20 сакавіка а 16-й гадзіне ў галерэі “Лабірынт” (3-ці паверх) адбудзецца прэзентацыя культурна-асветніцкага праекта “Драма Першай сусветнай”, прысвечанага 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны.
Першая сусветная вайна суправаджалася каласальнымі ахвярамі і засталася адной з самых драматычных падзей ХХ ст. Вялікая колькасць мемуараў, кніг і даследаванняў напісана пра гэтую катастрофу. Каля 500 навуковых і навукова-папулярных выданняў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, што прысвечаны тэме Першай сусветнай вайны, будзе прадстаўлена на выстаўцы “Драма Першай сусветнай”.
Акрамя кніг, экспазіцыя змяшчае арыгінальныя паштоўкі з калекцыі вядомага ў Беларусі філакартыста, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Пад час мерапрыемства аўтар раскажа не толькі пра сваю калекцыю, але і пра кнігу з серыі “У пошуках страчанага” – “Беларусь праз фотааб’ектыў нямецкага салдата. 1915–1918”.
У праграме культурна-асветніцкага праекта ёсць таксама і прэзентацыя дзвюх кніг выдавецтва “Беларусь”. Гэта выданне Валянціны Бялявінай “Беларусь в годы Первой мировой войны” і кніга Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь “Беларусь в годы Первой мировой войны. Документы”.
Уваход на мерапрыемства – цэнтральны.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 79 80.
Е-mail: pr@nlb.by