10 кастрычніка для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А. Кедышкі была праведзена экскурсія “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, прысвечаная жыццю і творчасці вядомага мастака Марка Шагала.
Падчас экскурсіі наведвальнікі даведаліся пра магчымасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі як буйнога сацыякультурнага цэнтра, пазнаёміліся на выстаўцы з кнігамі і альбомамі па творчасці мастака, акунуліся ў створаны Маркам Шагалам яркі, дзіўны і чароўны свет падчас дэманстрацыі мультымедыйнай прэзентацыі. Навучэнцы таксама змаглі адчуць сябе мастакамі – стварылі карціну, выкарыстоўваючы вобразы з твораў майстра.
У зале дакументаў па мастацтве будучыя мастакі-афарміцелі і дызайнеры пазнаёміліся з фондамі Нацыянальнай бібліятэкі – кнігамі, часопісамі, альбомамі на тэму архітэктуры, дызайну, жывапісу, моды, а таксама паглядзелі экспанаты выстаўкі, прымеркаванай да 80-годдзя Беларускага саюза мастакоў.
Запрашаем наведаць экскурсіі з цыкла “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” па творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Янкі Маўра і даведацца больш аб знакамітых земляках.