ГалоўнаяМерапрыемствыСімфонія колеру
Часоў былых і новых сувязь
Акенца ў свет дзяцінства: запрашаем на прэзентацыю зборніка

Сімфонія колеру

Сімфонія колеру
Іншыя мерапрыемствы
З 28 чэрвеня па 12 верасня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
Зала дакументаў па мастацтве (пам. 306)
Месца правядзення

З 28 чэрвеня па 12 верасня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка "Сімфонія колеру", прысвечаная нацюрморту ў сусветным жывапісе.

Пахучая свежасць букета, на якім яшчэ не паспелі абсохнуць кропелькі ранішняй расы, сакавітая мякаць лімона, аксамітны бок персіка, звонкая празрыстасць тонкіх фужэраў і матавае мігаценне срэбра – гэтыя і многія іншыя якасці матэрыяльнага свету ўвасабляе ў жывапісе жанр нацюрморта. Пераўтвораныя пэндзлем мастака прадметы нібы ажываюць на палатне, знаходзячы глыбокі сэнс і гутарачы з гледачом таемнай мовай алегорый. Нацюрморт валодае ўнікальнай здольнасцю ўрывацца ў чалавечыя пачуцці, уздзейнічаючы не толькі на зрок, але і нюх, дотык і нават слых. Нездарма многія мастацтвазнаўцы называюць гэты жанр жывапісу не “мёртвай натурай” (фр. nature morte), а тэрмінам галандскага паходжання “stilleven”, які ў літаральным перакладзе азначае “ціхае жыццё”.

Кожнае стагоддзе вылучала сваіх майстроў нацюрморта, а сам жанр перажываў як росквіт так і заняпад. Раздзелы выстаўкі раскрываюць гістарычную разнастайнасць нацюрмортаў, адлюстроўваючы розныя мастацкія стылі, нацыянальныя школы жывапісу, а таксама творчасць асобных мастакоў.

Першая частка экспазіцыі прысвечана галандскаму нацюрморту ХVII стагоддзя. Менавіта ў гэты перыяд і менавіта ў Галандыі нацюрморт сфармаваўся як самастойны жанр. Ні ў адной іншай краіне жывапісцы не надавалі такой увагі адлюстраванню неадушаўлёнага свету. У поўнай меры адчуць атмасферу ціхага жыцця рэчаў, кветак, саспелых пладоў дазваляюць рэпрадукцыі работ Яна ван Хёйсума, Пітэра Класа, Яна Давідса дэ Хема, Абрахама Міньёна, Бальтазара ван дэр Аста, Вільяма Класа Хеды, прадстаўленых у гэтым раздзеле.

Цэнтральная частка экспазіцыі апавядае пра тое, як развіваўся жанр нацюрморта ў ХIХ стагоддзі ў заходнееўрапейскіх краінах. Альбомы і рэпрадукцыі работ П’ера Агюста Рэнуара, Поля Сезана, Ван Гога, Анры Маціса і іншых жывапісцаў дэманструюць, наколькі разнастайныя былі нацюрморты ў гэтую эпоху.

Адзін з раздзелаў прысвечаны рускаму нацюрморту канца ХIХ– пачатку ХХ стагоддзя, які дасягнуў свайго росквіту менавіта ў гэты перыяд. Тут прадстаўлены рэпрадукцыі работ Ігара Грабара, Канстанціна Каровіна, Аляксандра Купрына, Аляксандра Галавіна, Пятра Канчалоўскага, Ільі Машкова, Кузьмы Пятрова-Водкіна і іншых.

Асаблівае месца на выстаўцы адведзена творчасці выдатнага мастака нацюрморта І. Хруцкага, беларуса па паходжанні. Іван Хруцкі з сапраўдным бляскам перадаваў ілюзорнасць матэрыяльных фактур і ўнёс значны ўклад у развіццё нацюрморта ХIХ стагоддзя.

У заключнай частцы экспазіцыі прадстаўлены такія майстры беларускага нацюрморта, як Іван Ахрэмчык, Барыс Аракчэеў, Валерыяна Жолтак, Натан Воранаў, Таццяна Разіна і іншыя. На аснове нацыянальных традыцый, чэрпаючы вопыт іншых народаў, беларускія мастакі стварылі найкаштоўнейшыя творы, якія трывала ўвайшлі ў скарбніцу духоўных здабыткаў краіны.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра бібліятэкі.

Спіс літаратуры па тэме

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.


Мерапрыемствы

Спявак бясконцай любві

25.04.2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Пранікаючы ў тайны творчасці

25.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Пранікаючы ў тайны творчасці”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, акадэміка НАН Беларусі Васіля Васільевіча Барысенкі (1904–1984), праходзіць з 25 красавіка па 23 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).

Знаўца беларускіх старажытнасцей

17.04.2024

18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.

Погляд у вечнасць

23.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Погляд у вечнасць”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага вучонага, літаратурнага крытыка Уладзіміра Міхайлавіча Конана (1934–2011), праходзіць з 23 красавіка па 20 мая ў зале беларускай літаратуры (пам.205).



Бібліятэкарам