З 17 лістапада па 10 снежня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць выстаўка “Шляхам пошукаў і адкрыццяў”, прысвечаная 60-годдзю Анатоля Фёдаравіча Літвіновіча, беларускага філолага і фалькларыста.
Анатоль Літвіновіч – дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. Кола навуковых інтарэсаў вучонага – даследаванне рэгіянальных асаблівасцей беларускай традыцыйнай культуры, у тым ліку фальклору Чарнобыльскага рэгіёна, гісторыі беларускай фалькларыстыкі, беларуска-польскіх, беларуска-літоўскіх, беларуска-рускіх узаемасувязей у галіне традыцыйнай культуры.
На кніжнай выстаўцы, якая ўключае навуковыя працы аўтара, а таксама публікацыі пра жыццё і творчасць вучонага, прадстаўлена каля 70 дакументаў. Першы раздзел “Даследчык-фалькларыст” знаёміць наведвальнікаў з працамі А. Літвіновіча, якія грунтуюцца на багатым фактычным матэрыяле. Сярод іх – кніга "Традыцыйная культура беларусаў у польскай перыёдыцы другой паловы ХIХ – пачатку ХХ ст." (2005). Значнае месца ў экспазіцыі займаюць зборнікі матэрыялаў навуковых канферэнцый, а таксама перыядычныя выданні, у якіх надрукаваны артыкулы аўтара.
А. Літвіновіч напісаў шмат артыкулаў для энцыклапедычных выданняў “Этнаграфія Беларусі”(1987), “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” (1984–1987), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (1994–2002) і інш.
Вучоны з’яўляецца адным з аўтараў кнігі “Музей старажытнабеларускай культуры: каталог экспазіцыі” (1983), зборніка “Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць” (1985), вучэбных дапаможнікаў “Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1-га курса філалагічнага факультэта” (вып. 3 “Беларуская вясельная абраднасць” і вып. 4 “Валачобныя песні”, абодва –1998), “Масленічныя песні” (2008) і інш.
Пра жыццё і творчы шлях юбіляра раскажуць матэрыялы, змешчаныя ў другім раздзеле выстаўкі “Жыццё ў творчай працы”.
Экспазіцыя ілюстравана фотаздымкамі.
Кантактны тэлефон: 293-27-16.