З 5 снежня па 4 студзеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта выстаўка “Карупцыя: барацьба без кампрамісаў”, прысвечаная Міжнароднаму дню барацьбы супраць карупцыі.
Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у лістападзе 2003 г. (рэзалюцыя № A/RES/58/4) і штогод адзначаецца 9 снежня. Дата была абрана не выпадкова. У гэты дзень у 2003 г. у мексіканскім горадзе Мерыда на Палітычнай канферэнцыі была адкрыта для падпісання Канвенцыя ААН супраць карупцыі, прынятая Генеральнай Асамблеяй 1 лістапада 2003 г. На працягу трох дзён подпіс пад гэтым новым міжнародным дакументам паставілі прадстаўнікі 100 дзяржаў.
Карупцыя стала маштабнай праблемай сучаснасці. Ніводная дзяржава, незалежна ад яе сацыяльна-эканамічнага і палітычнага ладу, не мае абсалютнага імунітэту да карупцыі. Падпісанне канвенцыі – гэта вынік глыбокага ўсведамлення сусветнай супольнасцю сур’ёзнай небяспекі, якую ўтойвае ў сабе гэтая з’ява.
14 снежня 2005 г. канвенцыя ўступіла ў сілу. Яе мэта – папярэджанне і выкараненне ва ўсім свеце карупцыі, якая, па меркаванні ААН, падрывае эканамічнае развіццё, аслабляе дэмакратычныя інстытуты і прынцып вяршэнства закона, парушае грамадскі парадак і руйнуе давер грамадства, тым самым даючы магчымасць квітнець арганізаванай злачыннасці, тэрарызму і іншым пагрозам бяспецы чалавека.
У канвенцыі адзначалася, што негатыўныя наступствы карупцыі закранаюць усе пласты грамадства і процістаяць гэтай ганебнай з’яве неабходна ўсім разам, пачынаючы з банкаў, парламентарыяў, няўрадавых арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі да ўрачоў, юрыстаў і простых грамадзян.
Дакумент абавязвае дзяржавы, якія падпісалі яго, абвясціць крымінальным злачынствам хабар, крадзеж бюджэтных сродкаў і адмыванне карупцыйных прыбыткаў. У ім прадугледжваюцца меры па папярэджанні карупцыі, пакаранні вінаватых, а таксама механізмы міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з гэтым злом. Канвенцыя абавязвае дзяржавы-члены праводзіць палітыку процідзеяння карупцыі, адобрыць адпаведныя законы і заснаваць спецыяльныя органы для барацьбы супраць гэтай з’явы. У адпаведнасці з канвенцыяй дзяржавы павінны дабівацца таго, каб іх службовыя асобы былі непадкупнымі, сумленнымі і адказнымі.
На сённяшні дзень канвенцыю падпісалі 140 дзяржаў і ратыфікавалі 80.
Падтрымліваючы і развіваючы ініцыятывы па барацьбе супраць карупцыі на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях, Беларусь адной з першых дзяржаў-удзельніц ратыфікавала Канвенцыю ААН супраць карупцыі. Акрамя гэтай канвенцыі, Рэспублікай Беларусь ратыфікаваны і няўхільна выконваюцца такія асноўныя міжнародныя акты, як Канвенцыя Савета Еўропы аб крымінальнай адказнасці за карупцыю, Канвенцыя ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, Канвенцыя аб грамадзянска-прававой адказнасці за карупцыю.
Бескампрамісная і рашучая барацьба супраць карупцыі з’яўляецца цэнтральным звяном унутранай палітыкі нашай дзяржавы. Базавым дакументам, на аснове якога арганізоўваецца антыкарупцыйная дзейнасць у нашай краіне, з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе супраць карупцыі”, прыняты 20 ліпеня 2006 г.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 60 дакументаў міжнародных арганізацый (ААН, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы і інш.) на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, брашуры, буклеты.
Экспазіцыя складаецца з наступных раздзелаў:
- Паняцце, формы і віды карупцыі. Уплыў карупцыі на развіццё грамадства.
- Міжнародныя прававыя дакументы, накіраваныя на барацьбу супраць карупцыі.
- Асноўныя метады і напрамкі барацьбы супраць карупцыі і яе асобных праяў.
- Барацьба супраць карупцыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Выстаўка будзе цікавая работнікам органаў дзяржаўнай улады і кіравання, супрацоўнікам праваахоўных органаў, пракурорам, суддзям, а таксама выкладчыкам, аспірантам і студэнтам юрыдычных ВНУ.
Карысныя спасылкі
Сістэма ААН
Праграма развіцця ААН
Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗААН)
- Праграма ААН па міжнародным кантролі над наркотыкамі і папярэджанні злачыннасці (ЮНДКП)
- Судовая група па пытанні аб умацаванні сумленнасці і непадкупнасці судовых органаў
- Цэнтр па міжнародным папярэджанні злачыннасці (ЦМПЗ)
Кампанія ЮНОДК па барацьбе супраць карупцыі: "Скажы сваё НЕ карупцыі!"
Даведнік матэрыялаў па барацьбе супраць карупцыі
Дакументы
Генеральная Асамблея
Эканамічны і сацыяльны савет
Камісія па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі
Канферэнцыя дзяржаў – удзельніц Канвенцыі ААН супраць карупцыі
- Першая сесія (Аман, 10–14 снежня 2006 г.) [дакументы | рэзалюцыі]
- Другая сесія (Нуса Дуа, Інданезія, 28 студзеня – 1 лютага 2008 г.)
- Трэцяя сесія (Доха, 9–13 лістапада 2009 г.)
Праект правіл працэдуры Канферэнцыі (CAC/COSP/2006/3)
Стварэнне механізму агляду ажыццяўлення Канвенцыі ААН супраць карупцыі (CAC/COSP/WG.1/2007/2)