24 верасня дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прыняў удзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Бібліятэкі і музеі ў сучасным адукацыйным і сацыякультурным асяроддзі: захаванне традыцый і перспектывы развіцця”.
Мерапрыемства прысвечана 75-годдзю бібліятэчна-інфармацыйнай адукацыі Беларусі і юбілею факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ.
Канферэнцыя аб’ядноўвае больш за 100 спецыялістаў бібліятэчнай і музейнай справы з краін блізкага і далёкага замежжа (Беларусь, Польшча, Расія, Украіна, ЗША і інш.). На працягу трох дзён удзельнікі абмяркуюць спектр праблем у галіне сучаснай бібліятэчна-інфармацыйнай і музейнай адукацыі, практычнай дзейнасці бібліятэк і музеяў.
На пленарным пасяджэнні Раман Матульскі выступіў з дакладам “Сучасныя патрабаванні да бібліятэкараў, або Ванэса Мэй і бібліятэчная справа”. Як брытанская скрыпачка “асвяжыла” ў вачах гледачоў вобраз класічнага музыканта, так і сучасны бібліятэкар павінен мадэрнізаваць сваё аблічча і змяняць фармат зносін з чытачамі.
У завяршэнне свайго выступлення дырэктар бібліятэкі падзякаваў супрацоўнікам БДУКіМ за асабісты ўклад у падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных кадраў Беларусі і ўручыў выкладчыкам універсітэта ад імя Нацыянальнай бібліятэкі заслужаныя ганаровыя граматы.
Матэрыял прадастаўлены аддзелам сувязей з грамадскасцю.