З 6 кастрычніка па 2 лістапада ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) працуе тэматычная выстава “Гарады свету: мінулае, сучаснае, будучае”, прысвечаная Сусветнаму дню гарадоў.
Гэты Дзень штогод адзначаецца 31 кастрычніка з 2014 года. Ён быў устаноўлены рашэннем Генеральнай асамблеі ААН (рэзалюцыя A/RES/68/239) у снежні 2013 года, каб звярнуць увагу шырокай міжнароднай грамадскасці да праблем гарадоў свету і сусветнай урбанізацыі.
Сёння больш за палову насельніцтва свету жыве ў гарадах. Улічваючы, што да 2050 года гэтая лічба, па прагнозах, вырасце да 68 %, урбанізацыя стала адной з самых уплывовых і прыкметных з’яў у жыцці грамадства. На пачатак 1800-х гадоў у гарадах пражывала 2 % насельніцтва, а к 1950-му – 30 %. Штодня гарады свету папаўняюцца амаль на 180 тыс. чалавек.
Такая імклівая ўрбанізацыя ставіць перад чалавецтвам шэраг сур’ёзных праблем у такіх сферах, як забеспячэнне жыллём, ахова навакольнага асяроддзя, змена клімату, стварэнне інфраструктуры, забяспечанасць базавымі паслугамі, харчовая бяспека, ахова здароўя, адукацыя, дастойныя працоўныя месцы, асабістая бяспека і прыродныя рэсурсы. Але пры правільным падыходзе ўрбанізацыя таксама можа стаць важным інструментам забеспячэння ўстойлівага развіцця. Сёння адчуваецца вострая неабходнасць зрабіць урбанізацыю рухавіком пераўтварэнняў, каб у поўнай меры скарыстаць перавагі канцэнтрацыі вялікай колькасці людзей у адным месцы, што дазволіць забяспечыць устойлівы эканамічны рост для ўсіх без выключэння людзей, сацыяльна-культурнае развіццё і ахову навакольнага асяроддзя.
Для распрацоўкі эфектыўнага плана дзеянняў па забеспячэнні камфортных умоў жыцця ў гарадах і кантролю за яго выкананнем ААН ужо правяла тры канферэнцыі па населеных пунктах. Першая была праведзена ў Ванкуверы ў 1976 годзе (Хабітат I), другая – у Стамбуле ў 1996 годзе (Хабітат II), а ў кастрычніку 2016 года ў Кіта, Эквадор, прайшла трэцяя канферэнцыя (Хабітат III), удзельнікі якой прынялі Новую праграму развіцця гарадоў, якая ўтрымлівае глабальныя стандарты ў галіне планавання, кіравання і жыцця ў гарадах. Гэты дакумент з’яўляецца прамым працягам прынятага ў верасні 2015 года Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, які ўключае Мэту 11 – “Зрабіць гарады і населеныя пункты адкрытымі, бяспечнымі, жыццеўстойлівымі”.
Прыняцце Новай праграмы развіцця гарадоў надало магутны імпульс у вырашэнні праблем, звязаных з урбанізацыяй, на наступныя два дзесяцігоддзі. Пастаўлена задача шляхам перагляду метадаў планавання, праектавання, фінансавання, кіравання стратэгіяй і тактыкай развіцця гарадоў пакласці канец беднасці і голаду, паменшыць няроўнасць, павысіць узровень здароўя і дабрабыту людзей, абараніць навакольнае асяроддзе і дасягнуць высокага ўзроўню ўстойлівага развіцця.
На выставе прадстаўлена больш за 90 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфічныя матэрыялы ААН, брашуры, буклеты.
Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Працэс урбанізацыі і ўстойлівае развіццё гарадоў
- Планаванне і кіраванне развіццём гарадоў. Дзейнасць ААН-Хабітат
- Сацыяльна-эканамічныя праблемы развіцця гарадоў
- Гарадское асяроддзе і экалогія горада
- Сацыяльна-культурнае развіццё гарадоў
- Найбуйнейшыя мегаполісы свету: на шляху ў будучыню
Выстава зацікавіць выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў гуманітарнага і эканамічнага профіляў, навуковых работнікаў, спецыялістаў у галіне геаграфіі, дэмаграфіі, сацыёлагаў, архітэктараў, работнікаў органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама ўсіх, хто цікавіцца працэсам урбанізацыі і сацыяльна-эканамічным развіццём гарадоў і населеных пунктаў.
Карысныя спасылкі
- Сусветны дзень гарадоў
- Сусветны дзень Хабітат (першы панядзелак кастрычніка)
- Праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па населеных пунктах (ААН-Хабітат)
- Мэта 11: Забеспячэнне адкрытасці, бяспекі, жыццеўстойлівасці і экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў
- Спецыяльная сесія Генеральнай асамблеі “Стамбул + 5” (Нью-Ёрк, 6–8 чэрвеня 2001 года)
- Рэзалюцыя аб зацверджанні Дня (A/RES/68/239)
- Даклад Канферэнцыі ААН па населеных пунктах Хабітат ІІ (Стамбул, Турцыя, 3–14 чэрвеня 1996 года)
- Новая праграма развіцця гарадоў (Хабітат III)
- Дэкларацыі па населеных пунктах
Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.
Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.