28 ліпеня Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з ДУ “Псіханеўралагічны інтэрнат № 2” адкрыла арт-праект “Мастацтва аўтсайдараў” – мастацкую выстаўку твораў людзей з асаблівасцямі псіхічнага развіцця.
Гэты праект дазволіў прыадчыніць заслону невядомасці, па-новаму зірнуць на людзей з асаблівасцямі псіхікі, даведацца пра тое, што іх непакоіць, што радуе, убачыць у іх творах асобу, якая заслугоўвае разумення і спачування, паказаць, што цяжкі дыягназ не пазбаўляе магчымасці самарэалізацыі.
У выстаўцы прынялі ўдзел 12 чалавек, домам якіх з’яўляецца ДУ “Псіханеўралагічны інтэрнат № 2”. Сярод іх былыя мастакі, архітэктары, ваеннаслужачыя, а таксама інваліды з дзяцінства. Гэтыя людзі не з’яўляюцца прафесійнымі мастакамі, але яны творцы ад душы. І для іх жывапіс – гэта магчымасць рэалізаваць сябе, адчуць уласную значнасць. У экспазіцыі прадстаўлена 70 жывапісных і дэкаратыўна-прыкладных работ. Падчас мерапрыемства людзі, якія жывуць у інтэрнаце, выступілі з музычным і тэатральным нумарамі.
Праект “Мастацтва аўтсайдараў” быў здзейснены дзякуючы спонсарскай падтрымцы Беларуска-ірландскага праекта дапамогі інвалідам, Міжнароднага жаночага клуба, Пасольства Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь.
Прэзентацыя выстаўкі прайшла пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь Данг Хыу Чана, а таксама першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Акіндзінаўны Шчоткінай.
Выстаўка – маштабны праект, цалкам прысвечаны такой з’яве ў сучасным выяўленчым мастацтве, як мастацтва аўтсайдараў. Ён праводзіўся ў Беларусі ўпершыню. Гэты праект будзе мець працяг: творы мастакоў-аўтсайдэраў будуць выстаўлены на галерэйных і музейных плошчах Беларусі і Расіі.