19 жніўня ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё кніжнай выстаўкі “25 лепшых эстонскіх кніг – 2009”.
Мерапрыемства арганізавана ў адпаведнасці з дзеючым пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі бібліятэкамі Беларусі і Эстоніі, падпісаным у лютым 2007 года ў Таліне.
Выданні, прадстаўленыя на выстаўцы, – прызёры конкурсу дызайну кнігі, які праводзіўся ў Эстоніі на працягу 2009 года. На суд кампетэнтнага журы былі прадстаўлены 174 арыгінальна аформленыя кнігі з 73 выдавецтваў. Па выніках конкурсу ўзнагароды былі прысуджаны па-мастацку стыльным, яркім кнігам, форма якіх дастаткова дакладна адлюстроўвае іх змест.
У конкурсе ўдзельнічалі і дзіцячыя кнігі, пры выбары якіх асноўны акцэнт рабіўся на ілюстрацыі і графічнае рашэнне. 5 лепшых дзіцячых выданняў Эстоніі таксама ўвайшлі ў экспазіцыю “25+5 лепшых эстонскіх кніг – 2009”.
Адкрылі выстаўку дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі і Часовы павераны ў справах Эстоніі ў Рэспубліцы Беларусь Хары Лахтэйн. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дызайнер Аляксандр Кулажэнка і загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Фёдар Ястраб.
Выстаўка будзе доўжыцца да 19 верасня ў зале выяўленчых і відэадакументаў.