праекты па папулярызацыі кнігі. Што хацелася б пераняць з вопыту работы іншых, асабліва замежных, бібліятэк і якія перавагі мае перад імі Нацыянальная бібліятэка Беларусі?

– “Век жыві – век вучыся” – спрадвечная ісціна. Калі мы будавалі сваю бібліятэку, то па крупінках збіралі сусветны вопыт: і архітэктары, і праекціроўшчыкі, і будаўнікі, і тэхнолагі, і бібліятэкары. Вось гэта і было тое, што імкнуліся прыўнесці з усяго свету да нас. А цяпер ужо мы становімся прыкладам. Бачыце, колькі прафесіяналаў прыязджае да нас, каб паглядзець, як можна арганізаваць бібліятэку? Прыязджаюць на кангрэсы, каб паглядзець, павучыцца, нешта ўзяць для сябе. Для гэтага і арганізуюцца міжнародныя сустрэчы, стажыроўкі, абмен вопытам.

Хочацца ўбачыць велізарны публічны інтарэс да бібліятэк, калі пры наяўнасці гаджэтаў моладзь займаецца менавіта ў чытальнай зале. А яшчэ хочацца, каб наш электронны сегмент, электронны кантэнт стаў нашмат багацейшым. Гэта адзначана і ў канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі: неабходна насычаць электронныя сеткі нацыянальным беларускім кантэнтам – павінна быць больш адкрытай інфармацыі пра Беларусь не толькі для беларусаў, але і для ўсяго свету.

– Якой вы бачыце Нацыянальную бібліятэку Беларусі ў будучыні?

– Такой жа прыгожай, але з яшчэ больш багатымі фондамі, добрымі інфармацыйнымі рэсурсамі і ўдзячнымі чытачамі.

Гутарыла Бажэна Ганушкіна, аддзел сувязей з грамадскасцю НББ.

Чытайце таксама:

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам