ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Жыццё як імгненне
Раман Матульскі: “Літаратура заўсёды розная. Тут галоўны суддзя, фільтр і крытэрый – гэта час”

Энцыклапедыі трагедый і змагання

Энцыклапедыі трагедый і змагання
Іншыя навіны

У выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выйшлі кнігі “Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных” і “Беларусь партызанская”, прэзентацыя якіх адбылася ў сталічным Доме прэсы 1 ліпеня ў рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”.

“Беларусь партызанская” – унікальнае выданне, якое ўпершыню змяшчае комплексны агляд партызанскага руху ў Беларусі на дзвюх мовах – рускай і англійскай, што дазваляе вывесці яго на міжнародны ўзровень. Як адзначыў дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч, на жаль, ад беларускай мовы ў гэтым выданні давялося адмовіцца, каб захаваць прымальным аб’ём кнігі. А вось кніга “Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных”, прысвечаная гісторыі “Шталага 352”, змяшчае тэксты адразу на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай, як і ранейшыя выданні ў серыі “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці”. Гэта ўжо чацвёртае выданне серыі, у якой раней пабачылі свет кнігі, прысвечаныя трагедыі Хатыні, лагеру смерці ў Трасцянцы, а таксама Халакосту і супраціўленню ў Навагрудку. Выданням на ваенную тэматыку з версіямі тэксту на замежных мовах у выдавецтве надаецца вялікая ўвага, бо яны пакліканыя данесці за межы краіны беларускі погляд пра падзеі вайны і акупацыі.

Аўтар тэкстаў для кнігі “Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных” – загадчыца аддзела навукова-даследчай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Яцкевіч. Уладзімір Андрыевіч адзначыў, што для супрацоўнікаў выдавецтва гэтая праца была важнай у тым ліку таму, што будынак, дзе сёння знаходзіцца выдавецтва, размяшчаецца на месцы гарадскога аддзялення лагера “Шталаг 352” – у завулку Калініна ў Мінску. Агулам у лагеры ў Масюкоўшчыне было знішчана больш за 82 тысячы ваеннапалонных, гэта быў адзін з найвялікшых лагераў ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі.

Аўтары кніг серыі “Беларусь. Трагедыя і праўда памяці” заўжды імкнуцца паказаць гісторыю населеных пунктаў, што сталі ў час Вялікай Айчыннай вайны месцамі нацысцкага тэрору. Таму і кніга аб “Шталагу 352” пачынаецца з агляду гісторыі Масюкоўшчыны ад першых згадак аб гэтай вёсцы. Далей разгортваецца аповед аб стварэнні лагера, яго дзейнасці, структуры, лёсах яго вязняў і іх змаганні супраць ворага.

Навуковы рэдактар кнігі Міхаіл Нікіцін падкрэсліў, што забудова лагера часткова захавалася, як у Масюкоўшчыне, так і на месцы гарадскога аддзялення лагера на вуліцы Якуба Коласа – між іншага, ацалелі будынкі лазарэтаў, дзе памерлі дзясяткі тысяч ваеннапалонных. А ў ваенным гарадку ў Масюкоўшчыне захаваўся, між іншага, будынак клуба, непарыўна звязаны з гісторыяй супраціву ў лагеры. Нацысты размясцілі тут аўтамайстэрню, з якой у 1943 годзе група вязняў зладзіла ўцёкі на браневіках, якія яны там жа рамантавалі.

Выданне “Беларусь партызанская” нездарма мае падзагаловак “Ілюстраваная энцыклапедыя партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” – кніга змяшчае каля 600 ілюстрацый, сярод якіх раней неапублікаваныя здымкі і фотакопіі дакументаў, сабраных у Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, абласных і раённых гісторыка-краязнаўчых музеях. Тэксты для кнігі падрыхтавалі супрацоўнікі аддзела ваеннай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выданне ўсебакова асвятляе рэаліі партызанскага жыцця – не толькі баявую дзейнасць народных мсціўцаў, але і іх побыт, а таксама друк, творчасць і прапаганду, што ўздымалі народ на барацьбу.

Уладзімір Андрыевіч таксама распавёў, што неўзабаве пабачыць свет падрыхтаваная выдавецтвам ілюстраваная энцыклапедыя аб спаленых нацыстамі вёсках Беларусі. Аповед у ёй засяроджаны на 48 населеных пунктах, праз гісторыю якіх будзе паказаная трагедыя больш чым дзевяці тысяч спаленых вёсак па ўсёй краіне. Таксама рыхтуецца да друку кніга аб партызанскіх парадах і мітынгах, якія праходзілі ў 1944 годзе ў Мінску, Віцебску і іншых мясцінах Беларусі. Яшчэ адно выданне мае быць прысвечана гісторыі Азарыцкіх лагераў смерці, якія былі створаныя нацыстамі ў сакавіку 1944 года, каб затрымаць савецкі наступ з дапамогай штучна выкліканай эпідэміі тыфу.

Спадар Андрыевіч падкрэсліў, што ў сваіх выданнях “Беларуская энцыклапедыя” робіць стаўку на яскравасць і ўражальнасць вобразаў, арыентуючыся на маладую аўдыторыю, якую важна зацікавіць не толькі тэкставай інфармацыяй, але і візуальным складнікам. Прытым кнігі, якія налічваюць сотні фотаздымкаў, пазіцыянуюцца ўсё ж такі не як фотаальбомы, а менавіта як ілюстраваныя энцыклапедыі. Зарукай поспеху кніг выдавецтва бачыць таксама ўдалае спалучэнне дакладнасці фактаў і даступнасці ды яскравасці іх падачы.

Новыя выданні будуць добрым падарункам для шырокай чытацкай аўдыторыі да 75-й гадавіны вызвалення краіны. Як адзначаюць аўтары і выдаўцы, кнігі дапамогуць наноў асэнсаваць рэаліі ваенных дзён ды ўявіць сябе на месцы сучаснікаў тых падзей.

Аўтар публікацыі: Антон Рудак.

Крыніца: Культура

Навіны

Інфармацыю пра Герояў Савецкага Саюза вывучалі дзевяцікласнікі гімназіі № 6 г. Мінска

17 Кра 2024

13 красавіка для навучэнцаў 9-х класаў ДУА “Гімназія № 6 г. Мінска” адбыліся бібліяграфічны ўрок “Героі Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь: па старонках друкаваных дакументаў і электронных рэсурсаў” і інфармацыйная гадзіна “Біяграфічная і бібліяграфічная інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г.Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліяграфію паэзіі Брэсцкай крэпасці вывучалі сямікласнікі СШ № 24 г. Мінска

16 Кра 2024

12 красавіка для навучэнцаў 7 класа ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся бібліяграфічны ўрок “Брэсцкая крэпасць-герой” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам