ГалоўнаяМерапрыемствыПершы рамантык
Пясняр Вечнага горада
Выстаўка “Каўчэг Чынгіза Айтматава” да 90-гадовага юбілею пісьменніка

Першы рамантык

Першы рамантык
Іншыя мерапрыемствы
7 снежня – 10 студзеня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
галерэя “Атрыум” (3-ці паверх)
Месца правядзення

З 7 снежня па 10 студзеня ў галерэі “Атрыум” (3-ці паверх) праходзіць юбілейная выстаўка “Першы рамантык”, прысвечаная 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

Адам Бернард Міцкевіч – беларускі польскамоўны паэт, грамадскі дзеяч, асветнік, публіцыст. Яго лёс склаўся так, што жыццё нашага знакамітага ўраджэнца можна з упэўненасцю назваць сімвалам лёсу цэлага пакалення.

Нарадзіўся будучы паэт у 1798 г. у Завоссі на Наваградчыне ў шляхецкай сям’і. Дзяцінства правёў у Навагрудку. Падчас вучобы на гісторыка-філалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта разам з сябрамі заснаваў тайнае студэнцкае таварыства, за што быў арыштаваны ў 1824 г. і высланы за межы Беларусі, куды ўжо ніколі не вярнуўся. У 1829 г. атрымаў дазвол выехаць у Заходнюю Еўропу, жыў у Італіі, Швейцырыі, Францыі. З 1839 г. выкладаў славянскую літаратуру ў Парыжы. У канцы напоўненага грамадскай актыўнасцю жыцця Адам Міцкевіч аказаўся ў Турцыі, дзе памер 26 лістапада 1855 г.

Станаўленне паэта прыйшлося на час зараджэння рамантызму ў сусветнай літаратуры Яго “Песня філарэтаў” (“Спявайма толькі тое, што родны склаў народ”, 1820 г.) заклала пачатак рамантычнай плыні ў беларускай літаратуры. Адам Міцкевіч надзвычай высока ўзняў перад светам веліч і прыгажосць творчасці беларускага краю, раскрыў багацце нашых традыцый і абрадаў, сюжэтаў балад і паданняў, вобразаў і матываў.

Творчасць Адама Міцкевіча стала праявай нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Усё сваё жыццё паэт даводзіў, што не можа быць шчасця для чалавека ў зняволенай, нешчаслівай краіне, а сваёй паэзіяй дарыў патрыётам-паплечнікам надзею ў самых безнадзейных момантах, калі ўжо не маглі дапамагчы ніякія рацыянальныя довады.

Прадстаўленая чытачу выстаўка дазваляе азнаёміцца з самымі значнымі выданнямі па даследаванні жыцця і творчасці паэта, зборнікамі выбраных твораў. Асобнае месца на выстаўцы займаюць выданні розных гадоў яго бессмяротных паэм “Пан Тадэвуш”, “Гражына”, “Конрад Валенрод”, “Дзяды”. Некаторыя кнігі распавядаюць пра сучаснікаў і сяброў паэта.

На выстаўцы прадстаўлены каля 100 дакументаў, сярод якіх – выданні ХІХ–ХХ стст., партрэты Адама Міцкевіча і ілюстрацыі да яго твораў.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.

Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі кнігі можна заказаць праз электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Тэлефон для даведак: (8017) 293 29 80.

Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Мерапрыемствы

Пра сучасную Беларусь распавядае новая выстава бібліятэкі

05.08.2020

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, найбуйнейшым інфармацыйным цэнтры рэспублікі, сабрана максімальная колькасць аб’ектыўнай інфармацыі пра нашу краіну. Новая тэматычная выстава “Беларусь сёння” адкрылася ў зале перыядычных выданняў (пам. 106, 1-ы паверх).

Многа-многа зрабіць

04.08.2020

У зале беларускай літаратуры (пам. 205) з 4 жніўня па 1 кастрычніка праходзіць выстаўка “Многа-многа зрабіць”, прымеркаваная да 70-годдзя Анатоля Леанідавіча Вераб'я – беларускага крытыка і літаратуразнаўца, кандыдата філалагічных навук, педагога, рэдактара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка.

Брытанская канстытуцыя як прававы феномен

03.08.2020

З 3 жніўня па 11 кастрычніка ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстаўка “Брытанская канстытуцыя як прававы феномен”, прысвечаная 805-годдзю падпісання Вялікай хартыі вольнасцей.

Наперадзе часу

24.07.2020

100-годдзю з дня нараджэння пісьменнікаў-фантастаў Айзека Азімава і Рэя Брэдберы прысвечана выстаўка “Наперадзе часу”, якая размешчана ў кальцавым калідоры 3-га паверха бібліятэкі.



111