25 жніўня ў галерэі “Лабірынт” адбылася прэзентацыя кнігі дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктара педагагічных навук, прафесара Р.С. Матульскага “Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси. Часть I”.
Арганізатары мерапрыемства – выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”, Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Выданне прысвечана ўзнікненню, станаўленню і развіццю бібліятэчнай справы Беларусі ў кантэксце нацыянальнай і агульнаеўрапейскай гісторыі (IX–XX стcт.).
У прэзентацыі ўзялі ўдзел першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч; намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Стружэцкі; галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі” Ларыса Языковіч; акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя; старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Счасны; дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі” Таццяна Бялова; галоўны рэдактар РИУ “Літаратура і Мастацтва”, пісьменнік, публіцыст Аляксандр Карлюкевіч; дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец; доктар культуралогіі, прафесар, загадчык кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКіМ) Аляксандр Смолік; доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі і тэорыі інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ Васіль Лявончыкаў і інш.
У рамках прэзентацыі кнігі была арганізаваная выстаўка-прагляд, на якой былі прадстаўлены шматгадовыя творчыя работы Р.С.Матульскага: навукова-метадычныя дапаможнікі, манаграфіі, даклады на міжнародных і навукова-практычных канферэнцыях, энцыклапедыі, кнігі, перыядычныя выданні, бібліятэчна-інфармацыйныя праекты, у выпуску якіх Раман Сцяпанавіч удзельнічаў як член рэдакцыйных калегій і рэдакцыйных саветаў.