ГалоўнаяНавіныМастацкія выстаўкі
Лета з добрай кнігай
Дар бібліятэцы

Грані творчасці

Грані творчасці
Іншыя навіны

31 мая ў галерэі “Ракурс” бібліятэкі адбылося ўрачыстае адкрыццё I Рэспубліканскай выстаўкі студэнцкай творчасці “Грані творчасці”.


У 2016 годзе выстаўка праходзіць пад дэвізам “Багдановіч. Маладыя жаданні” і прымеркавана да 125-годдзя з дня нараджэння самага рамантычнага паэта беларускай літаратуры. Нягледзячы на тое што Максім Багдановіч пражыў усяго 25 гадоў, ён пакінуў багатую спадчыну свайму народу. Вобраз паэта, героі яго твораў натхняюць ужо не адно пакаленне майстроў на стварэнне выдатных работ. Прадстаўленыя на экспазіцыі працы студэнцкай моладзі з’яўляюцца гэтаму лепшым пацвярджэннем. Тут і чароўная “Вераніка”, “Зорка Венера”, міфічныя лясун, вадзянік, русалка і, канечне, знакамітыя “Слуцкія ткачыхі”.

“Маладыя гады, маладыя жаданні…” − з гэтых слоў пачалася ўрачыстая цырымонія адкрыцця экспазіцыі. З вітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства выступіў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык. Ён адзначыў, што арганізаваная выстаўка з’яўляецца першай у сваім родзе. “Грані творчасці” − гэта прынцыпова новы рэспубліканскі праект, запланаваны мінімум на дзесяць гадоў. Віктар Віктаравіч падзякаваў таленавітай моладзі за выдатныя работы і пажадаў юнакам і дзяўчатам далейшых творчых поспехаў.

Дзякуючы праекту студэнты ўсёй краіны звярнуліся да твораў Максіма Багдановіча і адлюстравалі ў сваіх работах лірычны настрой і перажыванні маладога паэта. Словы ўдзячнасці ініцыятарам, ідэйным натхняльнікам і ўдзельнікам выказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Васільеўна Васільчанка. “Дыялог праз стагоддзі” – так яна вызначыла галоўную мэту праекта, пажадаўшы яму даўгалецця, новых аўтараў і новых ідэй.

У адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел загадчык сектара мастацкіх выставак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Сяргееўна Давідовіч і начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная.

Нестандартнай і новай з’яўляецца не толькі сама выстаўка, але і актуальныя ў маладзёжным асяроддзі кірункі сучаснай творчасці. “Летарынг «Вянок вянкоў»”, “Фота-альтернат «Я хацеў бы спаткацца з вамі…»”, "Канцэптуальны візуальны сэт «Спасціжэнне красы»” – так гучаць намінацыі, у якіх экспертная група будзе вызначаць лепшыя работы.

У складзе экспертнай групы – намеснік дырэктара па творчай рабоце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Дзяніс Валер’евіч Барсукоў, дырэктар выдавецкага дома “Мэджык” Юрый Іосіфавіч Будзько, галоўны спецыяліст інфармацыйнай палітыкі “Белгазпрамбанка”, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Аляксандравіч Зіменка, намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” Наталля Аляксандраўна Барсукова, дырэктар фотастудыі “Marxstudio”, фотамастак Міхаіл Міхайлавіч Маруга і шэф-рэдактар часопіса “Taxi”, мастак Сяргей Уладзіміравіч Стальмашонак.

Наперадзе экспертную групу чакае вялікая і вельмі цікавая праца па вызначэнні лепшых з лепшых, а на адкрыцці экспазіцыі члены камісіі натхнёна прачыталі вершы Максіма Багдановіча і падзяліліся сваімі ўражаннямі аб прадстаўленых работах.

Лірычную атмасферу мерапрыемству надалі музычныя кампазіцыі на вершы паэта ў выкананні студэнтаў Аліны Аўчыннікавай (“Па-над белым пухам вішняў”), Піліпа Смялова (“Алеся”), Дзмітрыя Нікіціна (“Ой, княжна”), Вадзіма Авіжыча (“За паўгадзіны…”). Асабліва парадавалі гледачоў студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі з Кітая Мэн Сян Чэнь, Ван Болунь і Сун Юй, якія прачыталі з душой і натхненнем “Слуцкіх ткачых” на беларускай мове.

“Песня рвецца i лiецца на раздольны, вольны свет. Але хто яе пачуе? Можа толькi сам паэт…” – разважаў Максім Багдановіч. Адкрыццё выстаўкі “Грані творчасці” развеяла ўсе сумненні: вершы беларускага паэта чутныя праз стагоддзі. Важна, што іх успрымае моладзь, перажываючы сугучча пачуццяў і адзінства маладых жаданняў далёкіх пакаленняў.

Экспазіцыя размешчана ў галерэі "Ракурс" (2-гі паверх) і будзе дэманстравацца да 5 ліпеня 2016 года.

Тэлефоны для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 28 33.
Е-mail: pr@nlb.by

 

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам