З 8 кастрычніка па 10 лістапада ў зале нотных і аўдыядакументаў (пам. 305) праходзіць выстаўка “Музыка на ўсе часы”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння вялікага італьянскага кампазітара Джузэпэ Вердзі (1813–1901).
Яго імя ўвайшло ў гісторыю культуры як імя аднаго з найбольш вялікіх геніяў музычнага мастацтва. Ніхто з оперных кампазітараў Заходняй Еўропы не дасягаў такога хуткага і паўсюднага прызнання.
Творчая дзейнасць Джузэпэ Вердзі непарыўна звязана з грамадска-палітычным і культурным жыццём Італіі XIX ст. Палымяны патрыёт, ён апяваў у сваіх творах волю і незалежнасць нацыі, услаўляў адважны гераізм барацьбітоў супраць тыраніі, бязлітасна выкрываў насілле. Яго музыка, якая ўвасабляла высокія, высакародныя рысы чалавечага характару, адпавядала задачам вызваленчага руху італьянскага народа.
Аўтар 26 опер і шэрагу іншых твораў, Джузэпэ Вердзі прайшоў выключна доўгі творчы шлях. Больш за паўстагоддзя аддзяляюць яго першую оперу “Аберта, граф Сан-Баніфача” (1833–1837) ад апошняй – “Фальстаф” (1892), і амаль 70 гадоў пралеглі паміж яго самымі раннімі (1828) і самымі познімі (1897) сачыненнямі, якія адносяцца па сутнасці да розных гістарычных эпох.
Шматлікія оперы, якія склалі аснову музычнай спадчыны кампазітара, увайшлі ў сусветную музычную скарбніцу: “Навухаданасор” (“Набука”) (1841), "Травіята" (1853), "Аіда" (1870), “Атэла” (1886), “Фальстаф” (1892) і інш.
Кампазітар таксама звяртаўся да жанраў духоўнай музыкі – “Рэквіем” для 4 салістаў, хору і аркестра (1874), інструментальнай – струнны квартэт (1873) і камерна-вакальнай – звыш 10 рамансаў.
Асноўную частку дакументаў, прадстаўленых на выстаўцы, складаюць нотныя выданні, грампласцінкі, кампакт-дыскі, аўдыякасеты з запісамі твораў аўтара: “Эрнані” (1844), “Атыла” (1846), "Рыгалета" (1851), "Трубадур" (1853), “Баль-маскарад” (1859), «Дон Карлас» (1867) і інш.
Сярод экспануемых дакументаў – нотныя сачыненні XIX ст., выдадзеныя пры жыцці кампазітара. Наведвальнікі выстаўкі маюць магчымасць праслухаць сачыненні Джузэпэ Вердзі ў інтэрпрэтацыі такіх дырыжораў, як Артура Тасканіні, Герберт фон Караян, Карла Цэкі, Клаўдзія Абада, Аляксандр Мелік-Пашаеў. Творы выконваюць Марыя Калас, Энрыка Каруза, Мансерат Кабалье, Пласіда Дамінга, Ціта Гобі, Беньяміна Джыльі, Дзмітрый Хварастоўскі, Ірына Архіпава, Леанід Смятаннікаў і інш.
Дапаўняюць экспазіцыю кнігі і публікацыі з перыядычных выданняў, якія расказваюць пра жыццё і творчасць Джузэпэ Вердзі.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 52.