З 1 па 15 кастрычніка 2008 года ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка "Талент вучонага і даследчыка", прысвечаная 60-годдзю Таццяны Іванаўны Шамякінай, беларускага літаратуразнаўцы, крытыка, перакладчыка.
На выстаўцы экспануецца больш за 70 дакументаў: навуковыя працы, даклады, артыкулы. Гэта як асобныя выданні, так і публікацыі аўтара ў калектыўных зборніках і часопісах.
Літаратурная спадчына Т. Шамякінай прадстаўлена ў раздзеле “Літаратура. Міфалогія. Культура”. Сфера навуковых інтарэсаў даследчыцы шматпланавая і шматгранная. Яна вывучае праблемы сучаснай беларускай прозы, асаблівасці стылю беларускіх пісьменнікаў, іх творчую манеру. У цэнтры ўвагі даследчыцы – творы Я. Коласа, А. Васілевіч, А. Карпюка, І. Пташнікава, М. Стральцова, І. Чыгрынава і інш. Сярод шматлікіх публікацый аўтара – манаграфіі «На лініі перасячэння» (1981), "Беларуская класічная літаратура і міфалогія"(2001).
Т. Шамякіна даследуе беларускую міфалогію ў кантэксце сусветнай, у сувязі з літаратурай і фальклорам. Асноўныя кірункі яе навуковых даследаванняў – міф у шырокім культурным кантэксце, праяўленне міфалагічнай свядомасці, міфалагемы і фальклорныя сімвалы ў беларускай класічнай літаратуры («Міфалогія Беларусі» (2000), "Славянская міфалогія"(2005)). Таццяна Іванаўна плённа працуе над засваеннем міфалагічнай спадчыны еўрапейскіх і азіяцкіх народаў. Вынікам гэтай творчай дзейнасці стала кніга «Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум. Паралелі» (2007).
Т. І. Шамякіна з’яўляецца аўтарам і суаўтарам шэрага падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для школ з паглыбленым і профільным вывучэннем беларускай літаратуры, ліцэяў, каледжаў, гімназій і ВНУ. Ёю распрацаваны праграмы і дапаможнікі па славянскай міфалогіі для універсітэтаў.
Асобным раздзелам на выстаўцы прадстаўлены пераклады, зробленыя Т. Шамякінай. На рускую мову яна пераклала творы І. Шамякіна «Гандлярка і паэт» (1978), «Вазьму твой боль» (1981), «Залаты медаль» (1982), «Петраград – Брэст» (1985), «Драма» (1989), «Злая зорка» (1997) і іншыя.
Кантактны тэлефон: 293-27-16.