24 лістапада ў музеі кнігі адбыліся ўнікальныя заняткі – сустрэча з мастаком-графікам Сяргеем Волкавым.
Сяргей Волкаў – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1989), лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі (2004), лаўрэат прэміі імя Кандрата Крапівы (2007), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2017). Для дзяцей мастак праілюстраваў больш за 300 выданняў, у тым ліку кнігі Янкі Маўра, Эдзі Агняцвет, Івана Муравейкі, Міколы Маляўкі, Міколы Чарняўскага, Паўла Місько, Сяргея Давідовіча, беларускія народныя казкі і байкі. Не адзін дзясятак гадоў яго творчасць была звязана з часопісамі “Вясёлка” і “Вожык”.
Дзеткі ўбачылі выданні, праілюстраваныя графікам, а таксама арыгінальныя акварэльныя малюнкі – ілюстрацыі да вядомых дзіцячых кніг.
Незабыўнай часткай заняткаў была магчымасць разам са знакамітым мастаком займацца творчасцю і маляваць!
Сяргей Волкаў перадаў у фонд бібліятэкі свае графічныя творы і кнігі з аўтографамі.
Сустрэча была арганізавана ў межах праграмы “Клуба кніжных прафесараў”.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.